Развагі з нагоды: чыю мару ажыццяўляюць дзеці, выбіраючы ўніверсітэт?
Але сёння я хачу пагаварыць не столькі пра новаспечаных першакурснікаў, колькі пра іх бацькоў. Якія марылі, выбіралі факультэты і спецыяльнасці, маніторылі сайты, вылічвалі магчымасці і рызыкі і хваляваліся больш за дзяцей. Свядома апусціла слова «мусіць», бо ўступныя кампаніі мінулых гадоў, міжвольным сведкам якіх мне даводзілася быць, пераконваюць: дзеці перажываюць і хвалююцца менш.
Ім, учарашнім выпускнікам, часам увогуле «фіялетава», куды паступаць: выбіраюць і вырашаюць бацькі, з вышыні свайго жыццёвага вопыту ацэньваючы, дзе потым дзіця будзе працаваць, якія грошы атрымліваць, на якія іншыя «плюшкі» можна разлічваць… Пры гэтым схільнасці і жаданні амаль дарослых чадаў прымаюцца да ўвагі ў апошнюю чаргу.
– Ды што ён разумее ў 17 гадоў? – абурыўся брат знаёмай, калі сястра асцярожна пацікавілася, якую прафесію хоча атрымаць пляменнік. – Тое ж, што і я ў яго ўзросце… Куды бацькі сказалі, туды і паступіў. Сама ж ведаеш – ні дня па «дыпломнай» спецыяльнасці не працаваў. Але займаюся тым, што падабаецца і забяспечвае дабрабыт сям’і. Але ж я, каб стаць спецыялістам у гэтай справе, колькі самастойна вучыўся, горы літаратуры пералапаціў. Сам, сваім розумам да ўсяго даходзіў! Не так і проста было. Колькі памылак нарабіў, колькі начэй не спаў… А яму ўсё гэта – на сподачку з блакітным беражком, толькі вучыся, не лянуйся! Чаму яму гэтага не хацець?
– Таму, што ён – не ты, – спрабавала пераканаць брата сястра-настаўніца. – Не горшы і не лепшы – іншы. У яго сваё жыццё і свае інтарэсы. Ты ж ведаеш, Сяргею падабаюцца машыны.
– Машыны можна рамантаваць і ў вольны ад работы час, – катэгарычна спыніў спрэчку мужчына. – А прафесія павінна быць саліднай, надзейнай!
…Колькім людзям паламаў жыццё гэты аргумент: любімай справай можна займацца ў вольны час, а працаваць трэба там, дзе больш плацяць.
Зрэшты, чаму паламала? Многія з іх прынеслі бацькам дыплом, пасля адпрацоўкі належнага тэрміну ці яшчэ раней пакінулі прэстыжную, але пастылую работу і займаюцца любімай справай – гэтак жа, дарэчы, як і брат маёй знаёмай, які цяпер прымушае палюбіць яе і свайго сына. Ведаю дыпламаванага бухгалтара – настаўніка танцаў; музыканта, што артыстычна робіць манікюр; крыміналіста – таленавітага фотамастака; таваразнаўцу – візажыста. Ніхто на жыццё не скардзіцца, хіба што шкадуюць беззваротна страчаныя маладыя, самыя плённыя і прадуктыўныя, гады.
Як сцвярджаў адзін з герояў майго інтэрв’ю, вядомы спецыяліст у сваёй галіне, якая, дарэчы, таксама не адпавядае яго ўніверсітэцкаму дыплому, за 2-3 гады інтэнсіўных заняткаў чалавек пры жаданні можа стаць прызнаным экспертам у любой галіне. Яго ўласны вопыт, дапоўнены шматлікімі гісторыямі людзей, якія знайшлі сябе не там, дзе вучыліся, лішняе таму пацвярджэнне.
А калі б паступалі ва ўніверсітэты не таты-мамы, а яны самі, можа, і не трацілі б каштоўны час, сілы і нервы на вывучэнне дысцыплін, назву якіх, не кажучы ўжо пра змест канспекта, забыліся адразу, як атрымалі дыплом, а выбралі тыя, якія ім насамрэч былі б карысныя.
…Знаёмая дзяўчынка з першага класа марыла стаць настаўніцай пачатковых класаў. Калі дзіцячая мара – хто ў свой час не «вучыў» лялек і сябровак па пясочніцы – «вырасла» разам з яе ўладальніцай, з яе сталі пасмейвацца, маўляў, у педагагічны сёння ідуць толькі няўдачнікі. На шчасце, бацькі яе зразумелі і падтрымалі, сказалі: «Калі адчуваеш, што гэта тваё, – паступай, мы дапаможам».
Нядаўна дзяўчына стала студэнткай педуніверсітэта – ажыццявіла сваю, а не маміну ці татаву мару.
…Мне хочацца, каб мае ўнукі вучыліся ў гэтай настаўніцы!
