Пра мару аб Афрыцы і службе ў Егіпце ўспамінае воін-інтэрнацыяналіст Іван Рынкевіч

Штогод 15 лютага ў Беларусі адзначаецца Дзень памяці воінаў-інтэрна­цыяналістаў, сярод якіх былі і нашы землякі. Штогод да гэтай даты на старонках газеты мы стараемся расказаць пра некаторых з іх. Штогод, успамінаючы падзеі 40-гадовай даўніны, яны зноў і зноў вяртаюцца ў пекла на зямлі пад назвай вайна… І хай выбачаюць воіны-інтэрнацыяналісты, што даводзіцца ўзгадваць балючае, але іх успаміны каштоўныя і неабходныя нашчадкам. Бо нездарма казаў Роберт Раждзественскі: «Гэта патрэбна жывым!»

Марыў пра Афрыку, служыў у Егіпце

Астраўчанін Іван Рын­кевіч – воін-інтэрна­цыя­­наліст у крыху нязвык­лым ад агульнапрынятага разумення, бо ён не ўдзельнічаў у Афганскай вайне. Магчыма, хтосьці не ведае, але гэты статус прысвоены не толькі хлопцам, якія былі накіраваны ў Дэмакратычную Рэспубліку Афганістан у 1979-1989 гадах, але ўсім, хто ў пэўны час выконваў заданне Айчыны ў розных кутках свету, рызыкуючы жыццём. Сірыя, В’етнам, Лаос, Ангола, Бангладэш… Спіс краін, дзе савецкія салдаты выконвалі інтэрнацыянальны абавязак, немалы. Быў сярод іх і астравецкі юнак Іван. 

Мужчына родам з Едак­ланяў, тут скончыў пачатковую школу, а ў старэйшыя класы хадзіў у Астравец. Менавіта там, на адным з урокаў геаграфіі і пачуў хлопчык пра дзіўную і чароўную Афрыку. Чым прывабіў гэты мацярык, ён і цяпер дакладна адказаць не можа, але тады, слухаючы расповеды настаўніка, багатае ўяўленне вучня малявала экзатычныя вобразы загадкавых пірамід, магутнага Ніла, непралазнага і адначасова прыцягальнага гушчару джунгляў з рознакаляровай разнастайнасцю невядомых дрэў і раслін. «Эх, пабачыць бы тую Афрыку хоць адным вокам…» – летуценна марыў Іван. Але ў падсвядомасці разумеў, што гэта кшталту фантастыкі: дзе – ён, а дзе – тая Афрыка…

Пасля заканчэння школы Іван вывучыўся на слесара-рамонтніка ў Вільнюсе і крыху папрацаваў на заводзе электралічыльнікаў. Вярнуўшыся на Астравеччыну, скарыстаўся магчымасцю ад ваенкамата асвоіць вадзіцельскія азы на катэгорыю «С». Нават паспеў некалькі месяцаў папрактыкавацца ў шафёрстве ў райсаюзе. А затым прыйшла павестка ў армію.

Расказвае Іван Рынкевіч:

– Гэта была восень 1971-га. «Вучэбку» праходзіў у аўтамабільных войсках у Плешчаніцах пад Мінскам. Пасля адправілі ў Балтыйск у адну з часцей супрацьпаветранай абароны. Там асвойвалі ўжо зусім іншую навуку: ракетамі на спецыяльных устаноўках кіраваць, самалёты збіваць ды паветраную прастору ахоўваць.

Для ўдасканальвання ведаў і адточвання майстэрства нават адправілі на палігон «Ашулук». А што мы? Цікава ў такім месцы на вучэннях пабываць, ды і не задумваліся асабліва: у арміі загады не абмяркоўваюцца. Пасля палігона вярнуліся ў Балтыйск, але хутка зноў паклікала дарога. На гэты раз пунктам прызначэння стаў украінскі Нікалаеў. Там нас пераапранулі ў звычайнае, не вайсковае, адзенне, пасадзілі на цеплаход «Расія», і паплылі мы ў Егіпет – выконваць інтэрнацыянальны абавязак, дапамагаючы мясцоваму народу супрацьстаяць варожым нападам ізраільцян. Вось такім чынам ажыццявілася мая мара паглядзець на Афрыку. (Усміхаецца.) Праўда, уяўляў я сваё падарожжа зусім па-іншаму. 

У Егіпце, а менавіта ў Александрыі, чакаў гасцінны прыём. Там я ўпершыню пакаштаваў кола-колу. А затым пасадзілі ў цягнік – і курс на Каір. Перад адпраўленнем выдалі сухі паёк і папярэдзілі: бутэрброды можаце з’есці, а вось садавіну з гароднінай лепш не трэба – горача, яна хутка псуецца, таму можна атруціцца.

Цягнік за Александрыяй прыпыніўся і мы небяспечную ежу выкінулі праз вокны. Убачыўшы гэта, збеглася мясцовая дзятва ў паласатых халатах і давай гародніну хапаць, а паліцэйскія з дубінкамі разганяць іх. Назіраць за гэтым было дзіка. 

Прывезлі нас у часць, якая размяшчалася ля пасёлка Абу-Азабаль. Выдалі егіпецкую форму. Ні дакументаў, ні знакаў адрознення не было. Загад адзін – ахоўваць паветраную прастору. Тут стаяў радар і 4 пускавыя ўстаноўкі. Я быў механікам-вадзіцелем цягача і пры нападзе павінен быў падвозіць і зараджаць ракеты. Па трывозе падымалі амаль штодзень, бо ізраільскія самалёты часта з’яўляліся на нашых радарах, але, на шчасце, хутка знікалі, і за час службы ў баявых дзеяннях удзельнічаць не давялося. Наогул сітуацыя тады наладжвалася: быў 1972 год, да ўлады прыйшоў Анвар Садат, паміж краінамі наступіла адноснае перамір’е і нас хутка папрасілі пакінуць Егіпет. Таму служба тут была нядоўгай – крыху больш за чатыры месяцы. І ўсё ж 15 чалавек з нашай часці дадому не вярнуліся... 

Што ўразіла на чужыне? Напэўна, больш за ўсё нязвыклы гарачы клімат. Праўда, ён сухі, таму лягчэй пераносілі. Помню, цэлы тыдзень 55 градусаў спякоты было, у астатні час – плюс 45-50 па Цэльсію. А так – нічога асаблівага. Кармілі добра, прадукты звычайныя. Адзінае, хлеб быў толькі белы. Таму калі з дому камусьці сухары чорнага прысылалі – гэта быў, лічы, далікатэс. (Смяецца.) 

Іван Рынкевіч з сябрам

Іван Рынкевіч з сябрам

Пасля Егіпта Іван Яцкавіч служыў у часці Балтыйска. У адпачынак яго так і не адправілі. Дэмабілізаваўся ў 1973-м. Уладкаваўся вадзіцелем на «хуткую дапамогу», пазнаёміўся з усмешлівым фельчарам Галінай, якая пасля стала яго жонкай. Пра армейскія будні па-за Радзімай расказваў неахвотна, аргументуючы коратка – гэта сакрэтная інфармацыя. А калі жанчына прачытала ў «раёнцы» аб’яву аб тым, каб людзі, якія служылі ў пэўныя гады ў краінах, дзе праходзілі ваенныя дзеянні, з’явіліся ў ваенкамат, і паведаміла гэта мужу, ісці туды адмовіўся. Маўляў, у мяне ж нават запісу ніякага ў ваенніку няма, толькі «СССР, в/ч 45800» – і ўсё. Галіна настаяла на сваім, і пасля пацвярджэння ў вышэйшых ваенных інстанцыях Івану Яцкавічу выдалі пасведчанне і значок воіна-інтэрнацыяналіста.

– Канешне, у адрозненне ад хлопцаў, што служылі ў Афганістане, мне пашанцавала – што яны бачылі і перажылі, не пажадаеш ворагу, – адзначыў Іван Рынкевіч. – Раней наведваў мітынгі 15 лютага, цяпер з-за праблем са здароўем не хаджу, але пры нагодзе мы з імі стасуемся. Сяргею Івашку дык і наогул асобная ўдзячнасць за клопат і ўвагу, калі ляжу ў бальніцы. Астатнім хлопцам – толькі здароўя. А ўсім людзям – мірнага неба і ніколі не зведаць вайны. 

Текст: Марина Гавдурович
Фото: Марина Гавдурович, из архива героя