Рабоце Астравецкага камітэта прафсаюзаў была дадзена высокая адзнака
Выязное пасяджэнне прэзідыума Гродзенскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў адбылося нядаўна ў Астраўцы.
Пачалося пасяджэнне з прывітальнага слова старшыні раённага Савета дэпутатаў В.В. Барташэвіча, які коратка пазнаёміў гасцей з прамысловасцю і інфраструктурай раёна, а яго расказ наглядна дапоўніў відэафільм пра Астравеччыну.
Пра работу райкама прафсаюза і яе вынікі расказаў у сваім выступленні яго старшыня С.В. Шэін. Пра дзейнасць сваіх пярвічак паведамілі Ф.М. Блашкевіч – з пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі райвыканкама, С.У. Родзь – з упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, В.А. Лебядзевіч – з фізкультурна-спартыўнага клуба.
Пасля пасяджэнне набыло выязны характар. Спачатку для ўдзельнікаў правялі экскурсію па райцэнтру з наведваннем інфармацыйнага цэнтра будаўніцтва атамнай электрастанцыі. А затым госці адправіліся паглядзець непасрэдна пляцоўку АЭС, наведалі Варняны, фізкультурна-аздараўленчы комплекс у Гервятах і, вядома ж, не маглі абмінуць вядомую святыню – касцёл Святой Тройцы.
На пасяджэнні прэзідыума Гродзенскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў рабоце Астравецкага камітэта прафсаюзаў была дадзена высокая адзнака.
Марына МАЦКЕВІЧ.