Пытанне – адказ: не цвіла пад акенцам беласнежная вішня

Аматары паласавацца сакавітай вішнёвай ягадай сёлета ў расчараванні – ягад на вішнях мала, частка дрэў наогул чамусьці загінула, хоць маразы мінулай зімой былі не такімі ўжо і рэкорднымі. Чаму?


За тлумачэннямі мы звярнуліся да загадчыцы пункта прагнозу і сігналізацыі Дануты Станіславаўны БРАЗЕВІЧ. Вось што яна адказала:
–Гэта наступствы паражонасці вішні кокамікозам. Хвароба развіваецца на многіх костачкавых, але найбольш – на вішні. Паражаюцца лісты, чаранкі, пладаножкі, у позніх сартоў – зялёныя плады. Пры моцным развіцці кокамікозу лісце ападае заўчасна. А гэта прыводзіць да аслаблення дрэва, якое нават пры адсутнасці крытычных тэмператур церпіць ад маразоў.
У 2009 годзе інтэнсіўнае развіццё хваробы пачалося ў канцы ліпеня і насіла характар эпіфітотыі -  гэтаму спрыялі памяркоўная тэмпература паветра і высокая адносная вільготнасць. Паражонае лісце пачало ападаць. Хвароба прагрэсіравала ў 2010 годзе. Аслабленыя дрэвы зімой загінулі.
Трэба ведаць, што ўзбуджальнік зімуе ў паражоным лісці, а з надыходам цяпла выкідвае свае сумкаспоры – адбываецца першаснае заражэнне. Хвароба праяўляецца на лістах, на якіх з’яўляюцца плямы, з ніжняга боку ліста ўтвараецца бела-ружовы налёт кандыяспор, з дапамогай  якіх грыб працягвае сваё наступленне на дрэва.
Прафілактычныя меры барацьбы. Знішчэнне апалага лісця восенню. 3-4-разавае апырскванне вішні фунгіцыдамі. Першае – у фазу цвіцення, другое – праз 15-20 дзён, трэцяе – адразу пасля збору пладоў, чацвёртае (пры неабходнасці) – праз два тыдні.
У фазу росту рэкамендуецца прымяняць прэпарат Тапсін-М, 70-працэнтны парашок з нормай расходу 1-2 кілаграмы на гектар. Для насельніцтва рэкамендуем пасля збору ўраджаю на вішні прымяніць азафос, 50-працэнтны канцэнтрат суспензіі з нормай расходу 100 грамаў на 10 літраў вады.