Правильно выбрасывайте мусор!

Кожны дзень сям’я з 3-4 чалавек выкідвае ў сярэднім вядро бытавога смецця, а на аднаго жыхара прыходзіцца прыкладна 200-300 кілаграмаў цвёрдых камунальных адходаў у год.


У Астравецкім раёне штогод утвараецца каля 10 тысяч тон камунальных адходаў. Усё гэтае смецце размяшчаецца на 8 міні-палігонах і на адным палігоне цвёрдых камунальных адходаў. А колькі яго нядбайныя гаспадары вывозяць у лес і выкідваюць ля прыдарожных палос!

Людзі не думаюць пра тое, што застанецца іх нашчадкам у спадчыну. Калі не яны, дык іх дзеці і ўнукі некалі прыйдуць на гэтае месца збіраць ягады або грыбы, якія, магчыма, будуць заражаны таксічнымі адходамі, крыніцай якіх могуць стаць пабіты тэрмометр, старая люмінесцэнтная лямпа, непрыдатныя лекавыя сродкі, адходы фарбы, сапсаваныя ядахімікаты…

Варта нагадаць людзям, якія выкідваюць смецце ў непрыстасаваных для гэтага месцах, што металічныя вырабы раскладаюцца ў глебе на працягу 100 гадоў, шкло – мільён гадоў, пластыкавая тара не раскладаецца ніколі! Пагэтаму, нават калі вы едзеце адпачываць на прыроду, не забруджвайце месцы адпачынку: пры адсутнасці кантэйнера збярыце смецце ў пакет. Кожнае прадпрыемства, арганізацыя, індывідуальны прадпрымальнік, домаўладальнік абавязаны падпісаць дагавор з РУП ЖКГ на вываз і размяшчэнне камунальных адходаў. У адпаведнасці з артыкулам 25 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб абыходжанні з адходамі” забараняецца захаванне на звалках другасных матэрыяльных рэсурсаў – адходаў, якія могуць быць выкарыстаны ў якасці другаснай сыравіны (макулатура, металалом, поліэтылен, рыззё, шклабой, косці).

У Астравецкім раёне нарыхтоўкай другаснай сыравіны ад насельніцтва і прадпрыемстваў займаюцца Астравецкі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства і РУП ЖКГ.

Астравецкай райінспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя сумесна з камунальнай службай раёна праводзяцца рэйды па праверцы камунальных адходаў, пакінутых юрыдычнымі асобамі на палігонах. Пры наяўнасці ў іх бытавых адходаў другаснай сыравіны складаюцца пратаколы і накладаюцца штрафы. Мінімальны памер штрафу – 5 базавых велічынь, на сённяшні дзень – 900 тысяч рублёў.

Не вывозьце паперу, рыззё, шкляныя і пластмасавыя бутэлькі на звалкі – лепш здайце іх на перапрацоўку.


Астравецкая райіспекцыя прыродных

рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.