Помогите белому лебедю!
Часта ў Астраўцы на востраве Закаханых ці на мастку маладыя людзі, матулі з дзеткамі ці бабулі-дзядулі падкармліваюць лебедзяў ды качак. Птушкі на вадасховішчы чалавека амаль не баяцца і, калі бачаць, што нехта кіруе на востраў, спяшаюцца насустрач.Ды толькі не ўсе ідуць да птушак з добрымі намерамі і кавалкам хлеба. Некаторыя – з камянём, у душы і ў кішэні…
У мінулым годзе Аляксандр Пятровіч Харытонаў выпадкова заўважыў на Лошы маленькага шэрага лебедзя. Прыгледзеўшыся, мужчына ўбачыў, што ў птушаняці зламана левае крыло і нага.
– Хто ведае, як гэта атрымалася? Можа, сабака напаў, можа, дзеці камянём “зачапілі”, – кажа Аляксандр Пятровіч. – А можа, і дарослы які вырашыў на маленькай птушцы злосць сваю вымесціць.
Напэўна, прапаў бы лебедзь, калі б не сустрэўся з Аляксандрам Харытонавым. Гэты момант стаў для птушкі лёсавызначальным: зараз мужчына штодня прыходзіць на Лошу, каб пакарміць пярнатага.
– Не адзін я такі – уся вуліца дапамагае: адзін кашы дасць, другі – хлеба. Так і выгадавалі лебедзя, далі магчымасць перазімаваць. А Марыя Кацуроўская нават некалькі разоў хадзіла ў інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя з гэтым «лебядзіным пытаннем». Але там толькі рукамі разводзяць – няма такой магчымасці, каб на зіму птушку ў вальер узяць.
За зіму лебедзь з шэрага “брыдкага качаняці” ператварыўся ў белага прыгажуна (ці прыгажуню? Аляксандр
Пятровіч сцвярджае, што гэта самачка). Але надзеі, што з часам скалечанае крыло зажыве і птушка паляціць, не спраўдзіліся. Зламанае крыло ў яго вывернута, пер’е, якое адрастае, упіваецца ў цела, таму лебедзь сам іх ламае.
– Пакуль цёпла, зламанае крыло – не смяротна. А калі наступяць маразы? Выйдзе на ноч птушка на лёд, прымерзне – і тады ёй сапраўды смерць, – уздыхае Аляксандр Пятровіч. – У мінулым годзе ўжо быў выпадак, калі мы свайго лебедзя ад лёду аддзіралі. Знайсці б доктара, які б змог крыло ёй выправіць, – не так страшна за яе было б.
Птушка выгадавалася вельмі прыгожай, калі не бачыць зламанага крыла. І не пужлівая, хутчэй – насцярожаная: цягнецца да людзей, але блізка стараецца не падплываць.– Ведаеце, жывёлы і птушкі зусім не памятаюць дрэннага і злога. Вось і гэты лебедзь ідзе да людзей, а яны гэтым карыстаюцца. Нядаўна я некалькіх падшыванцаў прагнаў: яны спачатку падазвалі яго, на бераг выманілі, а потым пачалі ў яе камянямі кідацца…
Так, лебедзь амаль што хатні. Аляксандра Харытонава пазнае здалёк. Калі мужчына па нейкіх прычынах затрымліваецца, птушка чакае, плыве на голас, выходзіць на бераг, лашчыцца, прывітальна шыпіць і нават сама лезе ў кішэню за пачастункам. Мужчына заве яе Шыпай.
– Лебедзь ужо амаль ручны і ў дзікай прыродзе не працягне доўга, – разважае Аляксандр Пятровіч. – Хацелася б, каб яго вылечылі і ў які заапарк узялі: там ён накормлены будзе, пад наглядам і пад аховай. А можа, нават, знойдзе для сябе сям’ю?
Няўжо не знойдзецца нікога, хто б мог уратаваць белага лебедзя ад небяспекі халоднай зімы?
--------------------------------------------------
Антон МАЛЬШЭЎСКІ, фота аўтара.
