Прышчэпка супраць грыпу: рабіць ці не – вось у чым пытанне

Сёлета я ўпершыню ў жыцці зрабіла прышчэпку ад грыпу.

Розныя былі прычыны… То не паспявала: хвароба адольвала хутчэй, чым я “дарастала” да разумення, што трэба неяк сабрацца. То палохалі “гісторыі з жыцця”, калі “сяброўка кумы маёй суседкі зрабіла прышчэпку і та-а-ак перахварэла…”

Калі прыйшла эпідэмія “ковіду”, я сама та-а-ак захварэла. Вінаваціць сябе не было за што: на той час вакцыны яшчэ не было. Але як толькі яна з’явілася, я, ледзь ачомаўшыся ад хваробы, у ліку першых зрабіла прышчэпку, а затым і бустарную, палічыўшы, што беражонага бог беражэ.

Пераканалася ў праўдзівасці гэтых слоў, калі сястра, прыехаўшы да мяне пагасціць, захварэла на “ковід”, а я, прабыўшы з ёй некалькі дзён у самым што ні на ёсць цесным кантакце, пазбегла рэцыдыву.

І таму сёлета, калі ў супрацоўнікаў рэдакцыі спыталі, хто хоча прышчапіцца ад грыпу, я была ў ліку першых, хто ўскінуў руку: я! А заадно, “на ўсякі пажарны выпадак”, прышчапілася яшчэ і ад “ковіду”: крый божа паўтарэння пройдзенага ў 2020-м.

І ўсё ж мае дылетанцкія аргументы і ўражанні – гэта адно, а думка спецыялістаў – зусім іншае. Таму з задавальненнем прыняла прапанову паўдзельнічаць у круглым стале па пытаннях вакцынацыі ад грыпу і “ковіду”, які арганізаваў раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.

Удзел у размове прынялі загадчык аддзялення ўрача агульнай практыкі Віялета Яжэвіч, урач-эпідэміёлаг Вольга Юршэвіч, дырэктар СШ №3 Астраўца Людміла Сасноўская, галоўны інжынер аўтапарка №4 Міхаіл Шанчук.

 –Найперш пытанні да медыкаў: калі пачалася вакцынацыя супраць грыпу і наколькі актыўна яна ідзе?

Віялета Яжэвіч:



–Прышчапляць насельніцтва ад грыпу мы пачалі з 26 верасня – адразу, як толькі атрымалі вакцыну. Сталі накіроўваць пісьмы ў арганізацыі, тлумачыць, што ў іх супрацоўнікаў ёсць магчымасць зрабіць прышчэпку супраць грыпу, прапануем заключыць адпаведныя дагаворы. Калі дамоўленасць дасягнута, на месца выязджае спецыяльная брыгада: урач праводзіць агляд кожнага жадаючага прышчапіцца: мерае ціск, тэмпературу, цікавіцца самаадчуваннем. Калі ўсё ў парадку, тут жа робім прышчэпку. Калі выяўляюцца нейкія сімптомы вострай рэспіраторнай інфекцыі – насмарк, кашаль, тэмпература, чырвонае горла – адкладваем вакцынацыю да поўнага выздараўлення.

З непрацуючым насельніцтвам стасуюцца ўчастковыя тэрапеўты і медсёстры: абзвоньваюць, тлумачаць, запрашаюць прыйсці ў паліклініку і пасля адпаведнага агляду зрабіць прышчэпку. З дзецьмі і іх бацькамі кантактуюць участковыя педыятры.

Па звестках на 26 кастрычніка вакцыніравана 13,5% насельніцтва раёна. Стопрацэнтна прышчапіліся ад грыпу калектывы аўтапарка №4, рэстарана “Мармарэ”, Ашмянскага мясакамбіната, актыўна вакцыніруюцца калектывы лясгаса, сельсгаспрадпрыемстваў, устаноў адукацыі, праваахоўных органаў.

Па паказаннях павінны ў першую чаргу вакцыніравацца тыя, хто штодзённа кантактуе з людзьмі: медыкі, настаўнікі, работнікі гандлю, супрацоўнікі міліцыі, аддзела па надзвычайных сітуацыях. І ўсе, у каго зніжаны імунітэт з-за нейкіх хранічных захворванняў.

