Пытанні аховы працы застаюцца актуальнымі

На гэтым тыдні прайшоў семінар-вучоба “Стан аховы працы і заканадаўства аб працы ў арганізацыях раёна”, арганізаваны раённай камісіяй па прафілактыцы вытворчага траўматызму і прафесійнай бяспекі сумесна са Смаргонскай міжраённай інспекцыяй працы.


На семінар былі запрошаны кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна, спецыялісты па кадрах і ахове працы, супрацоўнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва.
– У параўнанні з 2010 годам сітуацыя з аховай працы ў раёне карэнным чынам змянілася, і гэта не можа не радаваць. На працягу 2011 года не было зарэгістравана ні смяротных выпадкаў, ні цяжкага траўміравання на рабочых месцах. Але гэтыя дасягненні не павінны расслабляць, – пачаў семінар намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай камісіі па ахове працы У.С. Ластоўскі.
Начальнік Смаргонскай міжраённай інспекцыі працы А.М. Асмолік расказаў пра стан вытворчага траўматызму ў вобласці і арганізацыях раёна. Аляксандр Мікалаевіч падрабязна спыніўся на пытаннях расследавання няшчасных выпадкаў, абавязках наймальнікаў і спецыялістаў па ахове працы, забеспячэнні работнікаў сродкамі індывідуальнай абароны.
Галоўны дзяржаўны інспектар працы Смаргонскай міжраённай інспекцыі Н.А. Ясевіч расказала пра захаванне заканадаўства аб ахове працы на прадпрыемствах раёна. Наталля Алегаўна звярнула ўвагу на тры няцяжкія выпадкі траўміравання, якія адбыліся на раённых прадпрыемствах, падрабязна расказала пра заканадаўства па ахове працы, якое тычыцца прыцягнення да работы непаўналетніх, і пра кансервацыю неэксплуатуемых будынкаў.
Галоўны дзяржаўны інспектар Смаргонскай міжраённай інспекцыі С.Ю. Шатохіна яшчэ раз нагадала пра абавязкі наймальнікаў па выкананні заканадаўства аб працы. Прынамсі, Святлана Юр’еўна спынілася на дадатковых мерах стымулявання працы, спыненні працоўнага дагавора, выплаце заработнай платы і адпускных, звышурочнай рабоце і рабоце ў выхадныя дні, дысцыплінарных спагнаннях.
Удзел у рабоце семінара-вучобы прыняла галоўны санітарны ўрач раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Г.В. Пашук. Ганна Вітольдаўна расказала пра стан умоў працы на прамысловых прадпрыемствах раёна ўсіх форм уласнасці. Яна правяла параўнальны аналіз і з дапамогай мультымедыйнай прэзентацыі прадэманстравала змены, якія адбыліся на прадпрыемствах.
Сустрэча прайшла ў рэжыме “пытанне – адказ”. Напрыканцы семінара кожны змог сустрэцца са спецыялістамі Смаргонскай міжраённай інспекцыі і задаць хвалюючае пытанне сам на сам.


Алена ЯРАШЭВІЧ.