Пра сустрэчы з Адамам Мальдзісам успамінае Ларыса Мартынава

Пра сустрэчы з нашым слынным земляком пра­фесарам Адамам Мальдзісам расказвае ветэран педагагічнай працы, аўтар кнігі пра гісторыю першай астравецкай школы Ларыса Мартынава.

– На жаль, мне не так часта даводзілася сустракацца з Адамам Мальдзісам. Тым не менш, стасункі з гэтым, без перабольшвання, вялікім чалавекам  многаму навучылі –  спадзяюся, што нехта, убачыўшы яго маімі вачыма, даведаецца пра яго больш.

19 лістапада 2015 года, пад­няў­шыся ранкам, я адкінула ра­нейшыя сумненні – а было іх нямала – і вырашыла збіраць матэрыялы пра гісторыю СШ №1, у якой некалі працавала. Пачала сустракацца з людзьмі, запісваць іх успаміны, шукаць дакументы. Тады і даведалася, што астравецкую школу ў 1951 годзе закончыў прафесар Адам Мальдзіс. Да таго сустракацца з ім не даводзілася – я не тутэйшая і не магу пахваліцца, што добра ведаю мясцовых лю­дзей. Падказалі, што звесткі пра славутага земляка можна знайсці ў Гудагайскай СШ.  Патэлефанавала кіраўніку школьнага музея Марыі Карлаўне Васілёнак, расказала пра свой клопат. «У нас цэлы раздзел прысвечаны Маль­дзісу. Прыязджайце», – прапанавала яна. 



У музеі даведалася шмат новага для сябе, цікавага, многае занатавала. І прамовіла ўслых сваё жаданне:

– Вось бы сустрэцца, пагутарыць з Адамам Восіпавічам… 

– Ды лёгка! – усміхнулася Марыя Карлаўна. 

– Як гэта – лёгка?! З прафесарам? 

– Ён вельмі просты чалавек. Не хвалюйцеся: сустрэне, накор­міць-напоіць, яшчэ і з сабой дасць! – запэўніла Марыя Кар­лаў­на. І падзялілася нумарам тэлефо­на.
Пазваніла, прадставілася, рас­ка­зала, над чым працую, – і неў­забаве мы сустрэліся. Раз­маў­лялі гадзіны дзве ці тры: пілі гарбату з хатнім варэннем, што я прывезла ў якасці гасцінца, Адам Восіпавіч расказваў пра школу, аднакласнікаў. 

Шмат цікавага пра сябе і сваю сям’ю паведаміў тады Адам Восі­павіч: як бацька ў Першую сусветную вайну трапіў у палон і затым дабіраўся дахаты з Баварыі пехатой; чаму іх хата ў Расолах была адзіная ў акрузе крытая гонтам; як Адась, які вучыўся на адны «пяцёркі», не атрымаў залаты медаль і атэстат сталасці яму выдалі толькі пасля таго, як з Белдзяржуніверсітэта па­тэлефанавалі ў райкам партыі і пацікавіліся, чаму выпускніку не аддаюць дакумент аб заканчэнні школы. 

Дарэчы, менавіта Адам Маль­дзіс прапанаваў матэрыялы, якія збі­раю, выдаць асобнай кнігай – я перш называла гэта летапісам школы. 

– Які летапіс? – абурыўся ён. – Кніга патрэбна! 

– Ну што вы! – замахала рукамі. – Дзе я – а дзе кніга!

– Ды што там складанага – кніжку напісаць! 

– Вам, можа, і проста, вы гэтыя кніжкі, як піражкі, пячэце. 

…Падчас той сустрэчы атрымала ад Мальдзіса ўрок, які запомніла на ўсё жыццё. Калі пачалі размаўляць пра школу,  пасунула нейкую паперчыну на яго рабочым стале, каб зручней уладкавацца з блакнотам.

– Што, перашкаджае? – спытаў Мальдзіс. 

І, узяўшы той аркуш, сказаў:

– Сёння гэта звычайная паперка, а праз пяцьдзясят гадоў яна стане дакументам.

