Преступления несовершеннолетних района

Малалетні злодзей – гэта гучыць жорстка, але праўдзіва. На жаль, злачыннасць сярод непаўналетніх не знікае. І сумны вобраз – падлетак за кратамі – па-ранейшаму застаецца рэчаіснасцю нашага жыцця.


За дзесяць месяцаў гэтага года ў раёне непаўналетнімі і з іх удзелам было здзейснена 11 злачынстваў. Сярод іх па-ранейшаму пераважаюць крадзяжы. Чацвёра малалетніх злачынцаў вучацца ў школе, трое – навучэнцы прафесіянальна-тэхнічных вучылішчаў. Двое знаходзіліся на ўліку інспекцыі па справах непаўналетніх, яшчэ двое выхоўваліся ў сацыяльна-небяспечнай сям’і…
Каб папярэдзіць злачыннасць сярод падлеткаў, супрацоўнікамі інспекцыі па справах непаўналетніх сумесна з іншымі арганізацыямі быў рэалізаваны комплекс арганізацыйна-прафілактычных мерапрыемстваў. Разам з супрацоўнікамі пракуратуры ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі былі праведзены два “круглыя сталы”, дзе дзецям дэманстравалі фільмы прававой тэматыкі. У сродках масавай інфармацыі рэгулярна размяшчаліся прафілактыка-тлумачальныя артыкулы, на базе аддзела ўнутраных спраў для старшакласнікаў арганізоўваліся дні адчыненых дзвярэй. Але адным з прыярытэтных накірункаў дзейнасці міліцыі з’яўляецца прапаганда і заахвочванне падлеткаў да заняткаў у разнастайных гуртках і секцыях, работы ў дзіцячых і маладзёжных аб’яднаннях. Бо калі яны будуць занятыя цікавай, займальнай і карыснай справай, ім не захочацца пераступаць мяжу закона.

Сумна, што часам ступіць на злачынны шлях падлеткам дапамагаюць дарослыя. У мэтах прафілактыкі п’янства сярод непаўналетніх у гэтым годзе было выяўлена 35 выпіўшых падлеткаў і 21 асоба, вінаватыя ў давядзенні іх да такога стану. Чатыры работнікі гандлю прадавалі спіртныя напоі пакупнікам, якія не дасягнулі 18-гадовага ўзросту.


Нягледзячы на ўсе прынятыя і праведзеныя прафілактычныя мерапрыемствы, практыка сведчыць, што іх трэба ўдасканальваць і развіваць. У апошні час усё часцей злачынствы здзяйсняюць дзеці са знешне нармальных сем’яў, дзе бацькі не злоўжываюць алкаголем, аднак недастаткова часу ўдзяляюць выхаванню сваіх дзяцей. Пагэтаму неабходна звяртаць увагу не толькі на сацыяльна-небяспечныя сем’і, але і на іншыя катэгорыі: такія як малазабяспечаныя, няпоўныя, сем’і з няправільнай педагагічнай пазіцыяй. І хочацца спадзявацца, што, дзякуючы стараннай прафілактычнай рабоце не толькі супрацоўнікаў міліцыі, але саміх бацькоў і родных, сумны вобраз – падлетак за кратамі – хутка стане вельмі рэдкім выпадкам.

Фота з сайта miloserdie.ru.