"Прамая лінія" з начальнікам аддзела архітэктуры

20 мая адбылася “Прамая лінія” жыхароў раёна з начальнікам аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Люцыяй Іванаўнай Лях. У гэты дзень кожны мог патэлефанаваць Люцыі Іванаўне, задаць цікавячае пытанне і атрымаць кампетэнтны адказ.


– З якімі пытаннямі да вас звяртаюцца людзі?
– Па самых розных пытаннях. Увогуле, няма таго дня, каб да нас ніхто не прыйшоў. Мы адказваем за правядзенне такіх працэдур, як перавод жылога памяшкання ў нежылое, узгадненне перабудовы і (ці) перапланіроўкі дома, выдача дазвольнай дакументацыі на будаўніцтва аднакватэрнага блакіраванага жылога дома і нежылых пабудоў на прысядзібнай тэрыторыі, дазвол на рэканструкцыю аднакватэрных блакіраваных жылых дамоў і нежылых пабудоў на прысядзібнай тэрыторыі, выдача акту прыёмкі ў эксплуатацыю пабудаванага, рэканструяванага аднакватэрнага блакіраванага жылога дома і нежылых пабудоў на прысядзібнай тэрыторыі, прыняцце рашэння аб зносе, працягу будаўніцтва ці аб прыняцці самавольнай пабудовы ў эксплуатацыю і яе дзяржрэгістрацыі ва ўстаноўленым парадку і многае іншае. 


Добры дзень! Скажыце, калі ласка, якой вышыні можа быць агароджа паміж участкамі, калі яна знаходзіцца ад нашага дома на адлегласці 2 метраў?
– З боку суседняга прысядзібнага ўчастка вышыня агароджы ўстанаўліваецца да 1,7 метра. Да таго ж агароджа павінна быць святлопразрыстай, ступень – ад 50 да 100 працэнтаў па ўсей вышыні.
Дарэчы, агароджа паміж прыкватэрнымі ўчасткамі (да прыкладу, калі ў адным доме дзве кватэры) павінна мець вышыню не больш за 1,2 метра ад узроўню зямлі насупраць фасада з вокнамі сумежнай кватэры і не больш за 1,7 метра пры адсутнасці вокнаў.


Вам тэлефануе Таццяна Антонаўна Чарнаўскас. Я пражываю па вуліцы Валадарскага, 41А. Мяне цікавіць, калі будуць праведзены рамонт дома і добраўпарадкаванне тэрыторыі каля яго.
– Добраўпарадкаванне дваровай тэрыторыі жылога дома па вуліцы Валадарскага 41А ужо ўключана ў праграму па добраўпарадкаванню РУП ЖКГ. Работы будуць праведзены ў ІІІ квартале бягучага года. А капітальны рамонт фасада дома плануецца выканаць у 2012 годзе.


– Якія звароты бываюць часцей?
– Больш за ўсё звяртаюцца па пытанню прыняцця самавольнай пабудовы ў эксплуатацыю. Чамусьці людзі, калі збіраюцца пабудаваць дом, ведаюць, што трэба прыйсці ў аддзел архітэктуры і будаўніцтва. А пабудову на прысядзібным участку хлява, лазні ці летняй кухні лічаць сваёй уласнай справай. Каб потым пры продажы дома ці яго перадачы ў дар не “ўсплыла”, да прыкладу, самавольна пабудаваная лазня і не ўзнікла праблем, трэба своечасова звяртацца ў аддзел архітэктуры і будаўніцтва для ўзгаднення будаўніцтва нежылых аб’ектаў на прысядзібным участку.
Архітэктар раёна выедзе з забудоўшчыкам на месца для ўзгаднення размяшчэння пабудовы, затым спецыялісты аддзела архітэктуры і будаўніцтва падрыхтуюць праектную прапанову, згодна з якой райвыканкам выносіць дазвол на будаўніцтва. Сельскім жыхарам дазвол на будаўніцтва дае сельвыканкам.
Нагадаю, што за самавольнае будаўніцтва накладваюцца штрафы, якія складаюць для звычайных грамадзян ад 20 да 50 базавых велічынь, для індывідуальных прадпрымальнікаў – ад 20 да 100 і для юрыдычных асоб – да 500 базавых велічынь.


Добры дзень! У мяне пытанне ад жыхароў дома па вуліцы К. Маркса, 40. Улетку да нас часта прыязджаюць унукі, а пляцоўкі для гульні няма. Скажыце, ці можна пабудаваць каля нашага дома дзіцячую пляцоўку?
– Мы стараемся ніводнае пытанне не пакінуць без увагі. У маі бягучага года ўжо ўстаноўлены пясочніца і лаўка каля вашага дома, а ў чэрвені будуць устаноўлены іншыя малыя архітэктурныя формы. 


На “Прамой лініі” дзяжурыла Вольга ШОЎКУН.