Тады зразумела, што любая  папера з цягам часу можа стаць гісторыяй. 

Потым было яшчэ некалькі суст­рэч з Адамам Восіпавічам. Ён рэдагаваў некаторыя часткі кнігі: прадмову, змест, эпілог, пэўныя раздзелы. У мяне захаваліся аркушы з праўкамі Мальдзіса – самі па сабе яны ўжо музейныя экспанаты. Хоць і тых, што ён перадаў у музей, нямала. Падчас той першай сустрэчы Адам Восіпавіч  падарыў мне кнігі – уласныя і іншых аўтараў з іх аўтографамі, гранкі аповесці «Восень пасярод вясны», аўтарэфераты канды­­дацкай і доктарскай дысерта­цый, тэлефонны даведнік, асабістыя блакноты, граматы... Пра­фе­сар дазволіў распараджац­ца матэ­рыяламі, як палічу патрэбным. Зрабіла вопіс – там было 20 адзі­нак. Большую частку матэ­рыялаў перадала ў музей СШ №1 Вользе Нікалайкавай. Два асабістыя блакноты – гудагайскай школе, адзін – СШ №2, стары будынак якой некалі быў адзінай астравецкай школай.

А самыя, на мой погляд, каш­тоўныя – школьны дзённік Маль­дзіса «Прыгоды Адася», на­пі­са­ны па-польску, і экслібрыс, дзе на фоне варнянскай вежы – вершнік, у якога замест кап’я – пяро, з надпісам «Кніга Адама Маль­дзіса», – пакінула на той час, калі ў СШ №1 адкрыецца музей выпускнікоў, ідэю якога выказаў у свой час Адам Восіпавіч і пра які я таксама мару. Гэта будзе «вішанька на торце», яго пры­ві­танне роднай школе. 

…Асабліва памятнай стала апошняя сустрэча з Мальдзісам у кастрычніку 2017 года. Адам Во­сіпавіч адчуваў сябе не вельмі добра, і мы з мужам паехалі да яго дахаты, трэба было заб­раць рукапіс кнігі. Папярэдне патэ­лефанаваўшы, прыехалі ў мін­скую кватэру на вуліцы Чарвякова. Адам Восіпавіч выйшаў да нас сівы, як лунь, няголены – і кінулася ў вочы яго падабенства з Эрнэстам Хэмінгуэем: прыгожы выскародны твар, белая барада… Вельмі шкадую, што не зрабіла тады фотаздымак. 

Асаблівага парадку ў кватэры не было, але ў пакоі, які служыў яму кабінетам, у паперах – ідэальны: усё ў акуратных стосах, якія былі паўсюль: у шафе, на стале, на крэслах. Відаць, Адам Восіпавіч па-ранейшаму імкнуўся працаваць. На адной з папак заўважыла надпіс «Горад Быстрыца», кінуўся ў вочы пакет са зваротным адрасам Зэльвы – да яго па-ранейшаму звярталіся за дапамогай. Падчас нашай размовы зазваніў тэлефон, Адама Восіпавіча запрашалі ў купалаўскі тэатр на нейкую імпрэзу – ён ветліва адмовіўся. 

Падчас той сустрэчы ён па­даўся  вельмі самотным. «Адзін?» – спытала, злавіўшы яго патухлы позірк. «Адзін…» – адка­заў ён ціха. І столькі было ў тым голасе суму і стоенага болю, што захацелася яго абняць… Ён прытуліўся, як малое дзіця. Падумалася: напэўна, з часу, калі памерла жонка, яго ніхто не абдымаў, толькі руку паціскалі. Мы пасядзелі так некалькі хвілін – і я не столькі зразумела, як адчула, што бачу Адама Восіпавіча ў апошні раз…

Удзячна лёсу і Богу, што звялі мяне з гэтым выключным чалавекам – Адамам Мальдзісам – і я змагла зведаць яго веліч і адначасова – прастату. 


Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber  https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Северный вектор Гродненщины» по короткой ссылке https://t.me/severvg.

Самые интересные новости Островецкого, Ошмянского и Сморгонского районов.


Текст: Нина Рыбик