Праздничный концерт, посвященный Дню матери, прошел в ККЗ "Островец"
У панядзелак у кінаканцэртнай зале “Астравец” прайшоў святочны канцэрт, прысвечаны Дню маці. Дзень маці – свята маладое, але вельмі папулярнае. Свята, у якое мы яшчэ раз можам падзякаваць нашым мілым, любімым і такім дарагім матулям. Таму і зразумела, што кінаканцэртная зала “Астравец” была запоўнена мамамі рознага ўзросту, бабулямі, а таксама маладымі жанчынамі і дзяўчатамі, якія яшчэ толькі мараць пра нараджэнне дзяцей і мацярынскае шчасце.
Яшчэ да пачатку святочнага канцэрта часцінку сваёй цеплыні падарылі тым, хто заходзіў у кінаканцэртную залу, гімназісты-дзевяцікласнікі. Разам з першым сакратаром райкама БРСМ Аксанай Паўлаўнай Лазаравай яны правялі акцыю ўсебеларускага праекта “Першае слова – мама”. Кожная маці пачула ў свой адрас цёплыя словы віншавання і ў падарунак атрымала паветраны шар.
Урачыстае мерапрыемства пачалося з выступлення намесніка старшыні райвыканкама Віктара Збігневіча Свілы, які ад імя райвыканкама павіншаваў усіх, хто сабраўся ў той дзень у зале, з Днём маці. Потым пачаўся канцэрт, дзе песні і танцы мамам дарылі, канешне ж, дзеці – выхаванцы цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, шматлікіх гурткоў аддзела культуры, сярэдніх школ і дзіцячых школ мастацтваў, якія яшчэ толькі робяць першыя крокі да артыстычных вышынь. І зноў гучалі словы віншавання ў адрас любімых матуль.
Са святам, мілыя матулі! І помніце, мы вас вельмі любім! Нават тады, калі не гаворым пра гэта!
Алена ЯРАШЭВІЧ
