Пра татаву навуку расказваюць дочкі

Ёсць меркаванне, што мужчыны часцей мараць пра сыноў, а любяць больш дачок. Магчыма, не ўсе і не заўсёды выстаўляюць свае пачуцці напаказ, але для большасці татаў іх дзяўчынка – прынцэса, сонейка, пястушка…

А што скажуць пра татаў дочкі. Якую ролю ў выхаванні і жыцці сыграў для іх бацька? Пра гэта мы распыталі астраўчанак.

Алена Кусойць, в. Альхоўка

– Мой тата – Іван Рамуальдавіч Каванскі – цудоўны чалавек, любячы і клапатлівы татуля, пяшчотны дзядуля, шчаслівы прадзядуля. Мы, дзеці, вельмі многаму ў яго навучыліся. Па-першае, паважлівым стаўленнем да бацькоў і старэйшых людзей. Мы жылі разам з бацькамі таты. І трэба было бачыць, з якой пашанай, любоўю і клопатам ён да іх адносіўся. Дзеда не стала раней, а бабуля, ці як мы яе называлі бабценька, памерла, калі мне быў 21 год. І ніколі я не чула, як тата не тое, што лаяўся, але і голас на яе павысіў. Хата была невялікая, нас шмат (у Каванскіх трое дзяцей), але дома панавалі згода і ўзаемаразуменне.


Па-другое, пачуццю гумара. У любой кампаніі, падчас любой справы, у любых абставінах тата заўсёды ўмее пажартаваць. Яго гумар добры, бяскрыўдны, але вельмі трапны. Я яго часам называю наш маслякоў. (Усміхаецца.) Муж пасля знаёмства з маімі бацькамі прызнаўся, што за ўсё жыццё не смяяўся столькі, колькі за адзін вечар. У татавай сям’і чацвёра дзяцей, і на летніх канікулах у нас абавязкова збіраюцца ўсе яго пляменнікі са сваімі дзецьмі. “Як гэта мы без жартаў дзядзькі Вані?!” – кажуць усе. Цяпер бацькі засталіся адзінымі жыхарамі вёскі Вялікае Сяло. Аднак хто ні прыязджае сюды на могілкі ці па якой іншаяЙ патрэбе, хоць на хвілінку, але абавязкова заходзяць да таты з мамай справіцца пра іх здароўі. Па-мойму, гэта таксама пра многае гаворыць.

Па-трэцяе, адносінам да дзяцей. Ён ніколі нас не ўшчувае, не навязвае сваё меркаванне, не пярэчыць. Тата кажа так: “Дзеці, вы рабіце так, як вам хочацца і лічыце патрэбным. І ведайце: мы з маці заўсёды побач і падтрымаем вас у любой сітуацыі”. І гэта сапраўды так! Тата – моцная апора, надзейнае плячо, кругласутачная псіхалагічная дапамога. Я бязмерна шчаслівая, што яны з мамай у мяне ёсць, што я магу паехаць да іх і “падсілкавацца” іх пазітывам ці проста патэлефанаваць і пачуць у трубцы роднае: “Ды ў нас усё добра, дачушка, а як у цябе справы, што новага ў унукаў?”

Ала Сініца, г. Астравец:

– Тата, татуля… Менавіта так усё жыццё я называла любімага і дарагога татулечку – Станіслава Юльянавіча Сухарэўскага з вёскі Селевічы. У гэты момант адчувала сябе маленькай дзяўчынкай, а ў 42 гады стала напалову дарослай, бо тата памёр… Аднак засталася памяць і бязмерная любоў. Што для мяне значыў і значыць гэты чалавек і якую ролю адыграў у выхаванні? Вялізную! Такую, што, напэўна, словамі не выказаць, гэта трэба адчуваць душой. Тата многаму мяне навучыў. Напрыклад, любіць не за нешта, а проста так. Ён вельмі кахаў маму, паважаў і клапаціўся. Для мяне тата – прыклад ідэальнага любячага мужа, і, можна сказаць, сваю палавінку шукала, каб быў падобным да яго. Мне пашанцавала: муж такі ж добры, кахаючы і клапатлівы сем’янін.


