Пра што мараць выпускнікі Астравеччыны і кім яны хочуць стаць
Вытанчаныя дзяўчаты ў прыгожых сукенках, падцягнутыя юнакі ў строгіх касцюмах – апошні званок 16 чэрвеня прагучаў у Астраўцы для 181 учарашняга адзінаццацікласніка на раённым свяце. У выпускнікоў розных школ карэспандэнт «АП» пацікавіўся, пра што яны мараць і кім хочуць стаць.
Арцём Марцінкевіч, Кемелішская СШ:
– Упэўнены, што наперадзе мяне чакае светлая будучыня, цікавыя сустрэчы і знаёмствы з новымі людзьмі. У будучым бачу сябе фітнэс-трэнерам. Планую дапамагаць людзям станавіцца больш прыгожымі і здаровымі.
Таццяна Міхно, Гудагайская СШ:
– Самая запаветная мара для любога выпускніка – паступіць і стаць студэнтам. А далей? Хочацца стаць самастойнай, закончыць вну, знайсці добрую работу… Здорава было б, каб усё гэта спраўдзілася! З вышэйшай установай і спецыялізацыяй вызначылася – мяне цікавяць біятэхналогіі.
Арцём Коўшык, Падольская СШ:
– Хочацца хутчэй стаць па-сапраўднаму дарослым, пабудаваць сваю будучыню і стаць шчаслівым. У школе, канешне, было здорава, і я ўдзячны за падтрымку бацькам, класнаму кіраўніку Святлане Іванаўне Сінкевіч, але самастойнае жыццё, мне здаецца, будзе цікавейшым. Вырашыў стаць міліцыянерам, каб ахоўваць спакой нашых грамадзян.
Іван Вянгроўскі, СШ №2 Астраўца:
– Думаю, пра хуткае і беспраблемнае паступленне, мару не я адзін. (Усміхаецца.) Падаў дакументы ў вну, даведаўся, што цябе залічылі, – ідэальны варыянт. Гэта бліжэйшая перспектыва. Таксама важна, каб хапіла здароўя, цярпення, нерваў – усё ж вучоба ў школе і ва ўніверсітэце – дзве розныя рэчы. У далейшым хочацца атрымліваць дастойную зарплату, для гэтага трэба не толькі працаваць, але і самаразвівацца, быць запатрабаваным спецыялістам. Планую паступаць на юрыста.
Дамініка Кармаза, Рымдзюнская СШ:
– Хоць у нашай школе толькі два выпускнікі (я і Саша), тым не менш, гэта быў цудоўны час. Удзячна настаўнікам не толькі за індывідуальны падыход – усё ж даводзілася рыхтавацца да кожнага ўрока, але і ўвагу, падказкі. Упэўнена, што гэты вопыт мне спатрэбіцца ў дарослым жыцці. Задумваюся не толькі пра сваю будучыню, але і лёс Астравеччыны і Беларусі. Мару дасягнуць поспеху. А ён, як па мне, праяўляецца ў тым, калі ты стаў харошым чалавекам і знайшоў сваю справу. Бачу сябе медыцынскім работнікам.
Няхай мары нашых дзяцей абавязкова збываюцца!
