Раённая пракуратура пераехала ў новы сучасны будынак

Адкрыццё новага будынка раённай пракуратуры адбылося ў мінулы чацвер. Сімвалічную чырвоную стужку перарэзалі Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Аляксандр Мікалаевіч Канюк, пракурор Гродзенскай вобласці Віктар Мікалаевіч Марозаў і старшыня Астравецкага раённага выканаўчага камітэта Адам Дзмітрыевіч Кавалька.


Офіс раённай пракуратуры да нядаўняга часу быў “притчей во языцех”: прыстасаваны драўляны будынак з пячным ацяпленнем – гэта было нават не мінулае, а хутчэй пазамінулае стагоддзе. Не да твару ахоўнікам закона… Усё ж сустракаюць па адзежцы.
І таму рашэнне аб будаўніцтве ў Астраўцы новай пракуратуры ўсімі зацікаўленымі было сустрэта словам: “Нарэшце!”.
Будаўніцтва было даручана ААТ “Будаўнік” з горада Ашмяны, які ўжо неаднойчы зарэкамендаваў сябе як добрасумленны падрадчык, які выконвае свае абавязацельствы ў тэрмін і на высокім якасным узроўні.
Будаўніцтва новай пракуратуры вялося па прынцыпе доўга запрагалі, ды хутка паехалі. Узвялі будынак на цэнтральнай вуліцы Астраўца Ленінскай усяго за паўгода. Тут створаны ўсе неабходныя ўмовы для работы супрацоўнікаў пракуратуры і людзей, якія з тым ці іншым пытаннем вымушаны сюды звяртацца.



Так што цяпер астравецкая феміда знаходзіцца пад новым сучасным камфартабельным дахам. І як сказаў, віншуючы работнікаў пракуратуры з наваселлем, А.М. Канюк, няхай тут заўсёды пануе Яго Вялікасць Закон!