Подарим праздник детям! Присоединяйтесь к благотворительной акции "Ёлка желаний"

Адазвацца на чужы боль і дапамагчы ў бядзе


Менавіта пад такім дэвізам працуе рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Беларускі дзіцячы фонд”.

Сапраўды, тое, што аднаму чалавеку не па сіле, можа зрабіць вялікая колькасць добрых, чулых, міласэрных людзей. Калі яны збяруцца разам, атрымаецца любая справа.


Менавіта такімі людзьмі і быў створаны 21 год назад “Беларускі дзіцячы фонд”. Астравецкае раённае аддзяленне “Беларускага дзіцячага фонду” існуе ўжо каля 20 гадоў. 18 гадоў яго ўзначальвала неабыякавы да чужой бяды чалавек Галіна Паўлаўна Неціоўская. І нягледзячы на тое, што функцыянуе фонд толькі дзякуючы дабрачынным узносам, пасільная дапамога штогод аказвалася дзецям-сіротам, дзецям, якія знаходзяцца пад апекай і ў сацыяльным прытулку, дзецям-інвалідам і хворым дзецям, а таксама таленавітым і адораным дзецям, якія жывуць не толькі ў нашым раёне.
За гэты час дзякуючы людской падтрымцы, дабрыні і спагадлівасці, дзіцячы фонд змог арганізаваць шэраг штогадовых акцый. Гэта і “Раждзественскае акенца”, калі спецыялісты фонда з віншаваннямі адпраўляліся ў сем’і, дзе жывуць дзеці-інваліды, якія не наведваюць дзіцячыя дашкольныя ўстановы і школы, “Нашы сэрцы – хворым дзецям”, калі валанцёры наведваюць хворых дзяцей, якія напярэдадні Ражаства і Новага года знаходзяцца ў бальніцы, дабрачынная акцыя “Анёл у тваім сэрцы”, калі за кошт сабраных сродкаў аказваецца дапамога спецыяльным установам для дзяцей-сірот і дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
Акцыя “Вясёлыя сэрцайкі” накіравана на адпачынак дзяцей Гродзеншчыны, якія перанеслі цяжкія аперацыі на сэрцы, у рэабілітацыйна-аздараўленчай змене ў Рэспубліканскім цэнтры “Надзея – 21 стагоддзе”. Гэта адна з самых маладых акцый, але ўжо за час яе дзеяння рэабілітацыю і аздараўленне прайшлі 16 дзяцей.
Штогод з 1992 года праходзіць акцыя “Вясёлка надзеі”, калі ў аздараўленчым цэнтры “Зубраня” арганізуецца летняя аздараўленчая рэабілітацыйная змена для анкалагічна хворых дзяцей.
Не памылюся, калі скажу, што амаль кожны жыхар Астравеччыны ўдзельнічаў у акцыі “Збяром дзіця ў школу”, калі аказвалася дапамога ў набыцці школьна-пісьмовых прылад, адзення і абутку першакласнікам са шматдзетных, малазабяспечаных сем’яў і дзецям, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным стане.



Вось і напярэдадні Ражаства Астравецкае раённае аддзяленне “Беларускі дзіцячы фонд” сумесна з рэдакцыяй раённай газеты “Астравецкая праўда” і раённай арганізацыяй “Беларускі саюз жанчын” праводзіць дабрачынную акцыю “Ёлка жаданняў”. Яе мэта – падарыць свята дзецям, якія не могуць яго сустрэць са сваёй сям’ёй за вялікім святочным сталом. Гэтыя дзеці па волі лёсу і “распутных” бацькоў вымушаны знаходзіцца ў сацыяльным прытулку.

Сёння ў сацыяльна-педагагічным цэнтры Астравецкага раёна знаходзіцца 6 хлопчыкаў. І кожны з іх з заміраннем сэрца чакае Новага года і прыходу Дзеда Мароза, які, яны вераць у гэта, абавязкова выканае іх пажаданні. Усе яны напісалі пісьмо галоўнаму казачнаму персанажу Дзеду Марозу з просьбамі і пажаданнямі.


Сёння мы знаёмім вас з гэтымі дзецьмі і іх марамі. І калі ў вашых сэрцах не згас агеньчык міласэрнасці, вы можаце стаць добрым чарадзеем – выканаць пажаданні гэтых дзяцей і падарыць ім свята.


Добры дзень, ДЗЕД МАРОЗ!


Мяне завуць Алег Папоў. Мне шэсць гадоў. Сам пісаць я не ўмею, але ў мяне таксама ёсць да цябе просьбы. Мне вельмі хочацца атрымаць у падарунак машынку-кран, а яшчэ – шмат цукерак. Але больш за ўсё, нават за цацкі, мне хочацца, каб мама і тата хутчэй забралі мяне дамоў.
А калі ў цябе можна папрасіць некалькі цацак, то было б добра, каб ты мне прынёс кран і трактар з прычэпам. А то на чым я буду ўсё перавозіць?





Добры дзень, ДЗЯДУЛЯ МАРОЗ!
Піша табе Рычард Бунчук! Мне 9 гадоў, вучуся я ў 4 класе, а жыву ў сацыяльным прытулку.
Я вельмі рады, што пачалася зіма! Хутка Новы год і ў мяне будзе многа падарункаў. Больш за ўсё я мару пра прыгожую машынку з фарамі і пультам. Ты, дзядуля, маё пісьмо атрымаеш і абавязкова яе мне падарыш!
А яшчэ я вельмі хачу жыць разам з мамай і брацікам.





ДАРАГІ, ДЗЯДУЛЯ МАРОЗ!
Мяне завуць Андрэй Бігельдзін. Я вучуся ў першым класе, і ведаю ўжо амаль усе літары. Я вельмі хачу ў цябе папрасіць машынку на пульце, з фарамі, якія свецяцца.
А для свайго маленькага браціка Вадзіма – грузавую машынку. І, канешне, шмат цукерак, пячэння і ўсялякіх прысмакаў. А за гэта я абяцаю слухацца настаўнікаў і выхавальніцаў і добра вучыцца ў школе.





Добры дзень, ДАРАГІ МНЕ ДЗЯДУЛЯ МАРОЗ!
Мяне завуць Уладзіслаў Войшніс. Мне 13 гадоў. І мару я пра мабільны тэлефон і аб каробцы цукерак.





Добры дзень, ДЗЯДУЛЯ МАРОЗ!
Мяне завуць Віталік Кавалеўскі, і жыву я ў прытулку. Я вельмі хачу атрымаць ад цябе ў падарунак МР-3 плэер.





Калі вы гатовы запаліць іскрынку надзеі і радасці ў дзіцячых вачах, праявіце дабрыню і любоў, далучайцеся да нашых акцый і падтрымлівайце нас у меру вашых магчымасцей.
Станьце нашымі сябрамі і партнёрамі, каб працягнуць руку дапамогі дзецям, якія трапілі ў бяду.
Помніце: добрых спраў шмат не бывае. І толькі разам мы зможам змяніць свет да лепшага!


Алена ЯРАШЭВІЧ.




Каб далучыцца да нашай акцыі, вы можаце прынесці цацкі ці свае ахвяраванні ў раённае аддзяленне “Беларускі дзіцячы фонд”, які знаходзіцца па адрасе: г. Астравец, вул. Піянерская 7 “А”, тэл. 21-2-55 (старшыня раённага аддзялення – Вольга Анатольеўна Альфер), або ў рэдакцыю газеты “Астравецкая праўда”, дзе размяшчаецца і раённая арганізацыя “Беларускі саюз жанчын”.

Юрыдычныя асобы свае ахвяраванні могуць таксама пералічыць на разліковы рахунак “Беларускага дзіцячага фонду”:

3015575032013 в Дирекции ОАО «Белинвестбанк» по Гродненской области, код 153001739, УНН фонда 500176223