Представители Островецкого отдела образования побывали в Ивьевском и Ошмянском районах

Напрыканцы мінулага года загадчыкі дашкольных устаноў адукацыі сумесна з адміністрацыяй аддзела адукацыі Наталляй Іосіфаўнай Станкевіч і Наталляй Вікенцьеўнай Баніцэвіч адправіліся ў Іўеўскі і Ашмянскі раёны, каб паглядзець, як у суседніх раёнах праводзіцца рамонт устаноў адукацыі гаспадарчым спосабам.

Знаёмства з дашкольнымі ўстановамі адукацыі пачалося з наведвання Юрацішкаўскіх ясляў-сада-сярэдняй школы. Установа падобная на Варнянскі НПК і па колькасці дзяцей, і па праекту будынка.
Гэты навучальна-педагагічны комплекс, як і Варнянскі НПК, некалькі гадоў назад быў адрамантаваны ў рамках аграгарадка. Але за пройдзеныя гады тут нічога не давялося мяняць – зробленае падчас капітальнага рамонту старанна зберагаецца і захоўваецца. Заварожвае вялікая колькасць зеляніны і чысціня. Цікавым і незвычайным з'явілася выкарыстанне новых інфармацыйных тэхналогій. Ды гэта і не дзіўна: трэці год установа з’яўляецца рэспубліканскай інавацыйнай пляцоўкай па ўкараненні інфармацыйных тэхналогій.
Уразіў і дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці №1 Іўя. Сёння тут ёсць інтэрактыўныя дошка і прыстаўка, мультымедыйная ўстаноўка, камп’ютарная тэхніка з сэнсарнымі экранамі, якой з лёгкасцю карыстаюцца не толькі педагогі, але і дашкольнікі, пачынаючы з малодшай групы.
Ідэя ўкараніць новыя тэхналогіі ў дырэктара даш- кольнай установы ўзнікла некалькі гадоў назад, калі аддзел адукацыі выдзеліў на дашкольны цэнтр адзін камп’ютар. Менавіта тады дырэктар зразумела, што гэтага мала, і пачала шукаць спонсараў. Сёння спецыялісты дашкольнага цэнтра не толькі выкарыстоўваюць развіваючыя праграмы, якія рэкамендаваны Міністэрствам адукацыі, але і самі распрацоўваюць развіваючыя гульні для сваіх выхаванцаў.
І калі Юрацішкаўскаму НПК вельмі пашанцавала атрымаць добраўпарадкаваны будынак, то ў дашкольным цэнтры рамонт вядзецца гаспадарчым спосабам: адно крыло рамантуецца, у другім “жывуць” дзеці і педагогі. І зроблены рукамі выхавальнікаў рамонт таксама ўражвае. Дзякуючы дырэктару і выхавальнікам, тут з’явіўся басейн, які працуе з верасня і бавіць час у якім могуць усе дашкольнікі. Іўеўскім яслям-саду-пачатковай школе пашанцавала крыху больш. Яны размяшчаюцца ў былым будынку дапаможнай школы, да таго ж гэта ўстановатрапіла ў праект Еўрапейскага Саюза па павышэнні энергаэфектыўнасці. І сёння добраўпарадкаванне будынку і тэрыторыі школы адбываецца не толькі за кошт бюджэту, але і за кошт сродкаў Еўрасаюза.
Задумка наведаць яслі-сад №7, якія напярэдадні 1 верасня былі адкрыты ў Ашмянах, з’явілася на зваротным шляху. Справа ў тым, што праект новага дзіцячага садка, які ўзводзіцца ў Астраўцы, такі ж як і ў Ашмянах. Таму загадчыкам садкоў Астравеччыны было цікава паглядзець, у якіх умовах тут выхоўваюцца дзеці.
У садку дзейнічае прапускны рэжым, на вуліцы ў кожнай групы свая пляцоўка, дзе дзеці бавяць час у добрае надвор’е. А яшчэ – уласная пральня і харчблок, музычная, харэаграфічная, спартыўная і трэнажорная залы, басейн – усё тое, пра што астравецкія дзеці і выхавальнікі пакуль што толькі мараць.


– Усе ўстановы адукацыі, што мы наведалі, вельмі ўразілі, – расказвае намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама Наталля Вікенцьеўна Баніцэвіч. – А яшчэ мы ўпэўніліся ў тым, што не заўсёды ўсё вырашаюць грошы. Найперш павінны быць ідэі і жаданне працаваць. Грошы сёння ёсць – важна навучыцца ўмела імі распараджацца. Павучыцца было чаму, таму, спадзяюся, нашы кіраўнікі дашкольных устаноў узялі для сябе нейкія ідэі, напрацоўкі, і ў хуткім часе нашы садкі пачнуць змяняцца да лепшага.


Алена ЯРАШЭВІЧ.


Фото с сайта liverinternet.ru