Проверка пожарной безопасности предприятий Островецкого района
Аб тым, што пажарная бяспека – апраўданая неабходнасць, ведае кожны. Аднак адна справа – ведаць, і зусім іншая – усведамляць.
У кіраўніцтва і службовых асоб шматлікіх прадпрыемстваў і арганізацый, напэўна, часам складаецца меркаванне, што забеспячэнне пажарнай бяспекі – гэта справа і клопат кантралюючых органаў. Аднак у адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб пажарнай бяспецы» абавязак забеспячэння пажарнай бяспекі на прадпрыемствах і ў арганізацыях ускладзены на кіраўнікоў і службовых асоб.
У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 кастрычніка 2009 года №510 «Аб удасканаленні кантралюючай (нагляднай) дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь» дзяржаўным пажарным наглядам былі праведзены праверкі некаторых аб'ектаў на тэрыторыі нашага раёна. Былі выяўлены парушэнні норм і правіл пажарнай бяспекі, якія могуць прывесці да ўзнікнення пажараў і гібелі на іх людзей.
Па выніках планавай праверкі ўнітарнага прадпрыемства «Гірыбудкамплект» у вёсцы Гіры, Астравецкага раёна былі выяўлены наступныя парушэнні норм і правіл пажарнай бяспекі: на тэрыторыі аб'екта адсутнічае пажарны шчыт; аб'ект не забяспечаны неабходнай колькасцю вогнетушыцеляў; пракладка электрычнага проваду ў памяшканні піларамы зроблена не ў адпаведнасці з патрабаваннямі правіл устаноўкі электраўстановак; памяшканні піларамы, прыёму ежы не адасоблены супрацьпажарнымі дзвярамі ад памяшканняў іншага функцыянальнага прызначэння; тэрыторыя аб'екта загрувашчана; адсутнічае праектна-каштарысная дакументацыя на аб'ект; дрэваапрацоўчыя станкі не абсталяваны сістэмай аспірацыі; на аб'екце не праводзяцца замеры супраціўлення ізаляцыі правадоў і кабеляў; на вонкавым боку дзвярэй вытворчага памяшкання не размешчаны паказальнік катэгорыі па выбухапажарнай і пажарнай небяспецы і класа зоны; у цэху не ўстаноўлена аўтаматычная пажарная сігналізацыя і сістэма апавяшчэння аб пажары.
Планавая праверка Астравецкага раённага ўнітарнага прадпрыемства «Селекцыйна-племянны цэнтр жывёлагадоўлі», таксама выявіла шэраг парушэнняў норм і правіл пажарнай бяспекі: на лесвічнай пляцоўцы адміністрацыйнага будынка зроблена кладоўка; пажарны кран унутранага супрацьпажарнага вадаправода адміністрацыйнага будынка абсталяваны не ў адпаведнасці з нормамі пажарнай бяспекі; для абагрэву памяшканняў гаража выкарыстоўваецца самаробная металічная ацяпляльная печ.
Праверка Астравецкага прадпрыемства «Гасразліковае праектна-вытворчае архітэктурна-планавае бюро» таксама выявіла парушэнне: пры распрацоўцы праектнай дакументацыі ў тлумачальнай запісцы ўжываюцца адмененыя нарматыўна-прававыя акты.
Кіраўнікі прадпрыемстваў, якія дапусцілі парушэнні, прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.
Аднак не ўсё так дрэнна. Планавая праверка выявіла і станоўчыя моманты. Так, пры праверцы магазінаў прадпрымальнікаў С.В. Грыгарчука і А.І. Магера парушэнняў правіл пажарнай бяспекі не выяўлена.
На жаль, у некаторых кіраўнікоў пры змяншэнні колькасці праверак не павялічваецца асабістая адказнасць за падтрыманне пажарнай бяспекі і арганізацыю бяспечных умоў працы, хоць гэта і з’яўляецца прамым абавязкам кіраўніка.
--------------------------------------
Юрый Варковіч, інспектар інспекцыі дзяржаўнага пажарнага нагляду.
Фота з сайта datmaster.ru.