Пытанне рэпарцёру: ці праўда, што ў Астраўцы адкрываецца "Малышкіна школа"?
У рэдакцыю патэлефанавала маладая маці і пацікавілася: “Ці праўда, што ў Астраўцы на базе дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці №1 плануецца адкрыць групу для малышоў да трох гадоў?”
За адказам на пытанне мы звярнуліся да намесніка загадчыка дашкольнага цэнтра Галіны Андрэеўны Восаравай. І вось, што даведаліся:
– Сапраўды, з лістапада на базе нашай установы адкрываецца “Малышкіна школа” – група для дзяцей да трох гадоў, якія не наведваюць дзіцячы садок. Спецыфіка гэтага новаўвядзення ў тым, што любая маці ці бацька могуць прывесці да нас сваё дзіця і пакінуць з выхавацелямі, педагогамі, псіхолагамі – але не больш, чым на тры з паловай гадзіны. Заняткі ў “Малышкінай школе” будуць праводзіцца на працягу года і раздзелены на тры этапы. На першым дзеці будуць займацца разам з педагогамі і бацькамі, на другім – з педагогамі, але бацькі будуць знаходзіцца ў полі зроку дзяцей, на трэцім – дзеці займаюцца толькі з педагогамі.
Карысць ад такога метаду вялікая. Дзеці навучацца ладзіць са сваімі аднагодкамі і даверліва ставіцца да дарослых. Пры жаданні бацькоў з дзецьмі будзе працаваць псіхолаг, які правядзе розныя дыягностыкі. А калі дзеці пасля навучання прыйдуць у ясельную групу, ім будзе лягчэй застацца тут без мамы, у іх ужо будуць выпрацаваны першасныя навыкі арганізаванай дзейнасці. Бацькі нашых выхаванцаў, у сваю чаргу, стануць больш давяраць педагогам, таму што на свае вочы бачылі, як яны працуюць з іх дзеткамі.
Таму ўсіх жадаючых мамаў і татаў, у каго ёсць дзеці да трох гадоў, якія не наведваюць дзіцячы сад, мы запрашаем на ўрачыстае адкрыццё “Малышкінай школы”, якое адбудзецца 3 лістапада ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці №1 г.п. Астраўца (былы дзіцячы садок №3).
Каля тэлефона дзяжурыла Алена ЯРАШЭВІЧ.