Пешаходная зона ў лесапарку: прагулка з камфортам

 Калі ў свой час спрабавала «раздыхацца» пасля «ковіду» і штодня, як на работу, хадзіла ў лесапарк, адзначыла для сябе дзве рэчы, на якія да таго не звяртала ўвагі. Па-першае, тут у любую пару года і ў любое надвор’е даволі шмат лю­дзей. А па-другое, любімае месца адпачынку астраўчан «старога горада» – хутчэй лес, чым парк, мала прыгодны для прагулак пасля зімовых снегападаў ці веснавога бездарожжа. 
Адзначаючы гэта, я, як і многія іншыя, не наракала, – здавалася, інакш і быць не можа. Шчыра дзякавалі камунальнікам, якія пасля снегападаў расчышчалі хоць бы цэнтральныя алеі – пра большае не марылі.
І вось… Проста вачам не верыцца! Вакол лесапаркавай зоны, уздоўж рэчкі пракладзена шырокая пешаходная дарожка, устаноўлены ліхтары, хутка павінны з’явіцца лаўкі. 
Добраўпарадкаванне яшчэ не закончана, а тут кожны дзень ужо гуляюць мамы з каляскамі, ганяюць дзеці на самакатах, ходзяць пажылыя людзі са скандынаўскімі палкамі і прагульваюцца закаханыя парачкі. 
– Перадайце маю асабістую падзяку кіраўніцтву раёна за такі падарунак, гаворыць Алена Качан, якую я сустрэла на дарожцы. – Для мяне што­дзённыя прагулкі ў лесапарку – не адпачынак, а жыццёвая неабходнасць. Як цяжка было раней увесь час глядзець пад ногі, каб не спатыкнуцца аб корань, не паслізнуцца, не паваліцца. А цяпер гуляеш  – і сэрца радуецца!
І да гэтых слоў Алены Аляксандраўны могуць далучыцца дзясяткі іншых астраўчан.

4343.jpg



Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик