Прафсаюзны лідар КСУП “Гервяты” Марына Івашка атрымала грамату абкама прафсаюза работнікаў АПК

Падчас пленума Гродзенскай абласной прафсаюзнай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу падвялі вынікі работы за мінулы год і акрэслілі надзённыя задачы на бягучы. Старшыня Астравецкай раённай арганізацыі на пасяджэнні падзяліўся вопытам інфармацыйнай работы. А прафсаюзны лідар КСУП “Гервяты” Марына Івашка па выніках мінулага года трапіла ў лік самых лепшых прафактывістаў вобласці.

Жанчына ўзначальвае прафсаюзную арганізацыю КСУП “Гервяты” з 2019 год А. Акцыі і ўшанаванне лепшых працаўнікоў палёў і ферм, шматлікія экскурсіі – жыццё калектыву насычанае на падзеі. Не забывае яна і пра ветэранаў працы, а таксама пра падтрымку маладых кадраў.


Старшыня Гродзенскага абкама гэтага галіновага прафсаюза Міхаіл Сіцько ўручыў Марыне кветкі і грамату за актыўную прафсаюзную дзейнасць па абароне працоўных сацыяльна-эканамічных правоў і законных інтарэсаў членаў прафсаюза, актыўны ўдзел у жыцці арганізацыі. Прыемным дапаўненнем да віншаванняў стала грашовая прэмія.

– За час, што ўзначальваю пярвічную арганізацыю, ўпэўненасць у тым, наколькі важны для любога калектыву і асобнага працаўніка прафсаюз, толькі пабольшала, – падкрэсліла Марына Івашка. – Прыемна, што адзначылі маю работу. Асабліва ўдзячна за дапамогу ў вырашэнні надзённых пытанняў казначэю нашай арганізацыі Валянціне Бразевіч – яна мая правая рука. А старшыні райкама Юрыю Адуле – за прафесійныя парады, кансультацыі, метадычную дапамогу і за прыклад таго, якім павінен быць сапраўдны прафсаюзны лідар. Па вялікім рахунку, мы з’яўляемся сувязнымі паміж наймальнікам і работнікам; чалавек, яго праблемы і клопаты.



Фота з архіва суразмоўцы.


Текст: Алёна Ганулич