Первые открытые соревнования по зимней ловле рыбы прошли в Островецком районе

Напрыканцы лютага на Мальскім вадасховішчы сельскагаскааператыў “Варняны” арганізаваў першыя адкрытыя спаборніцтвы па зімовай лоўлі рыбы.

Жадаючых прыняць удзел у спаборніцтвах аказалася шмат. А якім было здзіўленне мужчын, калі высветлілася, што сярод удзельнікаў ёсць і прадстаўнікі цудоўнай паловы чалавецтва!
Асаблівую трывогу ў арганізатараў выклікала надвор’е – але, на шчасце, яно ў той нядзельны дзень, 24 лютага, парадавала. Удзел у спаборніцтвах прынялі 24 работнікі кааператыва, якія падзяліліся на 8 каманд па 3 чалавекі.
Лавіць рыбу можна было з дапамогай 5 вудаў і 5 жарліц. Прынады і парадак іх выкарыстання не нарміраваліся. А размяшчаліся рыбакі падчас лоўлі на адлегласці 5 метраў адзін ад аднаго.
Спаборніцтвы праходзілі ў камандным і асабістым заліку. Акрамя таго, вызначаўся пераможца, які зловіць самую вялікую рыбіну.
На спаборніцтвы журы адвяло 6 гадзін, якія праляцелі вельмі хутка. За гэты час клапатлівыя арганізатары “рыбацкага” свята зварылі смачную юшку, падсмажылі шашлык, заварылі чай і каву. Пакуль трохі замерзшыя, але тым не менш задаволеныя ўдзельнікі адпачывалі, судзейская камісія на чале са старшынёй раённай арганізацыйнай структуры РДГА “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” І.І. Мушніцкім падлічвала вынікі.
Старшыня СВК “Варняны” Ю.А. Адула заўважыў, што першыя спаборніцтвы па зімовай рыбалцы для работнікаў кааператыва аказаліся цікавымі і захапляючымі, і ёсць планы зрабіць гэта мерапрыемства традыцыйным.
Па выніках спаборніцтваў дыпломы і прызы – рыбалоўныя снасці – былі ўручаны ў трох намінацыях. У камандным заліку першае месца заняла каманда механізатараў сельскагаспадарчага ўчастка №3. Другое месца – у каманды свінагадоўчага комплексу і мясаперапрацоўчага цэха, трэцяе – занялі прадстаўнікі Варонскага дзіцячага садка-пачатковай школы.
У асабістым заліку перамогу святкавала жанчына (!) Д.А. Копць – вучыцеся мужчыны! Другім стаў – А.П. Грымбоўскі, трэцім – Л.Ч. Мундуць. А пераможцам у намінацыі за самы буйны экзэмпляр стаў А.П. Грымбоўскі.
Але самым галоўным у гэтым мерапрыемстве сталі не занятыя месцы, не атрыманыя прызы, а спартыўны азарт, цудоўны настрой удзельнікаў, уражанні і станоўчыя эмоцыі ад добра арганізаванага свята.

-----------------------------------
Вікторыя ДЭМБОЎСКАЯ, намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце.