Пра Папялец і Вялікі пост расказвае Павел Звяжынскі
Ксёндз Павел ЗВЯЖЫНСКІ, пробашч парафіі Святога Юрыя ў Варнянах:
– Папяльцовая серада распачынае Вялікі Пост, які доўжыцца 40 дзён. У гэты дзень святары пасыпалі галовы вернікаў попелам ад спаленых вербачак. Многія з нас з дзяцінства памятаюць словы, якія прамаўляе ксёндз пры гэтым: «З попелу паўстаў – у попел і ператворышся» – але нямногія задумваюцца над іх сэнсам.
Пасыпанне попелам галоў – сімвал прызнання чалавечай недасканаласці, верхавенства Бога і хуткаплыннасці часу. У імкненні да матэрыяльных даброт, дасягненні пэўнага сацыяльнага статусу чалавек часта губляе самаго сябе, сваю Божую існасць і забываецца, што на той свет з сабой нічога не возьме: ні грошы, ні пасаду, ні дабрабыт.
Да прыкладу, забараняецца ўдзельнічаць у гучных забавах. Згодна з касцёльнай запаведдзю, неабходна ўстрымлівацца ад ужывання мяса ва ўсе пятніцы Вялікага посту і ўсяго каляндарнага посту, калі на іх не прыпадае літургічная ўрачыстасць. У некаторых мясцовасцях гэтая традыцыя распаўсюджваецца і на Вялікую суботу, а часам – і на сераду.
Абмежаванне ў ежы падчас Вялікага посту распаўсюджваецца на вернікаў ад 14 да 60 гадоў. Калі чалавек па аб’ектыўных прычынах, напрыклад, па стане здароўя ці цяжарнасці, не можа прытрымлівацца посту – гэта не лічыцца грахом. Больш таго, у асобных выпадках згодна з прадпісаннямі дыяцэзіяльнага біскупа пробашч можа вызваліць ад абавязку прытрымлівання посту ці захавання пакаяння і замяніць іх на іншыя пабожныя ўчынкі.
Але ў перыяд Вялікага посту на першы план у жыцці кожнага веруючага павінна выходзіць яго духоўнае жыццё, а не абмежаванні ў ежы. Нездарма гэты перыяд называюць часам пакаяння. Касцёл у гэты перыяд заахвочвае да добрых учынкаў: малітвы і дапамогі бліжнім. Не можаце дапамагчы чалавеку, які знаходзіцца ў складанай жыццёвай сітуацыі, – шчыра памаліцеся за яго. Не атрымліваецца паўдзельнічаць у пятніцу ў Крыжовай дарозе – з’ездзіце ў любы дзень да пажылых і адзінокіх людзей, што дажываюць свой век у Міхалішкаўскай бальніцы, ці схадзіце да дзетак у Варнянскі прытулак. Добрыя справы і асабістае выпраўленне – шлях да збаўлення. І каб гэта зрабіць, грошы не патрэбны. Кожны чалавек прагне ўвагі, клопату і любові…
Найлепш падрыхтавацца да найважнейшага каталіцкага свята – Уваскрашэння Хрыстова – кожны вернік можа праз удзел у імшы, Крыжовай дарозе, Песнях жальбы, рэкалекцыях і споведзі.
…Памятайце: Вялікі пост – гэта не столькі адмова ад мясных страў і гучных забаў, а падрыхтоўка да сустрэчы з уваскрослым Хрыстом. Ён мучыўся на крыжы і дзеля збаўлення кожнага з нас аддаў сваё жыццё… Як аддзячыць Хрысту за гэтую ласку – галоўнае пытанне, на якое кожны з нас павінен знайсці адказ не толькі ў думках, словах, але і ў справах у гэты перыяд – і выправіцца, стаць лепшым.