Разумныя людзі павінны нараджаць дзяцей – так лічыць не толькі Ілан Маск
У калег дачушкі-равесніцы падрастаюць, разумніцы і прыгажуні: выдатніцы, алімпіядніцы, актывісткі…
У суседкі ўнук – студэнт прэстыжнага ўніверсітэта, яго спецыяльнасць я нават выгаварыць не бяруся, не кажучы ўжо пра тое, каб зразумець, чым ён будзе займацца…
…Радуюся. Ганаруся, нібы маю асабістае дачыненне да поспехаў гэтых, па сутнасці, чужых мне маладых людзей.
І пры тым крыху засмучаюся…
Ёсць у гэтых разумных і прыгожых дзяцей адзін істотны недахоп. Дакладней, не ў іх саміх, а ў іх бацькоў: усе яны – адзіныя дзеці ў сям’і. Ні ў якім разе не збіраюся лезці ў чужое жыццё і рабіць высновы, на якія не маю права. Не ведаю, чаму так сталася: нежаданне, немагчымасць ці пэўныя абставіны непераадольнай сілы таму прычына.
Але час ад часу, калі з захапленнем назіраю за прыгожымі ва ўсіх адносінах юнакамі і дзяўчатамі, узгадваю словы Ілана Маска: «Разумныя людзі павінны нараджаць дзяцей!» Адзін з самых багатых, таленавітых і працавітых людзей планеты перакананы, што абавязак «галавастых» людзей перад будучыняй – не марнаваць свой генафонд, а даць яму дастойны працяг.
Словы сусветнага мільярдэра не разыходзяцца са справай: у Ілана Маска дзевяцёра дзяцей. Так, ад розных жонак, ёсць нават пазашлюбныя, але пры сваёй неверагоднай занятасці ён знаходзіць час, каб прымаць удзел у іх выхаванні. І яно не зводзіцца толькі да грашовых уліванняў. «Я раблю ўсё магчымае, каб дапамагчы ў барацьбе з дэпапуляцыяй чалавецтва. Рэзкае зніжэнне нараджальнасці – больш сур’ёзная пагроза для чалавецтва за любую іншую», – сказаў Маск у адным з інтэрв’ю.
Зрэшты, размова не пра змяншэнне нараджальнасці як такой. Дзяцей нараджаюць, і нямала. Я ўжо маўчу пра Азію і Афрыку. Але, думаю, многія з чытачоў могуць, што называецца, «на ўскідку» назваць два-тры прозвішчы знаёмых матуль-зязюль, чыіх дзяцей выхоўвае дзяржава ці прыёмныя сем’і, а яны тым часам штогод ходзяць цяжарныя. Дай Бог, каб у іх дзетак усё было добра і яны выраслі дастойнымі людзьмі. Але жыццё паказвае, што, як правіла, «ад асінкі не нараджаюцца апельсінкі». Часцей за ўсё гэтыя дзеці ідуць шляхам бацькоў – і побач з працавітымі, таленавітымі, але не вельмі шматлікімі дынастыямі ўрачоў, настаўнікаў, інжынераў буйным цветам квітнеюць дынастыі алкаголікаў, лайдакоў, бамжоў. Не пазбаўленыя прыродных інстынктаў і карыстаючыся тым, што дзяржава ў нас сацыяльна арыентаваная і нікога не пакіне без кавалка хлеба, а тым больш дзяцей, яны імкліва прымнажаюць гэтыя «дынастыі».
На шчасце, ёсць выключэнні. Знаёмая дзяўчынка, сяброўка маіх дзяцей, закончыўшы ўніверсітэт, магістратуру і аспірантуру, цяпер працуе… мамай. І ў тым бачыць сваё прызванне! Яны з мужам выхоўваюць пяцёра цудоўных дзетак. Аляксандра – студэнтка, будучы педагог, Сафійка з дзіцячага садка марыць стаць доктарам – няма сумненняў, што стане. Упэўнена, што падрастаюць у той сям’і будучыя інжынеры, праграмісты, мастакі. А самае галоўнае – выхаваныя, прыгожыя, інтэлігентныя, ды проста добрыя людзі, гэта відаць ужо сёння.
І гэты прыклад далёка не адзінкавы. Сярод маіх знаёмых і герояў журналісцкіх публікацый нямала сем’яў, дзе ўнікальны генафонд не разбазарылі, а далі яму дастойны працяг.
То, мусіць, не ўсё так змрочна з папуляцый разумных людзей? Ва ўсякім выпадку, хочацца на гэта спадзявацца.
