Поздравления принимали ветераны

1
Дзявятага мая гэтага года – для іх незабыўная дата. Мінула 70 гадоў з таго дня, як яны пачулі радаснае: “Перамога!” Ветэраны і вязні Вялікай Айчыннай вайны будуць памятаць гэты дзень заўсёды.

Памятаюць пра ўдзельнікаў вайны і мясцовыя ўлады. І напярэдадні свята Вялікай Перамогі прадстаўнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, раённага Савета дэпутатаў і сацыяльных службаў наведаліся да іх з віншавальнымі паштоўкамі і падарункамі ад райвыканкама і Савета дэпутатаў, і шчырымі словамі падзякі за нашу мірную сучаснасць.

На жаль, час няўмольны – ветэранаў і вязняў вайны з кожным годам становіцца ўсё менш. Але з якой радасцю і шчаслівымі вачыма яны сустракалі гасцей і таксама дзякавалі: за ўвагу, клопат і падарункі.

– Я – шчаслівы чалавек, – гаворыць вязніца Еўдакія Рыгораўна Сігалёва. – Выгадавала чацвярых дзяцей, у мяне шмат унукаў і нават праўнукі. Трэба жыць і радавацца кожнаму дню, кожнаму ўзыходу сонейка… А галоўнае – каб ніколі не было вайны! Астатняе – дробязі…

Са слязамі на вачах успомніла, як даведалася аб Перамозе, Сафія Цярэнцьеўна Палуян:

– Мы былі ў лагеры – і раптам чуем: “Вы свабодныя! Вайна закончылася! Германія капітулявала!” Словамі немагчыма апісаць тое, што мы адчулі ў той момант. І ніколі гэтага не забыць…

Мы – свабодныя! Мы можам кожны дзень радавацца сонейку і мірнаму небу над галавой, дыхаць чыстым паветрам, ствараць сем’і і быць шчаслівымі. Мы можам весяліцца, працаваць, адпачываць. Мы можам жыць! І за ўсё гэта шчыры дзякуй вам, дарагія і шаноўныя ветэраны. І нізкі паклон – да зямлі!

------------------------------------------------

Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.