Работники Островецкого лесхоза боролись за звание лучших на республиканских, областных и районных соревнованиях

“Бронза” ў скарбонку абласной каманды


Ізноў паклікала “лясных” спартсменаў з усёй Беларусі Рэспубліканская летняя спартакіяда работнікаў лясной гаспадаркі. Гонар вобласці на спаборніцтвах прадстаўлялі і шэсць супрацоўнікаў нашага лясгаса.
У гульні па футболе Павел Вітальевіч Афонін разам з сябрамі па бутсах стаў першым, а на пару з Дзмітрыем Віктаравічам Урбановічам заняў 3 месца ў перацягванні каната. Аляксандра Мікалаеўна Цэйка ўмее весці не толькі бухгалтэрыю Падольскага лясніцтва, але і гуляць у шашкі: яна паднялася на трэцюю прыступку ў гэтым відзе спаборніцтваў.
Гродзенскае вытворчае лесагаспадарчае аб’яднанне заняло трэцяе агульнакаманднае месца на рэспубліканскіх спаборніцтвах дзякуючы намаганням і нашых лясгасаўцаў.



Два дыпломы – у Катлоўку, адзін – у Спонды


Каманда Астравецкага лясгаса прыняла ўдзел у абласных спаборніцтвах “Лесаруб-2013” сярод вальшчыкаў лесу, аператараў фарвардараў і МПТ-461.1, якія адбыліся на Слонімшчыне напрыканцы жніўня бягучага года.
Агульнымі намаганнямі нашы землякі занялі 8 месца. Некаторыя з супрацоўнікаў Астравецкай лясной гаспадаркі цудоўна выступілі ў індывідуальным заліку.
Трактарыст лесанарыхтоўчай брыгады лясгаса Сяргей Аляксандравіч Бахаеў стаў першым сярод аператараў фарвардараў.
Сярод аператараў МПТ-461.1 “засерабрыўся” машыніст трылёвачнай (лесанарыхтоўчай) машыны Віталій Яраслававіч Бумбуль, якія працуе ў Катлоўцы.
Дыплом другой ступені прывёз на Астравеччыну вальшчык лесу Спондаўскага лясніцтва Сяргей Віктаравіч Кавалеўскі, які змагаўся з іншымі юніёрамі вобласці (узрост да 24 гадоў).



Варнянцы – самыя спрытныя!


У сярэдзіне жніўня 2013 года на Астравеччыне прайшлі раённыя спаборніцтвы па валцы лесу. Вынікі падводзіліся па суме балаў у пяці відах.
Першае месца заняў ляснік Варнянскага лясніцтва Алег Францавіч Байкоўскі. Крыху не дацягнуў да найвышэйшай прыступкі п’едэсталу – і, адпаведна, стаў другім – вальшчык лесу Спондаўскага лясніцтва Міхаіл Казіміравіч Масевіч. Трэцім у валцы лесу “фінішаваў” ляснік Варнянскага лясніцтва Андрэй Леанардавіч Мазура.
Такім чынам, два леснікі з Варнян прынеслі сваёй камандзе першае месца. Другое агульнакаманднае – у Спондаўскага лясніцтва. На трэцяй пазіцыі “размясціліся” падольскія вальшчыкі лесу.


--------------------------------------------
Падрыхтавала Алена ГАНУЛІЧ.