Почему получить сельскохозяйственную профессию не только выгодно, но и престижно, узнали старшеклассники
На дзяржаўным узроўні робіцца шмат для прыцягнення ўвагі маладых людзей да сельскай гаспадаркі: ствараюцца агракласы, ладзяцца вытворчыя экскурсіі на найбольш паспяховыя аграпрамысловыя аб’екты, праводзіцца маштабная прафарыентацыйная работа.
Аднак каб на выхадзе пасля каледжа ці вну атрымаць перспектыўнага і талковага спецыяліста матэрыяльнага заахвочвання, як па мне, недастаткова. Адзін з найбольш істотных і важных момантаў – іх матываванасць, жаданне працаваць на вёсцы і займацца абранай справай.
У старшакласнікаў з Астравецкага, Ашмянскага, Смаргонскага і Іўеўскага раёнаў была непераўзыдзеная магчымасць завочна пабываць на дні адкрытых дзвярэй Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта і сустрэцца з патэнцыяльнымі працадаўцамі свайго рэгіёна.
Забягаючы наперад, заўважу, што асабіста мне такі фармат прафесійнай арыентацыі зайшоў, як кажуць, на “ўра” (верыцца, што і школьнікам). У сціснутыя тэрміны яны змаглі даведацца, што сельская гаспадарка –гэта не толькі раслінаводства і жывёлагадоўля, але і перапрацоўчая прамысловасць; што можна атрымаць прафесію гэтага профілю з падтрымкай, а потым – высокааплатную работу. Праўда, і працаваць давядзецца на сумленне, а не спусціўшы рукавы…

“Прыходзьце вучыцца да нас: аграрны – гэта проста клас!”
Да сустрэчы са школьнікамі прадстаўнікі вядучай сельскагаспадарчай вну падышлі крэатыўна і з фантазіяй. Кожны факультэт прадставіў прэзентацыйныя пляцоўкі.
Завітаўшы на агранамічную лакацыю, можна было прайсці міні-квэст і па зерні здагадацца, што гэта за культура.
Ветэрынары прапаноўвалі па косным фрагменце вызначыць, якой жывёліне ён належыць.
Тэхнолагі-інжынеры раскрывалі сакрэты распрацоўкі рэцэптуры шматлікіх прадуктаў харчавання.

А пакаштаваць разнастайныя малочныя, мясныя, хлебабулачныя вырабы можна было на дэгустацыйных астраўках Ашмянскіх мясакамбіната, сыраробчага завода і Лідскага хлебазавода.

Навучаць, падкажуць, падтрымаюць
Сельгаспрадпрыемствы нашага і суседніх раёнаў расказалі пра перавагі і плюсы, якія атрымлівае студэнт, які вучыцца па мэтавым накіраванні, – гэта і штомесячная дастаткова ўнушальная даплата, магчымасць праходзіць практыку на базе гаспадаркі, гарантаванае першае працоўнае месца.
Для ўчарашніх студэнтаў таксама прадугледжаны шматлікія бонусы і сацыяльныя гарантыі: даплаты пры заключэнні кантракта і дадатковыя дні адпачынку, жыллё, у тым ліку ў Астраўцы, харчаванне па зніжаным кошце, штоквартальныя прэміі, падвоз на работу, стажыроўкі, павышэнне кваліфікацыі і многае іншае.
Адметна, што “экс”-маладыя спецыялісты не выпадаюць з поля зроку кіраўніцтва і ўсялякім чынам падтрымліваюцца. Асабіста мяне ўразіў прыклад КСУП “Гервяты”, дзе пасля адпрацоўкі пры заключэнні кантракта на 5 гадоў прадугледжана адначасовая выплата ў памеры 300 базавых велічынь.
Адзінацікласніца СШ №2 Улада Вайчунас выбрала аграрны накірунак у якасці прафесійнага невыпадкова.

