Пра ўнікальныя сапоцкінскія васкаванкі расказвае Валянціна Праўлуцкая
На Астравеччыне жыве жанчына, якая валодае гэтым унікальным роспісам яек, які па праву можна лічыць адным з нематэрыяльных цудаў Беларусі.
Напрасіцца на майстар-клас па васкаванні яек у мяне не атрымалася – аказваецца, інгрэдыенты для фарбы яек трэба нарыхтоўваць за некалькі тыдняў да свята, але настаўніца беларускай мовы і літаратуры Рымдзюнскай школы з беларускай мовай навучання Валянціна Праўлуцкая ўсё ж згадзілася расказаць пра роспіс яек.
Едучы да гераіні, прызнацца, шкадавала, што на свае вочы не пабачу, як нараджаюцца знакамітыя сапоцкінскія васкаванкі. Але падчас размовы з Валянцінай, слухаючы яе мілагучную натуральную беларускую гаворку, гледзячы ў яе блакітныя светлыя вочы, зразумела, што памылялася…
Зрэшты, мяркуйце самі.
– Родам я з-пад Гродна, з вёскі Радзівілкі, што непадалёк ад знакамітага Сапоцкіна. Я са шматдзетнай сям’і – у бацькоў нас шасцёра.
Вялікдзень заўсёды быў для нас асаблівым святам. У вёсцы да яго рыхтаваліся не за тыдзень, а за некалькі месяцаў. Дома, у хлявах, побач з хатай і гаспадарчымі пабудовамі наводзіўся парадак: да Вербнай нядзелі кожны куток трэба было вымесці і прыбраць.
Пачынаючы з Вялікага чацвярга і да Велікоднай нядзелі ў нас забаранялася цяжка працаваць. Лічылася, што гэтыя дні лепш прысвяціць унутранай падрыхтоўцы да свята.
У маім дзяцінстве Вялікдзень нельга было ўявіць без пульхных пірагоў. Калі маці даставала іх з печы, хата напаўнялася водарам, а мы з сёстрамі і братамі толькі слінку глыталі. Булкі дазвалялася есці ў нядзелю. Я сама пяку пірагі, але такія смачныя, як у мамы, у мяне не атрымліваюцца.
Увогуле мама, светлая ёй памяць, была Маці і Гаспадыняй з вялікай літары. Усё яна ўмела рабіць і ўсё паспявала: і ў хаце чыста было, і гатавала смачна, і рукадзельніцай была: прала, ткала, вышывала, шыла. Да ўсяго была здатная.
Чаму так: мы жывём з выгодамі, а часу не стае?
Унікальныя васкаванкі
– За некалькі тыдняў да Вялікадня тата з малодшым братам ішлі на рэчку, каб нарыхтаваць кару вольхі. Роспісам яек воскам займалася толькі маці, а нарыхтоўка кары была клопатам нашых мужчын.
Унікальнасць сапоцкінскіх васкаванак – у іх чорным колеры. За некалькі тыдняў да Вялікадня маці клала ў пасудзіну кару вольхі, іржавыя цвікі, усё гэта залівала халоднай вадой і вытрымлівала раствор некалькі тыдняў.
З чацвярга мама пачынала распісваць яйкі. З самай раніцы бацька прапальваў печ, вуголле высыпалася ў чыгунок, на яго ставіўся керамічны сподачак, у які пакрысе апускаўся кавалачак пчалінага воску. Потым тонкімі іголкамі і цвічкамі мама распісвала яйкі. Памятаю: сядзіць ля цёплай печы, каб воск не паспеў астыць...
Потым усе васкаванкі на 15 хвілін апускалі ў падрыхтаваны раствор з кары вольхі і іржавых цвікоў. Але і тут патрэбна было праявіць майстэрства: у нас, у Радзівілках, воскам распісвалі толькі сырыя яйкі, таму апускаць іх у ваду трэба было асцярожна, каб не пабіць.
У суботу іх адварвалі ў шалупінні цыбулі, каб пазбавіцца воску. Атрымлівалася знакамітая сапоцкінская пісанка: белы ўзор на цёмна-карычневым альбо чорным фоне. Пялёсткі атрымліваліся роўныя, адзін у адзін – па іх, да слова, і пазнаюць сапоцкінскія пісанкі.
Звычайна на яйках майстрыхі выводзілі прыродныя матывы: узоры вярбы, рамонкаў, васількоў, збажыны ў спалучэнні з рожкамі, хвалямі, рысачкамі і кропачкамі. Назіраеш за працэсам роспісу яйка і падумаць не можаш, што з гэтага потым такая прыгажосць атрымаецца!
Пакуль сама не пачала займацца васкаваннем яек, не ўяўляла, наколькі гэта тонкая і карпатлівая работа. Не там рыску паставіш – і ўвесь малюнак паплыў…
Гасцей у доме заўсёды было шмат, таму распісваўся не адзін дзясятак яек. Узоры заўсёды былі рознымі. Пісанка ў гэтым сэнсе – унікальная, тут складана паўтарыцца.
