Праект “Залаты ўзрост” распачынае новае жыццё
Няўдзячная і нелюбімая журналістамі справа – брацца за чужыя праекты.

(Зрэшты, бываюць выключэнні: у свой час я «падарыла» (дакладней, папрасіла ўратаваць) Вользе Хацяновіч адзін з найбольш любімых сваіх праектаў «Паміж намі, Евачкамі» – і з радасцю і гонарам канстатую, што ён набыў свежае дыханне, пераўтварыўся і заіскрыўся новымі фарбамі, тэмамі і героями.)
Але гэтае выключэнне толькі пацвярджае правіла. Яно і зразумела. Праект нараджаецца, як дзіцятка, у любові і пакутах, сумненнях – ці атрымаецца? – і спадзяваннях, што чытачы прымуць і палюбяць. Аўтар укладвае ў яго свае думкі пачуцці, эмоцыі, бачанне.
А ў іншага аўтара ёсць уласныя думкі, пачуцці і бачанне. І іншыя праекты…
Але выпадак з «Залатым узростам» асаблівы. Наша калега светлай памяці Таіса Сямёнава ўзялася за гэты праект па маёй, тагачаснага галоўнага рэдактара «Астравецкай праўды», прапанове, калі выйшла на заслужаны адпачынак. І ўвесь гэты час, 13 гадоў, была яго нязменным аўтарам. Знаёміла чытачоў «раёнкі» з землякамі, якія і пасля выхаду на пенсію жывуць насычаным жыццём; расказвала пра навіны і падзеі з жыцця розных грамадскіх ветэранскіх аб’яднанняў, суполак і арганізацый, актыўным удзельнікам якіх з’яўлялася сама, выказвала меркаванні пра розныя падзеі жыцця… Словам, было цікава і карысна, думаецца, не толькі людзям «Залатога ўзросту», але і іх дзецям і ўнукам.
І вось Таісы Сямёнаўны не стала – тыдзень назад мінула 40 дзён з дня адыходу яе ў іншы свет. Праект асірацеў…
Нехта скажа: такой бяды! Прыдумаеце іншы!
Гэта насамрэч не самая вялікая бяда. Праекты нараджаюцца і паміраюць, з’яўляюцца іншыя, нічога страшнага ў тым няма.
Але ж гэта быў аўтарскі праект Таісы Сямёнавай, у які яна ўкладвала душу! У рэдакцыі палічылі, што будзе няправільна дазволіць яму знікнуць са старонак газеты. Тым больш, што чытачоў залатога ўзросту ў «Астравецкай праўды», ведаем, нямала. Хай будзе ў іх своеасаблівая пляцоўка ў газеце для абмену інфармацыяй, думкамі, навінамі.
«Падхапіць пахілены сцяг» даверылі мне. Адказнасць, прызнаюся, вялікая. Адразу хачу папярэдзіць, што я не змагу пісаць так, як пісала Таіса Сямёнаўна: у мяне свой стыль, думкі і манера іх перадаваць. Але, спадзяюся, чытачы даруюць мне гэтую непадобнасць.
Для Таісы Сямёнаўны, мне здаецца, было б прыемна ўсведамляць, што праект, якому яна аддала шмат гадоў, працягваюць яе калегі, – напэўна, гэта найлепшая памяць пра чалавека: калі справа яго жыве.
Так што з удзячнасцю папярэдніку і з надзеяй, што чытачы падтрымаюць, у тым ліку сваімі прапановамі і меркаваннямі, тэмамі і адрасамі распачынаем новае жыццё «Залатога ўзросту».
З Богам!
Ніна РЫБІК.