– Да нас завіталі прадстаўнікі КСУП “Гервяты”, якія агітавалі вучыцца па мэтавым накіраванні ад іх прадпрыемства. Уважліва паслухаўшы выступленне, зразумела, што гэта пра мяне і для мяне, – падзялілася школьніца. – Прывабілі і ўмовы, і тое, што на ўвесь час студэнцтва даюць інтэрнат. Планую стаць інжынерам па ахове працы. Буду паступаць у Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт.
Адкрытая размова – выбару аснова
Пасля знаёмства са шматлікімі экспазіцыямі школьнікаў запрасілі на афіцыйную частку ў глядацкую залу шматфункцыяльнага культурнага комплексу. Старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гродзенскага аблвыканкама Ігар Сарокін абмаляваў перспектывы развіцця аграпрамысловага комплексу Прынёмання і ролю кадравага патэнцыялу ў яго развіцці.
– Хочацца крыху развеяць міфы пра сельскую гаспадарку, таму што цяпер гэта сфера далёка не тая, якой была нават 10-15 гадоў назад. Гэта не проста энерганасычаная сучасная тэхніка, а дакладнае земляробства; біяінжынерныя распрацоўкі ў функцыянаванні вялікіх малочна-таварных комплексаў і многае іншае, – распавёў Ігар Сарокін. – Работу працаўнікоў вёскі заўсёды цанілі, таму што яны ажыццяўляюць фарміраванне самага галоўнага складніка ў любой краіне – харчовай бяспекі. Падобныя прафарыентацыйныя сустрэчы праводзім другі год, таму што нам вельмі патрэбны спецыялісты сельскагаспадарчага профілю, якія цудоўна арыентуюцца ў лічбавых тэхналогіях. Менавіта вы, сённяшнія старшакласнікі, можаце імі стаць, таму што лёгка асвойваеце камп’ютарныя праграмы і інтэлектуальныя сістэмы. Памятайце, што сельская гаспадарка – той накірунак, які пастаянна развіваецца і мадэрнізуецца. Менавіта тут можна дастаткова хутка зрабіць кар’еру, пры ўмове, што вы мэтанакіравана працуеце, валодаеце адпаведнымі ведамі, характарам і харызмай.

Намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Карніла падрабязна расказаў пра дынамічнае развіццё Астравецкага раёна, у тым ліку сельскай гаспадаркі.
– Мы рады бачыць у нас граматных і мэтанакіраваных спецыялістаў сельскагаспадарчага профілю, – падкрэсліў Іван Карніла. – Чаму ў будучым вы павінны выбраць менавіта Астравеччыну? Таму што тут створаны ўсе ўмовы для работы, жыцця і адпачынку. Далёка не кожны горад можна пахваліцца шматлікімі спартыўнымі і сацыяльнымі аб’ектамі ў крокавай даступнасці. Акрамя гэтага, імкліва расце заработная плата. За 2025 год сярэдні заробак маладых спецыялістаў ў сельскай гаспадарцы склаў 2 372 рубля, а ў гэтым – 2 825. Больш таго, менавіта ў галіне АПК вы зможаце пры старанні і жаданні хутка вырасці па кар’ернай лесвіцы, і самы лепшы для гэтага раён – Астравецкі.

Пр асаблівасці ўступнай кампаніі гэтага года расказаў рэктар ГДАГ Валянцін Пешко, а дэкант факультэта ветэрынарнай медыцыны Аксана Вароніс – пра спектр прафесій, якія можна атрымаць у вну і яго перавагі.
– Наш універсітэт – адна з вядучых вышэйшых навучальных устаноў Беларусі. Мы чакаем абітурыентаў на самыя запатрабаваныя спецыяльнасці, звязаныя з раслінаводствам, жывёлагадоўляй, харчовай прамысловасцю. Іх можна атрымаць на пяці факультэтах: агранамічным, ветэрынарнай медыцыны, біятэхналагічным, інжынерна-тэхналагічным, эканомікі і бухгалтарскага ўліку, – расказала Аксана Вароніс. – Нашым студэнтам мы прапаноўваем такія ўмовы, пра якія можна толькі марыць – гэта і стопрацэнтнае выдзяленне месца ў інтэрнаце, і магчымасць атрымаць вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі “В”, а для юнакоў – прайсці тэрміновую службу падчас канікул. Тая моладзь, якая паступіць да нас па мэтавым накіраванні, будзе атрымліваць адчувальную грашовую даплату да стыпендыі ад сваёй гаспадаркі.
На сустрэчы ўражаннямі ад вучобы ў аграрным універсітэце падзяліліся яго студэнты; слова ўзялі і кіраўнікі гаспадарак, а таксама маладыя спецыялісты.

Цікавыя факты
* Па выніках мінулага года Астравецкі раён у лідарах па заключэнні дагавораў на мэтавае навучанне.
* За апошнія некалькі гадоў у сельскую гаспадарку Астравеччыны прыйшло 39 маладых спецыялістаў, з якіх 7 займаюць кіруючыя пасады розных узроўняў.
* У сярэднім па вобласці сярэднямесячная зарплата маладога спецыяліста ў АПК складае 2,5 тысячы рублёў.
* 5 адзінаццацікласнікаў збіраюцца сёлета паступаць у аграрныя навучальныя ўстановы на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі.
* Гродзенская вобласць лідзіруе ў галіне АПК Беларусі па многіх накірунках: ураджайнасці збожжавых, надоях і іншых.
* Малочныя сумесі для дзіцячага харчавання “Беллакта” пастаўляюцца ў шматлікія краіны свету. У ліку апошніх партнёраў, куды экспартуецца прадукцыя, -- Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.
* Сельская гаспадарка – тая галіна, дзе магчымы імклівы кар’ерны рост. З 17 старшынь райвыканкамаў Гродзенскай вобласці 13 – прадстаўнікі аграрнай сферы.