Работники автомобильного парка №4 г.Островца стараются сделать передвижение жителей района быстрым и удобным
Кожны з нас хоць раз у жыцці карыстаўся грамадскім транспартам. Многія астраўчане і жыхары нашага раёна аддаюць перавагу гарадскім і прыгарадным аўтобусам: хуткасці дастаўкі, камфартабельнасці салона і дастаткова невялікаму кошту білета.Напярэдадні прафесійнага свята – Дня аўтамабіліста і дарожніка – мы завіталі ў транспартны “эпіцэнтр” раёна – аўтамабільны парк №4, каб пагутарыць з яго дырэктарам Аляксандрам Васільевічам Жуком пра дзейнасць і перспектывы развіцця арганізацыі.
– Аляксандр Васільевіч, скажыце, ці можна ўжо сёння падвесці вынікі дзейнасці аўтапарка за 2013 год?
– У гэтым годзе наша прадпрыемства атрымае даходаў на суму 25 мільярдаў рублёў. Яны зароблены раўназначнымі далямі ад грузавых і пасажырскіх перавозак. З-за павелічэння рухомага саставу ў гэтым годзе таксама значна пашырыўся штат: зараз у аўтапарку працуюць 115 чалавек.
– Ці можа малады спецыяліст уладкавацца на работу ў аўтапарк?
– Кожны год мы прымаем 5-7 чалавек, якія закончылі прафесійна-тэхнічныя навучальныя ўстановы. Маладыя людзі працуюць у нас і вадзіцелямі, і слесарамі. Варта адзначыць, што да працаўладкавання яны звычайна праходзяць вытворчую практыку на нашым прадпрыемстве.
– А колькі адзінак тэхнікі зараз налічвае аўтапарк?
– У аўтамабільным парку “на ўзбраенні” 20 грузавых машын і 40 аўтобусаў, і ён пастаянна абнаўляецца. У гэтым годзе мы набылі 8 адзінак пасажырскага транспарту і 1 самазвальны аўтапоезд для грузавой калоны.
– Як чалавека, не звязанага з транспартнай сферай, мяне цікавіць, якім чынам адбываецца фарміраванне аўтобусных маршрутаў?
– Існуе гадамі выпрацаваная маршрутная сетка, у якую часам уносяцца карэктывы. Зараз аўтапарк ажыццяўляе 4 міжгародніх і 17 прыгарадных рэйсаў. Напрыклад, прыгарадны аўтобус “Астравец-Вялікае Сяло” давялося відазмяніць у “Астравец-Масцяны”, каб вадзіцелі не начавалі ў аддаленай вёсцы. Давялося таксама адмяніць аўтобус на Маладзечна. У астатнім пасажырскія перавозкі адбываюцца ў ранейшым рэжыме. Акрамя таго, мы арыентуемся на хуткасны рэжым і рух па новых аўтадарогах. Сучасныя аўтобусы ўражваюць большай умяшчальнасцю і камфартабельнасцю. Мне здаецца, што дзякуючы гэтаму ўдалося дасягнуць станоўчага выніку і знайсці “залатую” сярэдзіну, якая задавальняе і людзей, і нас.
– Скажыце, ці вывучаецца грамадскае меркаванне наконт паслуг, якія аказвае аўтамабільны парк?
– На лініі пастаянна дзяжураць кантралёры, якія, акрамя службовых абавязкаў, адказваюць на тэлефанаванні. Можна сказаць, што мы пастаянна “на сувязі” з народам. Усе звароты грамадзян непасрэдна да нас або на “Прамую лінію” разглядаюцца, і людзі атрымліваць абгрунтаваныя адказы на свае пытанні. Вядома, што жыхары самых аддаленых вёсак нашага раёна хочуць, каб аўтобусы часцей курсіравалі, каб заходзілі ў кожную вёску. Аднак мы не можам выконваць большую колькасць рэйсаў, чым зараз. Надыдзе той час, калі магчымасці будуць большымі, – тады аўтобусы будуць курсіраваць часцей.
– Ці апраўдаў сябе гарадскі транспарт? Магчыма, плануецца адкрываць новыя гарадскія аўтобусныя маршруты?
– З практыкі іншых аўтапаркаў вядома, што пра наладку маршрута можна гаварыць дзесьці праз год яго дзейнасці. Пройдзе вызначаны час – тады і будзем падводзіць вынікі. У бліжэйшы час аўтапарк не плануе адкрываць новыя аўтобусныя рэйсы па Астраўцу. Аднак у сувязі з развіццём і ростам горада мы абавязкова прыйдзем да гэтага.
– Аляксандр Васільевіч, што пажадаеце людзям, якія ў нядзелю будуць сустракаць сваё прафесійнае свята?
– Калегам, ветэранам працы і маладым спецыялістам, якія робяць першыя крокі ў прафесіі аўтамабіліста, хочацца пажадаць роўных дарог, спраўных матораў і здароўя!
– Дзякуй за гутарку – і з надыходзячым святам!
Алена ГАНУЛІЧ
