Прими участие в конкурсе "Астравецкай праўды" на лучшую частушку!



Як у вас настрой, шаноўныя нашы чытачы? Вось нас нешта на песні пацягнула… Дакладней – на прыпеўкі. Эх, развярніся, душа...

Заіграй, гармонік любы, –

Я прыпевачкі спяю

Ці на радасць, ці на згубу

Пра “раёначку” сваю.

Такую прыпеўку даслаў нам некалі нехта з нашых чытачоў. Шмат часу прайшло, імя аўтара прызабылася, – а прыпеўка моцна засела ў памяці…

І навяла на думку: а чаму б нам не аб’явіць сярод нашых чытачоў конкурс прыпевак? Ды не простых, а тэматычных, прысвечаных нашай (і, спадзяемся, вашай таксама!) любімай газеце – “Астравецкай праўдзе” – каб, так бы мовіць, мовай народнага мастацтва, дасціпна, з гумарам і “перчыкам” расказаць пра яе ўсё, што думаеце?.. А там, магчыма, (чаму б і не памарыць з нагоды?) мы і канцэрт прыпевачнікаў арганізуем – калі, вядома, будзе што выставіць на суд гледачоў…

Ведаем, што талентаў сярод нашых чытачоў нямала. І яўных, і яшчэ больш – схаваных. Так што выходзьце са свайго “падполля”, вылазьце з агародаў – і складайце ў вольную хвілінку прыпеўкі пра раённую газету. Дасылайце іх любым зручным для вас спосабам – па звычайнай ці электроннай пошце, па тэлефоне ці прыносьце асабіста – у рэдакцыю з паметкай “на конкурс прыпевак” – і прыступайце да рэпетыцый (ну, калі самі спяваць не мастакі, то не перажывайце: абы прыпеўкі былі добрыя – спевакі знойдуцца).

Пераможцаў конкурсу, як заўсёды, чакаюць рэдакцыйныя прэміі. А яшчэ – прызнанне чытачоў і слухачоў.

Ну дык што – заспяваем?! Раскажам прыпеўкай звонкай пра нашу “раёнку”!

Чакаем вашых прыпевак!