Работнікі аўтапарка прымалі віншаванні з прафесійным святам
Напярэдадні прафесійнага свята аўтамабілістаў і дарожнікаў работнікі аўтапарка №4 Астраўца прымалі віншаванні.
З цёплымі словамі і пажаданнямі ў адрас прадстаўнікоў прадпрыемства звярнуліся намеснік старшыні райвыканкама Мікіта Алянцэвіч і старшыня райсавета дэпутатаў Генадзь Бычко. Яны адзначылі, што нягледзячы на рост колькасці асабістага аўтатранспарту паслугі аўтапарка па-ранейшаму застаюцца запатрабаванымі сярод насельніцтва. І гэта не толькі пасажырскія перавозкі, але і грузавыя, рамонт і тэхнічнае абслугоўванне транспарту.
– Таксама мы дапамагаем сельгаспрадпрыемствам на ўборцы ўраджаю, супрацоўнічаем з мясцовым ДРБУ – і сёння, напрыклад, два чалавекі, якія прадстаўлены да ўзнагароды, адсутнічаюць у зале, таму што дастаўляюць камунальнай службе тэхнічную соль для апрацоўкі дарог. Зараз нашы вадзіцелі працуюць на будоўлі дарог у Магілёўскай і Віцебскай абласцях, – расказаў дырэктар аўтапарка Сяргей Сідарук. – Наша праца цяжкая, але мы – прадпрыемства ў цэлым і кожны супрацоўнік у прыватнасці – выконваем значную ролю ў грамадскім і эканамічным жыцці раёна і краіны.
Віноўнікаў урачыстасці павіншавалі таксама старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Ірына Раткевіч і прафсаюзны лідар аўтапарка Алена Вараб’ёва.
Госці дзякавалі работнікам за прафесіяналізм і працоўныя дасягненні, жадалі здароўя, шчасця і мірнага неба. А падарункам для душы і добрага настрою сталі нумары ад артыстаў культуры.
Узнагароджаны:
Ганаровай граматай старшыні райвыканкама – вадзіцель Альфрэд Марцулевіч;
Падзячным лістом старшыні райсавета дэпутатаў – слесар па рамонце аўтамабіляў Іван Часнойць;
Ганаровай граматай АТ «Гроднааблаўтатранс» – вадзіцель Віктар Лукша;
Падзякай дырэктара аўтапарка – слесар па рамонце аўтамабіляў Дзмітрый Міхневіч, вадзіцелі Генадзь Алёкса, Франц Раткевіч, Аляксандр Пячкоўскі, Андрэй Бернюкевіч, Сяргей Сікорскі;
Падзячным лістом раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» – бухгалтар Анжаліка Пятрова;
Падзякай прафсаюзнай «пярвічкі» – начальнік майстэрні Артур Бражыцкі, электразваршчыкі Алег Гілевіч і Уладзіслаў Юрго, вадзіцель Арцём Юхневіч, інжынер па арганізацыі перавозак Вікторыя Праўлуцкая.
