Пра восеньскія клопаты аграрыяў расказвае загадчык сектара раслінаводства Міхаіл Шлыковіч

Адшумела масавае жніво. Хоць сёлета аграрыі сабралі амаль на 15 тысяч тон збожжа менш, сельгасработ на палях не паменшала. Нездарма кажуць: восень – работ восем. 

Ход і фронт сельскагаспадарчых работ у раёне мы папрасілі пракаменціраваць загадчыка сектара раслінаводства ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіла Шлыковіча: 

– Першымі ў раёне жніўную кампанію завяршылі  КСУП «Гудагай» і «Гервяты» – каля 10 камбайнерскіх экіпажаў гэтых гаспадарак дапамагалі дажынаць хлебаробам з «Міхалішак» і «Варнян». Па папярэдніх звестках, без уліку кукурузы, грачыхі і проса валавы намалот збожжавых склаў каля 44 тысяч тон у бункернай вазе, што амаль на 30% менш, чым летась. Гарачыня ўдарыла па пасевах якраз у перыяд наліву зерня – з-за недахопу вільгаці яно атрымалася шчуплым і легкаважкім.

2.jpg

Дзяржзаказ гаспадаркі раёна выканалі на 80% (па стане на 24 жніўня. – Заўв. А.Г.). Цалкам з заданнем па пастаўцы зерня на перапрацоўчыя прадпрыемствы справіўся КСУП «Гудагай», па некаторых пазіцыях нават перавыканаў план, напрыклад, па півавараным ячмені, пшаніцы. 

Збожжа сёлета адгружаем на агракамбінаты «Скідзельскі», «Гомельхлебпрадукт», Смаргонскі і Мінскі камбінаты хлебапрадуктаў, Смаргонскі хлебазавод і іншыя. Вядома, не абыходзіцца без праблем. Так, РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» здаў найменш пшаніцы: 67% ад плана пры сярэднераённым паказчыку 96%. КСУП «Варняны» яшчэ не выканала заданне па здачы жыта – падводзіць якасць зерня. КСУП «Міхалішкі» не здало яшчэ ні адной тоны піваваранага ячменю. Але, як бы ні было, ураджай саб­раны і засыпаны ў засекі. Самы час думаць пра будучы, тым больш што на падыходзе аптымальныя тэрміны сяўбы азімых, плошча пад якімі сёлета павялічыцца амаль на 500 гектараў і складзе 10 840. Найбольш збожжа сёлета пасеяць у КСУП «Гервяты» – 3 200. 

Гаспадаркі актыўна прыкрываюць у глебу насенне крыжакветкавых, якія зоймуць крыху больш за 3 500 гектараў. На 24 жніўня план выкананы на 66%. 
У апошні час тэрміны сяўбы азімых крыху ссунуліся – варта падстройвацца пад надвор’е. Масава сеяць збожжавыя, пад якія сёлета адвядзём больш за 10 тысяч гектараў, думаю, пачнём у пачатку верасня.

Частку насення крыжакветкавых гаспадаркі раёна бралі праз Шчучынскі занальны інстытут, Жодзінскі інстытут раслінаводства і земляробства. Моцныя сельгаспрадпрыемствы – КСУП «Гудагай» і Гервяты» і часткова РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» набывалі яго ў прыватных фірмах. Нам выдзелена 124 тоны эліты – 24 тоны трыцікале, 85 тон пшаніцы і 15 тон жыта – пры патрэбе 165 тон. Праблематычна сёлета складваецца сітуацыя з насенным матэрыялам трыцікале – пры чым гэта характэрна не толькі для Гродзенскай вобласці, але і ў цэлым для Беларусі. Празмерныя дажджы справакавалі прарастанне зерня ў коласе – адсюль і праблема з насеннем. 

Але, як кажуць, не сяўбой адзінай. Абмалот грачыхі, проса, уборка кукурузы, цукровых буракоў і бульбы… І не паспрачаешся з народнай мудрасцю, што восенню работ восем, а то і больш. 

1.jpg


Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст:
Фото: Алёна Ганулич