Пешеходы, соблюдайте правила!

Пешаход быў і застаецца крыніцай патэнцыянальнай небяспекі для вадзіцеляў. На жаль, нягледзячы на ўсе папярэджанні Дзяржаўтаінспекцыі, далёка не ўсе пешаходы памятаюць пра правілы, дысцыпліну на дарозе і элементарную асцярожнасць. Спяшаюцца, перабягаюць, пераходзяць у недазволеным месцы... А ў выніку могуць скараціць сваё жыццё.

У гэтым годзе ў Гродзенскай вобласці зарэгістравана 56 дарожна-транспартных здарэнняў, падчас якіх 12 чалавек загінулі і 57 атрымалі раненні. Высокім застаецца ўзровень аварыйнасці з удзелам пешаходаў: было здзейснена 32 наезды, дзе 5 пешаходаў загінулі.

Аналіз аварыйнасці сведчыць, што ў 45 працэнтах здарэнняў пешаходы не былі абазначаны святлоадбівальнымі элементамі, а ў 4 выпадках – знаходзіліся ў нецвярозым стане.

Раптоўнае з’яўленне на праезджай частцы пешахода без флікера, а часам і наогул ляжачага не пакідае шансаў вадзіцелю прадухіліць наезд. Аднак кіроўца таксама павінен памятаць, што, выбіраючы хуткасць, трэба ўлічваць умовы дарогі і надвор’я, каб быць падрыхтаванымі да розных экстрэмальных сітуацый.

Паважаныя пешаходы, не забывайце пра правілы дарожнага руху. Хадзіць трэба не па праезджай частцы, а па тратуары, пешаходнай ці веласіпеднай дарожцы, а калі іх няма – па абочыне. А ў цёмны час сутак карыстайцеся святлоадбівальнымі элементамі – яны дапамаглі папярэдзіць не адну бяду. Калі ж вы заўважылі нецвярозых пешаходаў на дарозе, не будзьце раўнадушнымі – паведаміце аб гэтым у міліцыю.

--------------------------------------------------------------

С. РОДЗЬ, старшы дзяржаўтаінспектар ДАІ.

Фота Антона МАЛЬШЭЎСКАГА.