–Я правільна зразумела: атрымаць прышчэпку ад грыпу могуць нават дзеці?

Віялета Яжэвіч:

Так, пачынаючы з шасцімесячнага ўзросту дзіцяці можна рабіць прышчэпку ад грыпу ў спецыяльным кабінеце педыятрычнага аддзялення паліклінікі ці ў медыцынскіх кабінетах устаноў адукацыі. Дзеці вакцыніруюцца толькі з пісьмовай згоды бацькоў.

Да слова, прышчапіцца можна і жанчынам, якія чакаюць дзіця, у другім-трэцім трыместры цяжарнасці. Грудное кармленне немаўляці таксама не з’яўляецца супрацьпаказаннем для вакцынацыі – гэта ўжо даказана шматлікімі даследаваннямі.

–А што з’яўляецца супрацьпаказаннем?

Віялета Яжэвіч:

–Як я ўжо гаварыла, любыя сімптомы ВРЗ, а таксама абвастрэнне хранічных захворванняў. Прышчапіцца можна пасля выздараўлення ці ўваходжання ў стан рэмісіі.

–Якая вакцына выкарыстоўваецца для прышчэпкі?

Вольга Юршэвіч:

Вакцынацыя цяпер праводзіцца трохвалентнай расійскай вакцынай супраць грыпу. У хуткім часе павінна паступіць французская “Ваксігрып”. Але я хачу папярэдзіць тых, для каго слова “французская” азначае “лепшая”: расійская вакцына не толькі не горшая за “Ваксігрып” – яна лепш ачышчана, утрымлівае меншую долю бялка курынага яйка. Расійская вакцына інактывіравана, гэта значыць, у яе складзе няма часцінак жывога віруса, яна не ўтрымлівае ад’ювантаў і адсарбентаў і поўнасцю адпавядае сусветным стандартам. У нас яна выкарыстоўваецца першы год, але гэта не азначае, што яе будуць на нас выпрабоўваць: вакцыну распрацавалі 7 гадоў таму і з поспехам прымянялі не толькі ў Расіі, але і ў Ізраілі, Кубе. Даследаванні не зафіксавалі ніякіх сур’ёзных пабочных з’яў пасля яе ўвядзення.

–А як жа “гісторыі з жыцця, калі “зрабіла прышчэпку і ледзь не памерла”?

Віялета Яжэвіч:

–Вакцынацыя праводзіцца больш за месяц, прышчэплена амаль 15 працэнтаў насельніцтва – і я не ведаю выпадкаў, каб нехта пасля прышчэпкі звярнуўся да ўрача з высокай тэмпературай ці іншымі сімптомамі цяжкага захворвання.

Вольга Юршэвіч:

–Да таго ж трэба разумець, што імунітэт пасля ўвядзення прышчэпкі з’яўляецца не праз гадзіну і нават не праз дзень, а праз два-тры тыдні. Цалкам магчыма, што чалавек заразіўся за некалькі гадзін да таго, як прыйшоў вакцыніравацца, ці праз некалькі дзён пасля прышчэпкі. Праверце: ад самой вакцыны захварэць немагчыма, гэта ўжо неаднаразова даказана.

–Ці можна спадзявацца, што, зрабіўшы прышчэпку супраць грыпу, не захварэеш падчас магчымай эпідэміі?

Віялета Яжэвіч:

Вядома ж, ніхто не можа даць падобнай гарантыі! Вірус грыпу вельмі каварны, часта заворванне праходзіць цяжка, з рознымі ўскладненнямі. Але выпрацоўка імунітэту пасля вакцынацыі дазваляе спадзявацца, што нават калі хваробы не пазбегнуць, пройдзе яна больш хутка і лёгка.

–Часта ад праціўнікаў вакцынацыі можна пачуць: навошта прышчапляцца, калі ніхто не ведае, які штам грыпу прыйдзе да нас на гэты раз?