Яшчэ тата навучыў мяне дапамагаць людзям, давяраць ім, верыць у свае сілы, дасягаць жадаемага, знаходзіць выйсце са складаных сітуацый. І ніколі адразу не выкідваць зламаную рэч, а знайсці спосаб яе адрамантаваць – і ў гэтай простай навуцы хавалася глыбокая жыццёвая філасофія. Ён вучыў знаходзіць час на адпачынак, хаця сам шмат працаваў, і я таксама доўга не магу сядзець без справы.

Магу бясконца расказваць пра тату. Ён быў для апорай, дарадцам, прыкладам, сябрам, на якога заўсёды магла разлічваць. Тата пастаянна называў мяне “мая маленькая дачушка”. І часам я пярэчыла, маўляў, якая я маленькая ў 40 гадоў і сама ўжо маці траіх дзяцей. І чула ў адказ: “Для мяне ты заўсёды будзеш маленькай”.

Дзякуючы татаваму выхаванню, я стала адказнай, спагадлівай, прыстойнай жанчынай з цвёрдым характарам і вытрымкай. І вучуся жыць без яго. Але і зараз так хочацца прыціснуцца да яго моцнага пляча, спытаць парады і адчуць сябе дзяўчынкай, той самай любімай маленькай дачушкай.

Анастасія Ляховіч, г. Астравец:

– Стрыманы ў пачуццях, але заўсёды гатовы дапамагчы – гэта пра майго тату Станіслава Мар’янавіча Клімашэўскага з вёскі Падольцы. Нягледзячы на тое што з дзяцінства больш даверлівыя адносіны ў мяне склаліся з мамай, я заўсёды ведала і адчувала, што тата ніколі і нікому не дазволіць мяне пакрыўдзіць і падтрымае ў складанай сітуацыі. Дарэчы, менавіта ён прывіў нам любоў да працы. “Насця, а пайшлі ў сад, дапаможаш яблыньку пасадзіць”, – заахвочваў ён мяне, а пасля цікава расказваў пра садоўніцтва. Ці мы разам садзілі агарод, нарыхтоўвалі сена, капалі бульбу. Канешне, у дзяцінстве працаваць асабліва не хацелася, але цяпер разумею, што гэта была патрэбная навука, і ўдзячна тату за яе.


А яшчэ ён навучыў паважаць продкаў, цаніць і не губляць сувязь пакаленняў. Мы амаль кожныя выхадныя ездзілі да бабулі з дзядулем, летам дапамагалі, а ў астатнюю пару проста збіраліся ўсе разам, часам хадзілі ў лазню, а пасля пілі духмяную гарбату.

Цяпер тата ўжо сам дзед. І вельмі любіць унукаў. Трэба бачыць, з якой цеплынёй і пяшчотай ён з імі гуляе і не-не, ды і змахне, расчуліўшыся, слязу з вачэй ад шчасця. І я разумею, што тата, хоць і стрыманы, але вельмі любіць нас усіх – і гэта ўзаемна.

Вераніка Арлоўская, г. Астравец:


– Мой тата, Валерый Станіслававіч Арлоўскі, займае ў маім жыцці вельмі важную ролю. Ён для мяне апора і падтрымка ў любых складаных сітуацыях, з якіх заўсёды знойдзе выйсце і дапаможа, а таксама ўпэўніць, што ўсё будзе добра. У таты сур’ёзная прафесія, ён рацыянальны, ураўнаважаны, цярплівы, адказны і сумленны. Усё гэта я і стараюся ў яго пераняць. Але самае галоўнае – бязмежная татава любоў, якую адчуваю з самага дзяцінства літаральна ва ўсім. Ён імкнецца даць самае лепшае, дапамагае і аберагае. Я вельмі люблю, паважаю і цаню татулю. Ён самы лепшы!

Текст: Марина Гавдурович
Фото: из архива героинь