Пра нараджэнне Ісуса Хрыста разважаюць астраўчане

З году ў год больш за 2 тысячагоддзі ў гэты свет прыходзіць Дзіцятка Езус і працягвае сваю пульхную ручку да кожнага з нас. Напярэдадні нараджэння Сына Божага святар, маці, бацька і дзіця разважаюць пра гэтую знакавую для кожнага верніка падзею і дзякуюць Езусу. 

 (Святар) Ксёндз Віктар Захарэўскі, пробашч варнянскай парафіі:


– Больш за дзве тысячы гадоў Езус з’явіўся на свет у Віфлееме. Цяпер важна дазволіць нарадзіцца Хрысту ў нашых сэрцах – гэта самае важнае.

Свята Божага Нараджэння спакон вякоў лічыцца сямейным, радасным. У гэтыя святыя дні ніхто не павінен быць адзінокім, пакінутым ці забытым, нягледзячы на фізічную адзіноту. Мы ўсе дзеці Божыя – і Ён заўсёды побач з намі. Калі ў вас не атрымліваецца прыйсці ў касцёл на святочнае богаслужэнне, то можаце далучыцца да супольнай малітвы праз прагляд трансляцыі Пастэркі па тэлебачанні. 

Гэты дзень – яскравы напамін пра святую сям’ю, еднасць бацькоў і дзяцей. У нашай сям’і з вялікай радасцю чакалі і рыхтаваліся да гэтага свята. У апошнія дні Адвэнту тата прыносіў елку дадому. Упрыгожвалі яе і абавязкова ставілі батлейку, якая нагадвала пра нараджэнне Хрыста. Чакалі зорку, маліліся і дзяліліся аплаткамі. Пасля вігіліі спявалі калядныя песні, а потым пешшу ішлі па заснежанай дарозе ў касцёл на Пастэрку. Да гэтага часу, калі чую першыя словы каляднага спева «Сярод начной цішы…», мурашы прабягаюць па целе, а існасць напаўняецца радасцю. Толькі ад бацькоў залежыць, ці захаваюцца ў іх дзяцей успаміны пра гэтае свята і ці будуць яны хадзіць у касцёл. Вельмі важна не страціць традыцыі нашых продкаў і перадаць іх сваім сынам і дочкам.

Шчаслівым, як святара, мяне робяць парафіяне, асабліва дзеці, прыемныя клопаты па аздабленні і ўпрыгожванні касцёла ў Варнянах і капліцы ў Вароне. Сэрца радуецца, калі бачу, як рыхтуюцца людзі і чакаюць нараджэння Маленькага. Я бязмежна ўсцешаны, што ў нашай парафіі сёлета пасля Пастэркі адбудзецца пастаноўка ясэлкі: амаль 20 дзетак задзейнічаны. За гэта ўдзячны катэхэткам, асабліва Жане Радзевіч. 

Шчыра віншую кожнага са святам Божага нараджэння. Жадаю радасці, якая плыве з бэтлеемскага гроту. Няхай Дзіцятка Езус блаславіць сваёй маленькай ручкай кожнага: самотнага і радаснага, веруючага і таго, хто яшчэ шукае свой шлях. Няхай кожны дзень надыходзячага новага 2022 года будзе шчаслівым і напоўненым Божай ласкай. 

 (Маці) Ірына Кузьміцкая, парафія Святых Космы і Даміяна:


– Для большасці веруючых самыя галоўныя святы – Вялікдзень і Каляды. Дзіцятку Езусу я ўдзячна за кожны перыяд жыцця і за людзей, якіх сустракала. 

У касцёл прыйшла студэнткай. У нас у Ашмянах адкрыўся храм, арганізоўваліся маладзёжныя чытанні і спатканні. На аплаткавую сустрэчу мы прыносілі розныя слодычы. Запомнілася, як за некалькі дзён да яе цягнулі паперкі з імем чалавека, якому павінны былі зрабіць сюрпрыз. Дзяліліся аплаткай, адрасоўвалі адзін аднаму пажаданні і абменьваліся падарункамі…

Калі па размеркаванні трапіла ў Кямелішкі, мне таксама пашчасціла ў сэнсе людскіх стасункаў: кватаравала ў пажылой адзінокай жанчыны, якая была гаспадыняй у ксяндза. За некалькі тыдняў да Каляд я дапамагала ёй пячы аплаткі, на звычайнай газавай пліце ў папярэдне змазаных воскам формах. Светлай памяці Яніна Іванаўна Якубцэвіч была шчырай і веруючай жанчынай…

Езус, я ўдзячна табе за сям’ю: добрага мужа і траіх цудоўных сыноў. Магчыма, у мяне няма значнага матэрыяльнага багацця, але ў мяне ёсць любоў і мае блізкія. 

