Пытанне рэпарцёру: як вырашыць сітуацыю з інтэрнэт-паслугамі?
У рэдакцыю газеты “Астравецкая праўда” звярнуліся жыхары дома №49 па вуліцы Валадарскага г.п. Астравец, якія скардзіліся на тое, што ў іх доме вельмі дрэнная сітуацыя з інтэрнэт-паслугамі, якія прадастаўляе правайдэр ByFly: пастаянна абрываецца сувязь, нізкая хуткасць злучэння – глядзець on-line фільмы ці перадачы немагчыма. Жыхары дома прасілі дапамагчы ў вырашэнні дадзенай праблемы.
Скарга жыхароў была накіравана дырэктару РВЭС М.У. Хіневічу. І вось які адказ мы атрымалі:
«У доме №49 мікрараёна Валадарскага ўстаноўлена 57 тэлефонаў, з іх карыстальнікамі паслугі ByFly з’яўляюцца 34 абаненты. Зваротаў па пытаннях дрэннай якасці паслуг ByFly ад абанентаў, якія жывуць у доме № 49 мікрараёна Валадарскага, за апошні месяц не паступала. Па пытанні няспраўнасці тэлефона быў толькі адзін зварот – 11 сакавіка праблема была ліквідавана».
З усімі праблемамі, якія ўзнікаюць па паслугах ByFly, звяртайцеся па тэлефоне: 21-3-50.
Ад рэдакцыі:
Шаноўныя жыхары Астравеччыны, чытачы нашай газеты і наведвальнікі сайта! Калі ў вас узнікнуць нейкія праблемы, пытанні, непаразуменні і г.д., то лепш адразу звярнуцца ў адпаведныя арганізацыі і службы, і толькі калі ваша пытанне не вырашыцца, – у газету ці да старшыні райвыканкама. Паверце, у кіраўніка раёна і супрацоўнікаў газеты шмат клопатаў і праблем. Але часта атрымліваецца, што прасцей напісаць у газету ці патэлефанаваць на “прамую лінію”, чым звярнуцца ў РВЭС ці ЖКГ.