Распісваць яйкі нашым мясцовым спосабам я стала толькі ў 30 гадоў. Магчыма, прыйшоў час наследаваць традыцыі ці я дарасла да гэтага... Не ведаю… Мама была далёка: я пераехала на Астравеччыну пасля вучылішча і дома бывала рэдка, але кавалачак свайго дзяцінства захацелася аднавіць і перадаць сваім дочкам.
Калі збоку сядзіш, здаецца, што там складанага выводзіць розныя выкрунтасы і загагуліны? А калі занялася сапоцкінскім роспісам, зразумела ўсе цяжкасці гэтай справы. Пастаўленая не ў тым месцы кропелька потым праявіцца белай плямай, як на фотаздымку.
У мяне ёсць дзве сястры. Кожная з нас нешта ад мамы пераняла: адна гаспадыня цудоўная, другая – рукадзельніца, а я раблю пісанкі. (Усміхаецца).
Кожнае яйка распісваю для некага персанальна: пляменніка, хроснага сыночка, дачушак… Раблю гэта толькі для родных і блізкіх.
Бывае, закруцішся ў справах перад святам – і ўжо позна рабіць чорныя пісанкі. Спрабавала распіcваць яйкі ў іншых тэхніках – атрымлівалася прыгожа, але не тое, не маё.
Яйкі воскам распісваю не кожны год – ад настрою залежыць, але перыядычна вяртаюся да таго часу – у сваё дзяцінства, – дзе на Вялікдзень абавязкова былі чорныя распісныя яйкі і круглабокія духмяныя пірагі.
Вера
– Маё дзяцінства прыпала на атэістычны час: мы былі піянерамі, камсамольцамі – хадзіць у касцёл строга забаранялася. Мама ўпотайкі, каб ніхто не бачыў, адна хадзіла ў храм.
Нягледзячы на гэта, усіх нас, шасцярых, ахрысцілі ў касцёле і давялі да першай камуніі.
Толькі дзесьці ў канцы 80-х можна было без страху хадзіць у храм. Але забароны, відаць, аказалі негатыўны ўплыў – не магу сказаць, што я набожны чалавек.
Астравеччына – лёсам дадзеная…
– На Астравеччыну, напэўна, мяне прывёў сам лёс.
Класны кіраўнік прапанавала мне ісці ў настаўнікі. Прызнацца, пра выбар прафесіі я, васьмікласніца, не задумвалася. Паступіла ў Ваўкавыскае педагагічнае вучылішча і атрымала спецыяльнасць настаўніцы пачатковых класаў.
Хоць і казалі раней, што Астравец – свету канец, але на размеркаванні я сама выбрала Астравеччыну. Хацелася самастойнасці, быць як мага далей ад дому. Накіравалі мяне ў Завельцаўскую базавую школу, дзе я і працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры да яе закрыцця.
…Думала, што еду сюды на два гады, а засталася на ўсё жыццё. Лёс сам за мяне ўсё вырашыў: тут пазнаёмілася з мужам Уладзімірам, тут нарадзіліся нашы дачушкі Марына і Ірына.
Калі дзеці былі меншыя, мы заўсёды стараліся на Каляды і на Вялікдзень ехаць да мужавых бацькоў у суседнюю вёску Ключнікі. Валодзя, як і я, са шматдзетнай сям’і – у яго тры браты. Калі ўсе дзеці разам з сем’ямі сабіраліся на свята ў бацькоўскай хаце, яна напаўнялася дзіцячымі галасамі і невымоўнай еднасцю.
Раней у вёсках было шмат дзяцей, на Вялікдзень пасля імшы яны хадзілі ў жакі: спявалі песні, расказвалі вершы… І цяпер дзеці ходзяць па яйкі. Мясцовыя бабулі чакаюць іх і калі якое малое абміне хату, крыўдзяцца…
Хоць Гервяцкі край лічыцца літоўскім, але велікодныя традыцыі ў нас падобныя. Адзінае, што мяне здзівіла, калі я пачала жыць у Завельцах, гэта тое, што тут не толькі дзеці, але і дарослыя хадзілі ў жакі. У нас так заведзена не было.
…Цяпер ужо дзеці прыязджаюць да нас. Пасля імшы абавязкова едзем у Ключнікі да бабулі – яна ў нас адна засталася.
Вялікдзень для мяне – гэта памяць пра мінулае. Мае браты і сёстры жывуць у Гродне і Гродзенскім раёне. На вялікія святы мы дасылаем адзін аднаму паштоўкі – яны куды больш жывыя, натуральныя, чым паведамленні ў мабільным тэлефоне.
Даўно няма маіх бацькоў – але яны жывуць у памяці. Сваім прыкладам яны паказалі нам з братамі і сёстрамі, якім павінен быць чалавек, навучылі нас берагчы адзін аднаго. Іх запавет, што галоўнае ў жыцці – сям’я, я пастаралася перадаць сваім дзецям.
…Вялікдзень – сямейнае свята. Цаніце людзей, якія побач з вамі, беражыце адносіны. Нейкія дрэнныя рэчы мы заўсёды паспяваем сказаць, а штосьці добрае пакідаем на пасля, а «пасля» можа і не стацца.