Порядок на земле - их хлопоты
21 лютага сваё прафесійнае свята – Дзень работнікаў землеўпарадкавальнай і картографа-геадэзічнай службы – будуць адзначаць спецыялісты, якія займаюцца адвядзеннем зямельных участкаў, кантролем за іх выкарыстаннем, навядзеннем парадку на зямлі.
У 1997 годзе ў Беларусі быў створаны Дзяржаўны камітэт па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі. Праз пяць гадоў, у 2002 годзе, роля і функцыі камітэта значна пашырыліся – геадэзісты і картографы сталі ажыццяўляць дзяржаўную рэгістрацыю праў на нерухомасць, маёмасць і звязаных з імі здзелак. Супрацоўнікі службы выконваюць самыя розныя задачы ў сферы ўдасканалення зямельных адносін, рашэння агульнадзяржаўных праблем развіцця эканомікі, абароны і бяспекі, інвентарызацыі і ацэнкі нерухомасці.
– У нашай службе працуе 6 чалавек, – расказвае начальнік землеўпарадкавальнай службы Астравецкага райвыканкама Аляксандр Барысавіч Кухараў. – За мінулы год грамадзянам для індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва прадастаўлена 39 зямельных участкаў, аформлена 77 землеўпарадкавальных спраў па прадастаўленні і ўстанаўленні межаў зямельных участкаў юрыдычным асобам. Паступіла 597 заяў грамадзян на атрыманне дакумента, які засведчвае права на зямельны ўчастак.
Дзякуючы працы землеўпарадкавальнай службы рашаюцца важныя пытанні па рэгуляванні зямельных адносін, павышэнні эфектыўнасці выкарыстання і аховы зямельных рэсурсаў, навядзенні належнага парадку на зямлі, стварэнні геадэзічных і картаграфічных матэрыялаў.
Жадаем супрацоўнікам службы, каб іх адказная дзейнасць заўсёды прыносіла радасць і задавальненне. Моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту, поспехаў вам і вашым сем’ям!
НА ЗДЫМКУ: начальнік службы А.Б. Кухараў, галоўны спецыяліст Д.Л. Богдан і намеснік начальніка В.П. Заляшчук.
Аляксандр Юшчук, фота аўтара.