Про готовность сельхозтехники к весенне-полевым работам рассказал первый заместитель председателя райисполкома Иван Корнило

Паспяховасць правядзення вясенне-палявых работ, у тым ліку і сяўбы, шмат у чым залежыць ад тэхнічнай аснашчанасці гаспадарак. Якімі тэмпамі ідзе рамонт і падрыхтоўка сельгасмашын і агрэгатаў да выхаду ў поле, як арганізавана работа на месцах – пра гэта і многае іншае расказаў першы намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Карніла.

– Безумоўна, своечасовая і якасная падрыхтоўка тэхнікі – гэта заклад паспяховай будучай сяўбы, а значыць і ўраджаю. Таму гэтаму цяпер надаецца самая пільная ўвага з боку райсельгасхарчу. Арганізаваны пастаянны кантроль і маніторынг за гэтым працэсам ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах. Калі ўсё ідзе па плане, толькі тады прымаем справаздачнасць, а яна, зазначу, штотыднёвая.

Тыднёвая норма

– У сярэднім па раёне за тыдзень рыхтуецца каля 20 адзінак тэхнікі, за мінулы, напрыклад, было 17. Гэта абумоўлена тым, што мы знаходзімся на фінішнай прамой, а гатоўнасць некаторых відаў ужо дасягае 100%.

Падтрымка дзяржавы

– У пачатку года КСУП “Варняны” і КСУП “Міхалішкі” выдзелены грошы ў выглядзе субсідыі – па 150 тысяч кожнай гаспадарцы. За іх кошт прадпрыемствы набылі па адным шыроказахопным культыватары КУМ-10 на Мінойтаўскім заводзе. За астатнія сродкі ажыццяўляюць рамонт прычапной тэхнікі, якая будзе задзейнічана на пасяўной.

Вобласць таксама акажа гэтым КСУПам бязвыплатную фінансавую дапамогу ў выглядзе набыцця тэхнікі. Нагадаю, два гады назад КСУП “Варняны” і “Міхалішкі” атрымалі трактары МТЗ-1251. Сёлета гэтыя гаспадаркі атрымаюць па трактары МТЗ-3522, а КСУП “Варняны” ўжо набыў такога “Беларуса” ў межах лізінгавай праграмы.

Па адным новым зернеўборачным камбайне айчыннай вытворчасці будзе працаваць летам на жніве на падольскіх і міхалішкаўскіх нівах. Плануецца, што яны яшчэ атрымаюць па культыватары, гноераскідвальніку ПТС-20.

Асабліва радуе, што парк сельгастэхнікі КСУП “Варняны” значна ўмацуецца, і гэта гаспадарка на пасяўной павінна абысціся без дапамогі іншых. Зазначу, што з пад’ёмам зябліва яны цалкам справіліся самастойна.

Працэнт гатоўнасці

– На 7 лютага гатоўнаць трактароў складае 89%, да 1 сакавіка яна, згодна з даведзеным заданнем, павінна дасягнуць 95%. У запасе ў нас яшчэ 3 тыдні, каб закрыць 5%, якіх не хапае. На сёння (7 лютага. – Заўв.аўт.) гатоўнасць дыскавых барон складае 80%, дыскатараў – 75%, культыватараў – 92%, збожжавых сеялак – 81,8%, бульбасаджалак – 75%, машын для ўнясення мінеральных угнаенняў – 78%, арганічных – 75%, камбінаваных пасяўных агрэгатаў – 50%. На першы погляд, апошнія лічбы могуць падацца невялікімі, але варта разумець, што ёсць такія сельгасмашыны, над якімі механізатарам засталося папрацаваць дзень-два.

Тэхніка, якая выйдзе ў поле першай, гэта так званыя самаходныя энергетычныя сродкі з абалонкамі нізкага ціску, якія ў народзе называюць “Росамі”, цалкам гатова.

Лютаўскае ноўхаў

– Сёлета паспрабуем прымяніць новую агратэхнічную тэхналогію. Напрыканцы лютага, думаю, пачнём карміць азімыя рапс і збожжавыя. Сульфат амонія – гэта доўгаіграючае ўгнаенне. Пры нізкіх тэмпературах яно нікуды не знікае, а застаецца ў глебе, а пры спрыяльным надвор’і пачынае дзейнічаць. Яго асаблівасць ва ўтрыманні серы, а гэта элемент, які непасрэдна ўплывае на спажыванне раслінамі азота – асноўнага элемента іх сілкавання. Таму ўнясенне сульфат амонія пад пасевы ў самыя раннія тэрміны павысіць эфектыўнасць усіх наступных агратэхнічных работ.

ЛІЧБЫ І ФАКТЫ

* На вясенне-палявых і іншых работах, у тым ліку на абслугоўванні малочна-таварных комплексаў і ферм, будзе задзейнічаны 231 трактар, з якіх 41 – энерганасычаны.

* У раёне ёсць 38 плугоў, але гэты від тэхнікі будуць выкарыстоўваць у меншай ступені, таму што аграрыі добра папрацавалі з восені з падняццем зябліва.

* У поле вясной выйдуць 10 дыскавых барон, 8 дыскатараў, 38 культыватараў, 16 камбінаваных глебаапрацоўчых агрэгатаў, 14 пасяўных комплексаў, 11 збожжавых сеялак (у тым ліку для прыкрыцця ў глебу насення траў), 17 агрэгатаў для сяўбы цукровых буракоў і кукурузы, 4 бульбасаджалкі, 27 машын для ўнясення цвёрдых мінеральных угнаенняў і 24 – для ўнясення цвёрдых арганічных, 19 апрысквальнікаў, 8 “Рос”.

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич