Пра што нагадаў Рэгіне Дрэме мамін ручнік
Я клалася спаць – мама ткала, падымалася – на стале ўзвышалася гара бліноў і стаяла патэльня са скваркамі і яечняй. «Ешце, дзеці, – гаварыла яна нам, – а я пабегла на работу». «Мама, цi спiш ты хоць калi?» – пыталася я часам. «Сплю, дзеткi, сплю», – смяялася яна ў адказ.
Не памятаю маму сумнай, раззлаванай, сярдзітай – заўсёды з усмешкай, з жартамі. А жыццё ж пражыла нялёгкае. Яна была адзінаццатым дзіцем у сям’і Замараў, назвалі яе Геленай. З маленства цяжка працавала, у бацькоў было 11 гектараў зямлі, вялікая гаспадарка. У 19 гадоў выйшла замуж – дарэчы, нават прозвішча мяняць не давялося: Юзік з Германішак таксама быў Замарам. Пабудавалi невялiчкую хацiнку, дзе i нарадзiлася трое дзяцей. Працавалi ў калгасе: бацька – конюхам, мацi – на палявых работах. I ў хаце работы хапала. Мама ўсё ўмела рабіць – i жаночыя справы, i мужчынскія былі на ёй. Працавала, сябе не шкадуючы, – можа, таму і адняліся ногі ў старасці?
Я забрала матулю да сябе ў Вільнюс. Мой муж памёр маладым, я адна гадавала дачушку, мама імкнулася мне дапамагчы. Але чым, калі яна толькі і магла, што прайсці па пакоі, ды і то з цяжкасцю? Дык яна, лежачы ды седзячы, стала вязаць! Майстрыха была адмысловая, хутка ў яе з’явіліся заказчыкі. Мае сяброўкі любілі да нас заходзіць, пагаманіць з мамай, падзяліцца сакрэтамі, ведаючы, што нікому нічога не раскажа, а параду слушную дасць. І прадаваць яе вязаныя рэчы дапамагалі – а мама радавалася, што і ад яе карысць у доме!
…Ужо 33 гады няма мамы. А ручнік яе застаўся! Злавіла сябе на думцы: яму ж амаль столькі гадоў, як і мне, прыкладна 70! Была б рада перадаць гэтую рэліквію ў музей – няхай жыве маміна памяць, саграе цяплом яе рук дзяцей і дарослых, якія будуць любавацца гэтым творам народнага мастацтва.