Бог стварыў чалавека па сваім вобразе і падабенстве і, нягледзячы на колер скуры, месца з’яўлення на свет, – мы ад нараджэння роўныя. Я імкнуся да ўсіх людзей адносіцца аднолькава і ўспрымаць з лепшага боку. Залатое біблейскае выказванне  «стаўся да людзей так, як хочаш, каб да цябе ставіліся» актуальнае ва ўсе часы…

Дзякуй, што навучыў мяне ўспрымаць любыя жыццёвыя сітуацыі спакойна: вучыцца перажываць крыўды, прасіць прабачэнне і прабачаць – і быць шчаслівай.

 (Бацька) Алег Безляповіч, парафія Узвышэння Святога Крыжа:


– Тыя маральныя і духоўныя каштоўнасці, якія з дзяцінства мне прывілі бацькі, імкнуся перадаць сынам. Нездарма кажуць, што ўсе мы родам з дзяцінства. Усёй сям’ёй па магчымасці кожную нядзелю ходзім у касцёл – так было заведзена ў маіх бацькоў. 

У жыцці кожнага чалавека здараюцца розныя сітуацыі: праблемы на рабоце ці непаразуменні з блізкімі, бывае, што ўстанеш не з той нагі… Свята Божага нараджэння – цудоўная магчымасць задумацца над сваім жыццём, адчуць паўнату радасці ад таго, што побач з табой – любімыя людзі, што ў жыцці ўсё складваецца як мага найлепш. 

Мы жывём з бацькамі, таму ўрачыстасць Божага Нараджэння будзем святкаваць з імі. Запалім свечку, памолімся, павіншуем адзін аднаго, а вечарам пойдзем на Пастэрку. У гэтыя святочныя дні найбольш моцна адчуваеш, што самае галоўнае – сям’я.

Касцёльныя запаведзі вучаць: любі бліжняга свайго, як самаго сябе. На жаль, гэты на першы погляд просты запавет забыліся 2 тысячагоддзі назад у Віфліеме. Самае галоўнае – у любой сітуацыі заставацца чалавекам, не адчайвацца і не падаць духам. У гэтым сэнсе прыклад святой сям’і вельмі паказальны: ні Марыя, ні Юзаф не адчайваліся, што не знайшлі прытулка ў такі адказны момант, – у іх сэрцах жыла вера. На маю думку, кожны мужчына павінен быць у нечым падобным да святога Юзафа: умець браць адказнасць за блізкіх і клапаціцца пра тых, каго ты любіш. 

 ( Дзіця) Яна Алёкса, парафія Святых Космы і Даміяна:


– Мой маленькі Збаўца свету, Твайго прыйсця ў гэты свет мы чакаем кожны год, рыхтуем свае сэрцы, каб яны былі такімі ж адкрытымі, як і Тваё. Адвэнт – неверагодны час, калі гэта можна зрабіць.

Неаднойчы ў думках я вярталася ў той час, калі пачала верыць у Бога. Я прыйшла ў касцёл дзякуючы бацькам. Успамінаю сябе пяцігадовай і ўсміхаюся: прасіла маму і тату паехаць у той касцёл, дзе карацейшае казанне. Цяпер усё змянілася: важна не працягласць прамоўленага, а сэнс. 

Дзякуй табе, Маленькі, што праз сваё нараджэнне адкрыў мне ўнікальны свет веры. Гэта здарылася, калі мне было 17 гадоў. Шкадую, што да таго часу не скарысталася столькімі магчымасцямі схадзіць у пілігрымкі, паўдзельнічаць у злётах каталіцкай моладзі і дзяцей – але, відаць, на ўсё свой час. 

Бязмежна Табе ўдзячна за наш касцёльны хор, дзе мы з хлопцамі і дзяўчатамі спевамі славім Бога. Святы Аўгусцін казаў: «Хто спявае, той двойчы моліцца». Трэці год мы разам!
Маленькі, дапамажы нам перажыць апошнія дні Адвэнту плённа і сустрэць Цябе з чыстымі адкрытымі сэрцамі. Ведаю, што некаторыя хлопцы і дзяўчаты саромеюцца хадзіць у касцёл. Дарэмна. Езус нарадзіўся ў стайні, бядноце, сярод жывёл… Але гэта не паўплывала на яго далейшае жыццё, наадварот, увесь гэты час – на працягу больш двух тысяч гадоў – Ён чакае кожнага. 

Па жыцці мне трапляюцца цудоўныя людзі, якіх, веру, Ты пасылаеш не выпадкова. Дзякуючы сёстрам законным і святарам, крок за крокам я ўмацавалася ў сваёй веры. 

Мой маленькі Збаўца, дзякуй за маму, тату, бабуль і дзядуль, якія выхоўвалі мяне ў веры і заўсёды былі і застаюцца прыкладам сапраўднай сям’і.

…З днём нараджэння, мой маленькі Збаўца!

Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber  https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Северный вектор Гродненщины» по короткой ссылке https://t.me/severvg.

Самые интересные новости Островецкого, Ошмянского и Сморгонского районов.


Текст: