Пра кнігу “Разам. Вялікая Перамога” расказалі ў Доме прэсы

Пра тое, што сёння аб’ядноўвае людзей розных нацыянальнасцей, што не дазваляе забыць вялікі подзвіг савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, нам, нашым дзецям, унукам, спадзяюся, праўнукам і прапра-, расказваюць кнігі.
Адна з такіх – “Разам. Вялікая Перамога”, якая выйшла пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі да 85-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Гэтае выданне – адно з многіх пра мужнасць і стойкасць савецкіх салдат і партызан, пра жорсткія баі на фронце і ў тыле, пра аднаўленне гарадоў і пасляваеннае будаўніцтва.
Гэта кніга – адна з нямногіх пра тое, як з першых дзён вайны на абарону бязмежнай і агульналюбімай Радзімы сталі байцы брацкіх рэспублік Савецкага Саюза: азербайджанцы, армяне, башкіры, інгушы, казахі, кіргізы, рускія, таджыкі, татары, туркмены, узбекі, украінцы, чачэнцы...

У баях на тэрыторыі Беларусі яны праявілі мужнасць, гераізм – многія ўзнагароджаны медалямі і ордэнамі, ваявалі на перадавой, плячо да пляча цяснілі немцаў у партызанскіх атрадах, вызвалялі нашу краіну ад фашысцкай навалы. Яны разам сустракалі перамогу ў Мінску і разам уздымалі пераможны сцяг у Берліне. А потым агульнымі намаганнямі адбудоўвалі нашу краіну з руін і попелу…
Мы, беларусы, памятаем пра гэта. Пра такіх салдат, партызан, тылавікоў, у тым ліку жанчын, і напісана кніга. Яна пра тых, хто не дзяліў людзей і тэрыторыі на сваіх і чужых. Пра тых, хто верыў, што перамога будзе, бо здабываецца РАЗАМ!
…Кароткія звесткі пра падзеі часоў, правераныя факты і крыніцы, біяграфіі байцоў, якія набліжалі Вялікую Перамогу, рэпрадукцыі карцін і франтавыя фотаздымкі, нават вершы – гэта не проста цікава, а пададзена простай, зразумелай нават маленькаму чытачу мовай.
Дарэчы, напісана яна на трох мовах: рускай, беларускай і англійскай.
Як адзначыў дырэктар выдавецтва “Беларусь” Аляксандр Карлюкевіч падчас прэзентацыі кнігі ў Доме прэсы, задача праекта – не толькі напомніць пра вядомых герояў, але і расказаць пра невядомых. Такія кнігі дапамагаюць захаваць гісторыі людскія, без якіх немагчыма зразумець маштаб і кошт Перамогі. А яны сапраўды невымяральныя.
“Разам. Вялікая Перамога” – гэта не толькі архівы і даты, гэта людзі, якія, па вялікім рахунку, і вызначылі нашу будучыню – разам.

Фота СБ и Дома прессы.
