Поделки островецких школьников отмечены дипломами на областном этапе республиканского конкурса

На абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Роднай зямлі – наш клопат” дыпломамі рознай ступені былі адзначаны работы нашых таленавітых школьнікаў.

Абласному этапу папярэднічаў раённы конкурс. У вызначаны дзень вучні ўсіх школ раёна з вырабамі з прыроднага матэрыялу, садавіны і агародніны з’ехаліся ў Астравец, каб прадставіць свае вырабы. Творчасці і ўяўленню юных талентаў Астравеччыны можна было шчыра пазайздросціць: столькі цікавых вырабаў, кампазіцый, падзелак я даўно не бачыла.
Конкурс праходзіў у некалькіх намінацыях: “Дары восені” – на лепшую выставачную экспазіцыю, “Юннат-2013” – на лепшую даследчую работу, “Лэнд-арт” – на лепшы арт-аб’ект для ўпрыгожвання лесапарка, сада ці дэндрарыя, “Асенняя казка” – на лепшае прадстаўленне казачных герояў і жывёл з прыродных матэрыялаў, ягад і гародніны, “Сцяжынкамі прыроды” – на лепшую віртуальную экскурсію.
Кожная школа пастаралася – усе работы былі непадобнымі і незвычайнымі. І ўсё ж журы адзначыла лепшых з лепшых – імі сталі прадстаўнікі цэнтра творчасці, дзяцей і моладзі, Мальскага, Варнянскага, Падольскага і Рытанскага НПК, Спондаўскай, Альхоўскай, Гервяцкай і Гудагайскай школ і гімназіі №1. Работы пераможцаў былі накіраваны ў Гродна.
А зусім нядаўна радасныя навіны прыйшлі з абласнога цэнтра. Дыпломам ІІ ступені адзначана выставачная экспазіцыя “Дары восені” Астравецкага аддзела адукацыі, спорту і турызму і цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Другое месца ў намінацыі “Юннат-2013” заваяваў вучань Варнянскага НПК Антон Юркойць. Трэцяе месца ў намінацыі “Лэнд-арт” атрымалі работы, створаныя рукамі выхаванцаў цэнтра творчасці Анжэлай Гурштын і Віялетай Шпургіс і вучаніцамі Спондаўскай школы Юляй Ліпніцкай і Алінай Памецька.


------------------------
Алена СВЕТЛАЯ.


Фота з сайта luntiki.ru.