Вольга Юршэвіч:

–Эксперты Сусветнай арганізацыі аховы здароўя на падставе дадзеных, атрыманых за некалькі папярэдніх гадоў, і іншых паказчыкаў прагназуюць для кожнай тэрыторыі верагоднасць таго ці іншага штама віруса і рэкамендуюць для кожнай краіны пэўны састаў вакцыны. Зноў-такі, гэта прагноз, які можа апраўдацца ці не, але ў большасці выпадкаў эксперты не памыляюцца. Да слова: расійская вакцына, якой сёння прышчапляюцца астраўчане, абараняе от штамаў А і В, яна ўтрымлівае па 15 мкг гемаглюцыніну віруса кожнага штама (ліні Viktoria, Darvin, Austria).

–Пытанне да Міхаіла Сямёнавіча: у вашым калектыве вакцыніраваўся ўвесь калектыў. Прызнайцеся: “адміністрацыйны рэсурс” уключалі?

Міхаіл Шанчук:



–Не прымушалі і не заахвочвалі. Толькі тлумачылі: некалькі разоў праводзілі сходы, на якіх расказвалі пра карысць прышчэпкі, паказвалі відэафільмы, распаўсюджвалі літаратуру па гэтай тэматыцы. Затым прыехала брыгада медыкаў – і ўсе зрабілі прышчэпкі.

Мне здаецца, людзі самі ацанілі магчымую рызыку ад прышчэпкі і ад хваробы. “Ковід” і яго наступствы ўсіх навучылі, чым можа закончыцца ігнараванне рэкамендацый урачоў.

 Думаю, пэўную ролю адыграла і спецыфіка нашай работы. Вадзіцелі штодня кантактуюць з насельніцтвам усяго раёна, і не толькі нашага: яны перавозяць рабочых на АЭС – а людзі там з розных рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Цяпер працуюць у Скідзелі на адвозцы цукровых буракоў і ў Магілёве на будаўніцтве дарог. Ніхто не можа гарантаваць, што ў дарозе вадзіцельскія дарогі не перасякуцца з вірусам. А вакцыніраваны – значыць узброены.

Кожны чалавек павінен перш за ўсё сам клапаціцца пра сваё здароўе, задача арганізацыі – толькі дапамагчы яму ў гэтым.

Людміла Станіславаўна, у школе ёсць тыя, хто катэгарычна адмовіўся ад прышчэпкі? Усё ж у вас пакуль не 100 працэнтаў вакцыніраваліся…

Людміла Сасноўская:



–Адмовіліся толькі тыя, хто мае нейкія медыцынскія супрацьпаказанні. Усе астатнія ўслед за дырэктарам прыйшлі на прышчэпку.

Нам нельга інакш: мы з дзецьмі працуем. І адказваем не толькі за сябе, але і за сваіх вучняў.

Дарэчы сказаць, вучні таксама актыўна прышчапляюцца ад грыпу: класныя кіраўнікі вядуць актыўную работу з бацькамі і знаходзяць разуменне.

–Мы ўвесь час гаворым пра прышчэпку супраць грыпу. А ад “ковіду” цяпер вакцыніруюць? Ці тэма гэтая ўжо не актуальная?

Віялета Яжэвіч:

–Чаму ж – актуальная: мы кожны тыдзень рэгіструем 1-3 выпадкі захворвання ковіднай інфекцыяй.

Вольга Юршэвіч:



–Прышчэпка супраць “ковіду”, да слова, унесена ў нацыянальны каляндар прышчэпак. Зрабіць яе можна адначасова з прышчэпкай супраць грыпу.

У тым, што чалавецтву ўдалося справіцца з пандэміяй COVID-19, асноўная заслуга масавай вакцынацыі насельніцтва. У рэшце рэшт выпрацаваўся калектыўны імунітэт – прышчэпкі атрымалі 90% насельніцтва, у тым ліку і ў нашым раёне.

Але за час пандэміі “ковіду” людзі амаль не хварэлі на грып – і цяпер у насельніцтва няма супрацьгрыпознай імуннай праслойкі. Таму так важна своечасова зрабіць прышчэпку супраць грыпу. Паўтаруся: імунітэт пасля прышчэпкі выпрацоўваецца на працягу двух-трох тыдняў і дзейнічае на працягу паўгода ці больш – да года. Таму не варта марудзіць і ўцягваць у сезон прастудных захворванняў, бо можна і спазніцца.

Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик