Першае на Астравеччыне дашкольнае лясніцтва ўрачыста адкрылі на базе Варнянскай СШ
Урачыста, з вершамі, песнямі і танцамі, а таксама падарункамі ў Варнянскай сярэдняй школе адкрылі першае ў раёне дашкольнае лясніцтва “Экаляты”. У гэты дзень яго шэрагі папоўніла восем хлопчыкаў і дзяўчынак, апранутых у прыгожую форму работнікаў лесу.
Рэалізацыя гэтай ініцыятывы стала магчымай дзякуючы шматгадоваму плённаму супрацоўніцтву Варнянскай СШ і яе школьнага лясніцтва “Лесавічок” з Астравецкім вопытным лясгасам і мясцовым лясніцтвам. Дзеці дапамагаюць дарослым садзіць лес і прыбіраць яго ад смецця, працуюць у школьным дэндрарыі, даведваюцца ад старэйшых пра жывёльны і раслінны свет нашага краю, пішуць навуковыя работы на экалагічную тэматыку і перамагаюць у шматлікіх галіновых конкурсах.
У 2020 годзе ў межах акцыі “Тыдзень лесу” навучэнцы і педагогі гэтай установы пасадзілі найбольш дрэў па ўсёй краіне. Юныя варнянскія лесаводы пастаянныя лаўрэаты конкурсаў “Мой чысты лес”, “Квітней, мой лес”. Некалькі гадоў назад сярод 18-ці краін-удзельніц яны атрымалі Дыплом І ступені ў Міжнароднай алімпіядзе па пасадцы дрэў. Не адзін год варнянскае школьнае лясніцтва прызнавалі лепшым у вобласці. Рэспубліканскі злёт юных лесаводаў, прысвечаны 40-годдзю руху школьных лясніцтваў, прынёс варнянцам агульнакаманднае ІІІ месца і два дыпломы ў індывідуальным заліку... І гэта далёка не ўвесь пералік дасягненняў юных лесаводаў і іх настаўнікаў. Але бадай што самым важным сведчаннем таго, што ўсе намаганні на лясной ніве не дарэмныя, з’яўляецца той факт, што многія былыя вучні Варнянскай школы, актыўныя ўдзельнікі “Лесавічка”, звязалі свой лёс з лясной гаспадаркай. Гэта ляснічы Варнянскага лясніцтва і яго памочнік Юрый Філіпчык і Таццяна Данусевіч, памочнік ляснічага Гервяцкага лясніцтва Анжаліка Масойць, дырэктар Скідзельскага лясгаса Анатоль Бумбуль і многія іншыя.
На цырымонію адкрыцця першага ў раёне дашкольнага лясніцтва ў Варнянскую школу завіталі намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Бычко, начальнік аддзела адукацыі Аксана Землякова і галоўны спецыяліст Вікторыя Лаўрэцкая, дырэктар Астравецкага двопытнага лясгаса Рыгор Долгі, начальнік аддзела лясной гаспадаркі Юрый Касцюкевіч і ляснічы Варнянскага лясніцтва Юрый Філіпчык.
Юрыя лесаводы прывіталі гасцей песняй, а іх маленькія сябры – танцам і прызнаннем:
Форма ў нас, глядзіце, ёсць.
Во якая прыгажосць!
Мы цяпер не дашкаляты,
А каманда – “экаляты” !
Самым хвалюючым для хлопчыкаў і дзяўчынак стаў момант прыняцця клятвы, якую яны давалі пры ўступленні ў саюз сяброў лесу. Гучнае дзіцячае “Клянёмся!” разносілася па актавай зале пад апладысменты прысутных. А прыемным дапаўненнем урачыстасці для “экалят” сталі падарункі ад прадстаўнікоў лясной гаспадаркі раёна: цукеркі і мяккае аляня ў фірменнай форме; школа атрымала дзясятак туй. У сваю чаргу дашкаляты аддзячылі старэйшым сябрам навагоднімі самаробнымі ёлкамі з шарамі з эмблемай дашкольнага лясніцтва.
Верыцца, што некаторыя з галоўных віноўнікаў гэтай урачыстасці ў будучым абавязкова стануць лесаводамі!
Слова гасцям і ўдзельнікам
Генадзь Бычко:
– Лес – гэта багацце не толькі нашай краіны, але і планеты. А Беларусь нездарма называюць лёгкімі Еўропы. Мне прыемна, што з самага маленства нашы дзеці дэманструюць беражлівыя адносіны да прыроды і навакольнага асяроддзя. Удзячны Рыгору Мечыслававічу за тое, што астравецкі лясгас вельмі цесна супрацоўнічае з навучальнымі ўстановамі раёна, у тым ліку Варнянскай сярэдняй школай. Верыцца, што сённяшнюю цырымонію ўступлення ў шэрагі юных памочнікаў лесаводаў хлопчыкі і дзяўчынкі запомняць на ўсё жыццё.
Рыгор Долгі:
– Традыцыя стварэння школьных лясніцтваў пачынаецца з савецкіх часоў. У дакументацыі знайшлі звесткі пра Варнянскае школьнае лясніцтва, якому летась споўнілася 40 гадоў. Цеснае супрацоўніцтва нашага прадпрыемства з навучальнымі ўстановамі дало свой плён: у лясгасе няма праблем з кадрамі спецыялістаў лясной гаспадаркі. Шмат выпускнікоў, у тым ліку і Варнянскай школы, паступаюць БДТУ і Полацкі каледж на лясную гаспадарку і вяртаюцца працаваць на радзіму.
Арнольд Пляўга, актыўны ўдзельнік школьнага лясніцтва:
– Некалькі гадоў назад настаўнік біялогіі прапанавала далучыцца да “Лесавічка”. Загадзіўся адразу, таму што лес і ўсё, што з ім звязана, мне блізкае. Тым больш бацька працуе лесніком у Катлоўскім лясніцтве. Мы не толькі ўдзельнічаем у конкурсах і акцыях, але робім карысную справу: дапамагаем лесаводам аднаўляць галоўнае багацце нашай краіны. Ужо задумваюся пра тое, каб атрымаць лесагаспадарчую прафесію.
Юрый Філіпчык:
– Сярод пяці спецыялістаў нашага лясніцтва, тры з іх – выпускнікі Варнянскай школы: я, мой намеснік Таццяна Данусевіч і майстар лесу Яўген Данусевіч. Усе мы ў свой час наведвалі школьнае лясніцтва, заняткі ў якім зрабілі значны ўплыў на наш прафесійны выбар. Мы садзілі лес, збіралі смецце – згадзіцеся, куды лепш працаваць на свежым паветры, чым сядзець на ўроках. (Усміхаецца.) Ганаруся, што першае ў раёне дашкольнае лясніцтва стварылі менавіта на базе нашай школы.
Міхаіл Пяткевіч, дашкольнік:
– Сёння я стаў “экалёнкам”. Хто гэта такі? Сябар лесу!
ЛІЧБА
78 выпускнікоў школ раёна звязалі сваё жыццё з лясной гаспадаркай.
