Позвони пожилому человеку!
Менавіта пад такім дэвізам прайшла штогадовая акцыя, прымеркаваная да Дня пажылога чалавека, арганізатарам якой выступілі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, раённая арганізацыя Чырвонага Крыжа і валанцёрскія атрады “Прамень” і “Бумеранг”.
У мінулы панядзелак члены валанцёрскіх атрадаў, вучні СШ №1 і гімназіі №1, якія працуюць пад кіраўніцтвам Ірыны Стэх, выйшлі на вуліцы Астраўца, каб павіншаваць пажылых людзей са святам. Але гэта не было адзінай мэтай іх акцыі. Валанцёры нагадвалі сустрэчным пра свята і прасілі патэлефанаваць блізкім і знаёмым людзям, каб павіншаваць іх са святам. А яшчэ прапаноўвалі сустрэчным падпісаць паштоўку і павіншаваць незнаёмых ім людзей з Днём пажылога чалавека, і пакінуць свае ахвяраванні пажылым людзям, якія цяпер знаходзяцца ў палатах сястрынскага нагляду Міхалішкаўскай участковай бальніцы. Людзі адгукаліся і з задавальненнем пакідалі свае пажаданні на паштоўках.
А ў другой палове дня кіраўніцтва і спецыялісты тэрытарыяльнага цэнтра і ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне з паштоўкамі і прысмакамі наведалі Міхалішкаўскую ўчастковую бальніцу, каб перадаць пажылым людзям віншаванні. З сабой яны прывезлі і падарункі ад прадпрыемства грамадскага харчавання і камбіната кааператыўнай прамысловасці Астравецкага філіяла Гродзенскага абласнога спажыўтаварыства – смачныя булкі, пірагі і пячэнне.
У гэты ж дзень пажылых людзей, якія знаходзяцца ў Міхалішкаўскай участковай бальніцы, наведалі спецыялісты СВК “Гудагай”, “Гервяты” і “Міхалішкі” і падарылі людзям радасць зносін і невялікія падарункі.
---------------------------------------------------
Алена СВЕТЛАЯ, фота аўтара.