Прайсці праз “фабрыку смерці” давялося Аляксандры Юзэфовіч


Здаецца, за амаль 80 гадоў з дня Перамогі мы ўсё ведаем пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, пра подзвігі герояў, пра вязняў канцлагераў і ветэранаў, якія жылі на нашай Астравеччыне або абаранялі яе. 

Аднак гэта не так. І расказаць нешта новае або проста напомніць імёны абаронцаў Радзімы, дзяцей вайны, вязняў канцлагераў могуць работнікі арганізацый і прадпрыемстваў раёна. Каб яны гэта зрабілі, мы запускаем сумесны праект газеты і раённага прафсаюза «Я хачу вам расказаць».

У Спондаўскай школе берагуць памяць і матэрыялы пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і вязняў канцлагераў, якія жылі ў гэтай мясцовасці.


– Асаблівае месца ў музеі школы і сэрцах нашых вучняў і настаўнікаў займае Аляксандра Максі­маўна Юзэфовіч, якая перажыла «Асвенцым» і «Равенсбрук», – расказвае настаўнік гісторыі, старшыня прафсаюзнай пярвічкі Спондаўскай школы Ганна Мілаш. – Пасля вайны Аляксандра Максімаўна працавала настаўніцай у Страчскай школе, але і пасля выхаду на адпачынак была ў нас час­тым госцем: удзельнічала ў мерапрыемствах, класных гадзінах, дзялілася ўспамінамі, расказвала цікавыя гісторыі, павязвала піянерскія гальштукі… Яе ўжо няма, але вучні і калектыў Спондаўскай школы старанна берагуць памяць аб гэтай моцнай духам, трывалай і мужнай жанчыне. 
Толькі як бы ні стараліся, лепш, чым Аляксандра Максімаўна, пра перажытае не раскажа ніхто. Таму мы беражом яе відэаінтэрв’ю, якое зрабілі вучні школы.

Прайці праз «фабрыку смерці»

З першых вуснаў (Асаблівасці мовы гераіні захаваны)

 – Нарадзілася я на Віцебшчыне ў вялікай сям’і – 10 чалавек у нас было. Расла там, працавала, вучылася, а потым паступіла ў Віцебскі педагагічны тэхнікум. Працаваць накіравалі ў школу вёскі Шэйкі Крупскага раёна. 
– Вайна сустрэла мяне ў радзільным доме – на свет якраз з’явілася першая дачушка. Наляцелі немцы на бальніцу – і такі быў страх!.. Самалётаў – нібы варон. Чатырохпавярховы будынак – а шкло ў шыбах павылятала ўсюды. Усе пабеглі ў лес. І я сабралася, але акушэрка не пусціла. Гэта быў самы страшны першы дзень вайны…
– У лагеры нас выгрузілі, а поезд пайшоў далей. Нас абстрыглі, зубы павыбівалі – шукалі залатыя. Далі па аднаму рушніку сантыметраў па семдзясят, кавалачку мыла і адправілі ў крэматорыю. А мы не ведалі, думалі: у лазню…
– Адчыняе маленькія дзверы вялізнага будынку паляк і пытае: «Зкуль, пані, транспорт?» «З Мінска», – адказваем. Тут выбег немец і як закрычыць па-нямецку і так, і сяк! І нас, раздзетых, памчалі далей. Спаліць хацелі – як пазней разабраліся, памылкова…
– Прыгналі ў другое месца – цяпер ужо ў лазню. Тры разы акунулі галаву ў вялікую бочку з вадой. І так, як мы, тысячы людзей праходзіла. Тут жа і нумар давалі – мой №81463. Кітайскай тушшу набівалі на руку. Паласястае плацце далі, такі ж пінджак, хустку і драўляныя «буцалы». 
– У лагеры Б, куды нас прывялі, дзесяць дней былі ў каранціне. Нары былі з цэглы, трохпавярховыя, падобныя да будкі. Спалі па шэсць чалавек. Ні матрацаў, ні падсцілак… Раніцай прачынаешся, а побач жанчына холодная – памерла… 
– Мы збіралі тых, хто за ноч памёр. Грузілі іх на фуру – вялізны воз, на які «адказнымі» назначалі па дванаццаць жанчын. А як цягнуць? Рускія, украінкі, жанчынкі з Чэхаславакіі і Францыі – на адной мове гаварыць не ўмеем, адна адну не разумеем. Два кілометры нам было цягнуць да ям каля крэматорыя… 
– Будзілі ў тры часы ночы, выганялі на пляц, дзе пералічвалі: калі не сыходзіліся лічбы, трымалі на холадзе да шасці раніцы. А потым адпраўлялі на работу: мы строіліся па пяць чалавек і ішлі пад музыку. Маршыраваць маладзейшым прасцей было – мы і стараліся па баках стаць, а старэйшых усярэдзіну хавалі. За брамай сустракалі немцы з сабакамі. Наша брыгада была 350 чалавек… Цяжка працавалі: зямлю ваганеткамі цягалі і раўнялі, сена сушылі, у лесе смецце збіралі… 
– У кожнага вязня на поясе вісела міска, куды ў абед налівалі пахлёбку. Вечарам  выдавалі пайку хлеба, у якім траплялася «дрэва». Усім хацелася атрымаць акрайчык – ён сытнейшы, смачнейшы. З’елі свой кавалак – лезьце ў «нару»…
– Крэматорыя і ямы гарэлі круглыя суткі. Але ўсіх спальваць немцы не паспявалі. Таму ў нядзелю, каб адабраць слабейшых, жанчын ганялі. Праз канаву перапрыгнула – ідзеш налева, павалілася – направа…
– Хадзілі чуткі, што ў 10-м бараку немцы праводзілі вопыты. Там у дзяцей кроў бралі. І мяне туды прывялі, адзелі ў марлю, пасадзілі і вырвалі зубы – яны ў мяне былі здаровыя, крэпкія, аднаму доктару і спадабаліся. Развярнулі мне ўсё ў роце…
– Самым страшным быў агонь над комінам крэматорыя і пах – чалавек як курынае пер’е гарыць. Прывязуць людзей поездам, сірэна так страшна загудзіць – гэта значыла: сядзі ў бараку і не высоўвай нос, бо паліць будуць. 
– Дзявятага студзеня 1945 года немцы раздзялілі нас на хворых і здаровых. Апошнім далі па буханцы хлеба, сахар і коўдру і пехатой пагналі да чыгункі – пагрузіць на цягнік, каб далей на Захад везці. Шмат людзей гналі. А нам чутно было: удалечыні гудзяць самалёты, Кракаў бамбяць… Праз трое сутак прыгналі ў Франкруфт-на-Майне, загрузілі ў вагоны – так мы апынуліся ў «Равенсбруку» пад Берлінам.
– Шмат людзей замерзла па дарозе. Акачанеў і немец, які вартаваў нас. Прама з вінтоўкай у руках. Так пад коўдрай і сядзеў пасінелы…
– Два гады ў канцлагеры прабыла: 3 сакавіка 1943 года мяне арыштавалі, а 30 красавіка 1945-га нас вызвалілі…

Текст:
Фото: из архива школы