Подготовьте машину к зиме – замените шины
Зіма – дама капрызная. Хоць на календары яна пачынаецца з 1 снежня, ніхто не ведае, калі і як пачне дэманстраваць свае сюрпрызы: завые завірухай, расплачацца дажджом ці падставіць “падножку” галалёдзіцай. У любым выпадку вадзіцелі павінны быць напагатове і загадзя рыхтавацца да зімы.Для таго каб нагадаць вадзіцелям пра небяспеку на дарогах у зімовы перыяд і неабходнасць падрыхтаваць да гэтага свой транспарт, з 24 лістапада па 4 снежня ў Беларусі праводзіцца рэспубліканская прафілактычная акцыя “Жыццё даражэй за шыну!”
Галоўны тэхнічны сродак для папярэджання дарожнага здарэння – гэта тормаз. А тармазны шлях залежыць ад каэфіцыента счаплення шын з дарожным палатном. Адпаведна, калі пратэктары амаль “лысыя”, дастаткова аднаго рэзкага руху, каб аўтамабіль занесла, а далей – каб ён перакуліўся ці з’ехаў у кювет.
У такіх выпадках незаменную дапамогу аказваюць зімнія шыны. У апошнія гады многія вадзіцелі прывыклі, што змена сезону аўтаматычна мае на ўвазе і замену шын. Аднак, на жаль, і зараз ёсць тыя, хто не лічыць патрэбным “пераабуваць” на зіму свой аўтамабіль.
Не кожнаму вадзіцелю вядома, што счэпліваючыя асаблівасці шын з летнім тыпам пратэктара зніжаюцца разам са слупком тэрмометра, ужо пачынаючы з 7 градусаў вышэй нуля па Цэльсію. Затое ў зімовых пакрышак, якія не цвярдзеюць і захоўваюць эластычнасць нават на марозе, яны застаюцца высокімі дзякуючы больш мяккай гумовай сумесі і асабліваму профілю пратэктара.
Паважаныя вадзіцелі, нагадваем, што са студзеня 2015 года дзейнічаюць змяненні ў правілах дарожнага руху, згодна з якімі з 1 снежня па 1 сакавіка аўтамабілі з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай да 3,5 тон, легкавыя і грузапасажырскія аўтамабілі з масай больш за 3,5 тоны, а таксама аўтобусы да 5 тон абавязкова павінны быць з зімнімі шынамі. Яны мяняюцца на ўсіх колах транспарту і павінны адпавядаць патрабаванням – падыходзіць для эксплуатацыі на абледзянеўшым ці заснежаным дарожным пакрыцці, маркіраваныя знакам у выглядзе горнай вяршыні з трыма пікамі і сняжынкай унутры яе ці знакамі “M+S”, “M&S”, “M.S”, “M S”, “All seasons”.
Калі ж вы не “пераабулі” свой аўтамабіль, будзьце гатовы да пакарання штрафам да 90 тысяч рублёў (0,5 базавай велічыні). У тым выпадку, калі зімнія шыны ёсць, але астаткавая вышыня малюнка пратэктара менш 4 міліметраў, таксама “свеціць” грашовае пакаранне – да 180 тысяч рублёў. Пры паўторным правапарушэнні на працягу года сума штрафу павялічыцца ад 360 да 900 тысяч рублёў.
Добра падумайце: можа, не варта рызыкаваць і на штосьці спадзявацца, а лепш адразу устанавіць на колах добрую зімнюю шыну? Такім чынам вы не толькі зэканоміце свой бюджэт, але захаваеце самае каштоўнае – жыццё і здароўе.
--------------------------------
У. АЛЕКСАНДРОВІЧ, начальнік ДАІ.
