Пра што б вы спыталі ў Якуба Коласа?
Ці добра гэта, адчула не так даўно, калі апынулася па другі бок дыктафона, у тым канкрэтным выпадку – мікрафона і тэлекамеры. Вядучы папулярнага тэлепраекта «Суразмоўцы», што выходзіць кожную суботу на «Беларусь 3», вядомы беларускі пісьменнік Навум Гальпяровіч нібы між іншым спытаў: калі б была такая магчымасць, пра што вы спыталі б у Якуба Коласа?
Як кажуць у такіх выпадках маладыя, я «завісла», прычым надоўга – добра, што гэта быў не прамы эфір… Сабраўшыся з думкамі, вырашыла «спытаць» у класіка пра тое, што хвалюе мяне. Я часцей за ўсё незадаволена сваімі творамі, праз тыдзень-месяц-год мне хочацца іх перарабіць, перапісаць. А яму, перачытваючы напісанае, ці хацелася нешта палепшыць у бездакорных, на погляд сучаснікаў, «Новай зямлі» ці «На ростанях»?
Адказ я, вядома ж, не атрымала. Але разважаючы аб гэтым усю зваротную дарогу з Мінска, зразумела, што часам пытанне больш важнае, чым адказ на яго. І папрасіла сваіх рэальных і віртуальных сяброў таксама адчуць сябе суразмоўцам Навума Гальпяровіча і спытаць Якуба Коласа пра набалелае.
Былы супрацоўнік «Астравецкай праўды», педагог і дзіцячы пісьменнік Інэса Сваток (у Астраўцы яе памятаюць як Багдзевіч) агучыла пытанне, якое сёння хвалюе многіх бацькоў і настаўнікаў: як зрабiць, каб беларуская кнiга для дзяцей стала больш прыцягальнай за тэлефон? І сама ж прапанавала адказ на яго, які, па словах Інэсы, яна знайшла ў аповесці Якуба Коласа «На ростанях» у сцэне размовы Сцёпкі i Аленкі: трэба, каб гэта была такая цікавая рэч, што падлетку i не снiлася! І дадае ад сябе: у сённяшніх умовах гэта павінна быць нешта, спалучанае з сучаснымі тэхналогiямі.
Пра тое, чаму дзеці мала чытаюць, турбуецца ўрач, маці траіх дзяцей Наталля Івашка. Яна, калі б магла, задала б класіку такое пытанне: «Паважаны Якуб Колас, прыемна адчуваць у вашых творах ваш час, жыццё, годнасць i сумленне. А спытаць хачу парады: колькi часу штодня трэба чытаць дзіцяці, каб яно заўсёды жыло ў свеце кнiг, мела правільныя думкі і ўмела прыгожа іх выказваць, годна пражываць кожны дзень?»
Ветэран педагагічнай працы Марыя Васілёнак папрасіла б аднаго з заснавальнікаў беларускай літаратуры ацаніць яе сённяшні стан, вызначыць лепшыя, на яго думку, творы сучасных пісьменнікаў.
А вось у ашмянскай журналісткі Ганны Давідовіч ёсць прэтэнзія да Якуба Коласа: чаму толькі адну «Новую зямлю» напісаў? Ну сапраўды – мог бы і больш…
Нашу смаргонскую калегу Галіну Антонаву прапанова задаць пытанне класіку прымусіла ўзгадаць свайго бацьку і мясцовую, хутчэй за ўсё, байку.
«Мой бацька за святочным сталом не раз расказваў быццам бы праўдзівую гісторыю пра Купалу і Коласа, – піша Галіна. – Маўляў, Янка Купала любіў пры нагодзе ўзяць лішку, і аднойчы яго жонка папрасіла Якуба Коласа, каб той паўшчуваў сябра. І той стаў павучаць: «Дарагі Янка, ты водку пі, ды меру ведай, і лішку не бяры ніколі: як ракам стаў, то і даволі». Звычайна мой бацька так адказваў госцю, калі той адмаўляўся выпіць, казаў, што ўжо хопіць, – тады ён «цытаваў» пісьменніка. Дык вось я і спытала б у класіка: сапраўды такое было ці гэта народны фальклор?»
Пэўна ж, фальклор! Але калі пра пісьменніка складаюць байкі і анекдоты – значыць, ён па-сапраўднаму народны.
А вы пра што спыталі б у Якуба Коласа, калі б надарылася магчымасць пагаварыць з ім за кубкам гарбаты?
Пішыце ў каментарыях у суполках «Астравецкай праўды» ў сацыяльных сетках – цікава будзе пачытаць.
Перадачу «Суразмоўцы» з Нінай Рыбік можна паглядзець на тэлеканале «Беларусь 3» у суботу, 3 верасня, у 20.25.

