Работа па фарміраванні спісаў выбаршчыкаў павінна быць праведзена максімальна якасна
Работа па фарміраванні спісаў выбаршчыкаў павінна быць праведзена максімальна якасна. Аб гэтым заявіла старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына, перадае БелТА.«Часта асноўная прэтэнзія выбаршчыкаў датычыцца таго, што яны не знаходзяць сябе ў спісах, або запрашэнні для ўдзелу ў выбарах накіроўваюцца сваякам, якіх ужо няма ў жывых. Таму мы разлічваем, што работа па фарміраванні спісаў будзе праведзена максімальна якасна», – выказала патрабаванне кіраўнік ЦВК.
Яна нагадала, што фарміраваннем спісаў выбаршчыкаў займаюцца мясцовыя выканаўчыя органы ўлады, выкарыстоўваючы пры гэтым спісы, якія прымяняліся ў ходзе ранейшай выбарчай кампаніі, звяртаючыся папярэдне з ваенкаматамі, загсамі, абыходзячы пакватэрна дамы і гэтак далей. Іх карэкціроўкай займаюцца выбарчыя камісіі, утвораныя на тэрыторыі кожнага ўчастка для галасавання. «Спісы выбаршчыкаў вывешваюцца за 15 дзён да даты выбараў, у бягучым годзе гэта будзе 26 верасня. Да гэтай даты яны павінны быць поўнасцю сфарміраваны», – дадала Лідзія Ярмошына.
Цяпер у Беларусі працягваецца збор подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты. Як паведаміла Лідзія Ярмошына, у ЦВК Беларусі не паступала ні адной скаргі наконт работы ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі.
«Выбарчая кампанія праходзіць спакойна. У Цэнтральную камісію не паступіла ні адной скаргі наконт работы ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты. Такія скаргі таксама не паступалі і ў праваахоўныя органы», – заявіла Лідзія Ярмошына.
Паводле яе слоў, гэта сведчыць аб тым, што мясцовымі ўладамі прыняты ўсе неабходныя меры для таго, каб работа па зборы подпісаў праходзіла ў максімальна ліберальных умовах, а ініцыятыўныя групы выконваюць закон і таксама дзейнічаюць карэктна, улічваючы інтарэсы грамадзян і іншых ініцыятыўных груп.
