Пра этапы вызвалення Беларусі і чэрвеньскія аперацыі расказвае гісторык Аліна Сянюць

23 чэрвеня 1944 года пачалася стратэгічная наступальная аперацыя «Баграціён», вынікам якой стала поўнае вызваленне Беларусі.

Чэрвеньскія аперацыі

2 чэрвеня на тэрыторыі Беларусі пачалася карная аперацыя супраць партызан і насельніцтва Пухавіцкага, Старадарожскага і Асіповіцкага раёнаў. Карнікі спалілі 6 вёсак, забілі каля 500 чалавек, больш за 2,3 тысячы захапілі для вывазу ў Германію. Мэтай аперацыі было акружэнне партызанскіх лагераў, дзе адначасова хаваліся і многія мясцовыя жыхары. Дасягнуць гэтай мэты фашыстам не ўдалося. 11 чэрвеня 1944 года партызаны прарвалі акружэнне і выйшлі ў Грэскія лясы.

8 чэрвеня 1944 года партызанская брыгада 2-я імя К.С. Заслонава, Сенненская і 2-я Беларуская імя П.К. Панамарэнкі ў жорсткім баі з праціўнікам прарвала блакаду і лінію варожай абароны каля вёскі Адамаўка-Сялец Халопеніцкага раёна.

11 чэрвеня 1944 года партызанская брыгада імя Варашылава пасля цяжкіх абарончых баёў з карнікамі ў Шчучынскім раёне прарвала блакаду і выйшла ў Гарадзішчанскі раён.

17 чэрвеня адбыўся Купіскі бой, у якім партызанскія брыгады Першамайская і імя А.У. Суворава разграмілі гарнізон гітлераўцаў у вёсцы Купіск Любанскага раёна. Падчас бою партызан М.А. Белуш закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота. У 1965 годзе на месцы гібелі М.А. Белуша ў в. Купіск пастаўлена стэла.


Трэцяя “рэйкавая вайна”

У ноч на 20 чэрвеня 1944 года пачаўся трэці этап “рэйкавай вайны” беларускіх партызан на чыгуначных камунікацыях ворага. Ён працягваўся да поўнага вызвалення Беларусі.

У выніку аперацыі падарвана 61 тысяча рэек, знішчана 8 чыгуначных мастоў, што цалкам вывела са строю найважнейшыя чыгуначныя лініі, часткова былі паралізаваны варожыя перавозкі амаль па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Скаардынаваныя ўдары партызан па чыгуначных камунікацыях праціўніка метадам “рэйкавай вайны” мелі аператыўна-стратэгічнае значэнне ў ходзе наступлення Чырвонай арміі.

Аперацыя Баграціён


23 чэрвеня пачалася Беларуская наступальная аперацыя пад кодавай назвай «Баграціён». Задума яе была ў тым, каб адначасовымі глыбокімі ўдарамі на шасці ўчастках прарваць абарону праціўніка, раздзяліць яго войскі і разбіць па частках.

У першы дзень стратэгічнай наступальнай аперацыі войскі Чырвонай арміі вызвалілі Сіроцінскі раён (з 1961 г. --Шумілінскі). Войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту сумесна з войскамі 3-га Беларускага фронту, перайшоўшы 23 чэрвеня ў наступ, да 25 чэрвеня ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі завяршылі акружэнне Віцебскага “катла” з пяццю танкавымі дывізіямі ворага.

25 чэрвеня 1944 года вызвалены Чавускі, Багушэўскі, Сенненскі, Бешанковіцкі раёны. Да 27 чэрвеня войскі Чырвонай арміі ліквідавалі нямецкія дывізіі на захад ад Віцебска і 28 чэрвеня авалодалі Лепелем.

26 чэрвеня савецкія войскі вызвалілі Горкі, Жлобін, Кіраўск, Парычы, Узду, Талачын, Дуброўна і Віцебск, таксама былі вызвалены Дубровенскі, Талачынскі, Горацкі, Кіраўскі, Парыцкі, Жлобінскі і Крупскі раёны. У Маскве дадзены артылерыйскі салют у гонар вызвалення гарадоў Жлобін і Віцебск.

Войскі 3-га Беларускага фронту, паспяхова развіваючы наступ, 1 ліпеня вызвалілі Барысаў. Войскі 2-га Беларускага фронту пасля прарыву абароны праціўніка па рэках Проня, Бася і Дняпро 28 чэрвеня вызвалілі Магілёў. Войскі 1-га Беларускага фронту да 27 чэрвеня акружылі 6 нямецкіх дывізій у раёне Бабруйска і да 29 чэрвеня ліквідавалі іх. Адначасова войскі фронту выйшлі на мяжу Свіслач, Асіповічы, Старыя Дарогі.

29 чэрвеня пачалася наступальная Мінская аперацыя войскаў 1-га, 2-га, 3-га Беларускіх франтоў і Полацкая аперацыя войскаў 1-га Прыбалтыйскага фронту. Вызвалены Бялыніцкі, Петрыкаўскі, Ушацкі, Ветрынскі, Халопеніцкі раёны.

30 чэрвеня ішоў 1105-ты дзень вайны. У гэты дзень вызвалены Любанскі, Чырвонаслабодскі, Плешчаніцкі, Капаткевіцкі, Слуцкі раёны і горад Слуцк. Усю ноч на 30 чэрвеня праціўнік у Слуцку адчайна супраціўляўся. Раніцай 30 чэрвеня 1944 года Слуцк быў узяты. Падчас адступлення нямецкія факельшчыкі падпальвалі дамы, узарвалі шэраг прадпрыемстваў і ўстаноў. Толькі імклівы наступ савецкіх войскаў перашкодзіў фашыстам цалкам знішчыць Слуцк.

Вызваленне Астравеччыны. Гервяты

З пачаткам наступальнай аперацыі “Баграціён” прыйшоў час вызвалення Астравеччыны.

Асаблівасцю баёў на тэрыторыі Астравецкага раёна было тое, што тут першыя населеныя пункты вызвалялі партызанскія атрады.

У чэрвені 1944 года ў в. Гервяты з баямі прабіралася з боку Смаргоні 1-я Віцебская партызанская брыгада пад камандаваннем Паўла Захаравіча Патапенкі, у якой было 574 байцы. Ноччу 28 чэрвеня спецгрупа брыгады пад камандаваннем Дзмітрыя Гаўрылавіча Котава знішчыла 50-метровы мост праз раку Лошу паміж Гервятамі і Рымдзюнамі. 29 чэрвеня іншыя атрады брыгады атакавалі гарнізон Гервят, які налічваў 20 нямецкіх салдат і афіцэраў і 70 літоўскіх паліцаяў, якія мелі на ўзбраенні 2 станковых і 15 ручных кулямётаў. Падыходы да вёскі былі ўмацаваны трыма кулямётнымі дзотамі, акопамі і землянымі валамі. У ходзе бязлітаснага бою вораг быў выбіты з Гервят, страціўшы 18 чалавек забітымі і 8 параненымі.

У далейшым праз Гервяты і Варняны на Вільнюс наступалі часці 8-й гвардзейскай механізаванай брыгады, 1705-га зенітнага палка і 1-га асобага Маладзечанскага матацыклетнага батальёна.