Першае інтэрв’ю на новай пасадзе дырэктара ФК “Астравец” Вадзіма Лебядзевіча

Змяніўся дырэктар футбольнага клуба «Астравец». 15 верасня ім стаў добра вядомы аматарам спорту Вадзім Лебядзевіч. 


Гэтая падзея стала нагодай для размовы з Вадзімам Анатольевічам пра яго самога, клуб і гульню №1.

Біяграфічная даведка

Вадзім Лебядзевіч нарадзіўся 28 лютага 1984 года ў Астраўцы. Закончыў СШ №1 і факультэт фізічнай культуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Працаваў у розных арганізацыях і на розных пасадах, звязаных з фізкультурна-спартыўнай работай. У апошні час – у Астравецкім ФСК начальнікам аддзела фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы.

Уваходзіў у склад трэнерскага штаба ФК «Астравец».

Жанаты. Мае дваіх дарослых дзяцей.

– Вадзім Анатольевіч, думаю, не толькі ў мяне ваша асоба асацыіруецца са спортам. У Астраўцы ёсць прыказка: дзе фэст, там і я ёсць. У адносінах да вас яе можна перафразіраваць: дзе спаборніцтвы – там і Лебядзевіч. Адкуль у вас такая цяга да спорту ўвогуле і футбола ў прыватнасці?

– У дзяцінстве ў мяне было два любімыя заняткі: футбол і рыбалка. Старшакласнікамі бегалі ўслед за Іванам Бароўкам, Пятром Ромашам, яны калі-нікалі бралі нас у каманду – шчасцю не было межаў.

Хоць футбола ў Астраўцы тады практычна не было. Як казку слухаў расповеды Яўгена Яфімава пра тое, што некалі ў нас была каманда «Сатурн», якая ўдзельнічала ў спаборніцтвах і нават перамагала. У нас жа на той час не тое што стадыёна – футбольнага поля не было: на пляцоўцы, якая насіла гэтую гучную назву, праводзілі кірмашы. Неяк мы з дырэктарам ПМС Вадзімам Вянгроўскім, яшчэ адным вялікім аматарам футбола, катком выраўнялі поле, сяк-так падрамантавалі лавачкі на трыбунах. Набраліся нахабства і запрасілі на таварыскую гульню літоўскі «Лентварыс». Памятаю, госці прыехалі на двухпавярховым аўтобусе, у прафесійнай экіпіроўцы… А нашы хлопцы выйшлі на поле хто ў чым. Вядома ж, мы прайгралі. Але не з разгромным лікам, як маглі (і павінны былі!), а з даволі прыстойным – 2:1. Ад поўнага фіяска нас уратавала… поле ў купінах: літоўцы не маглі іграць на такім. А нам не прывыкаць! (Смяецца.)

Калі стаў працаваць у фізкультурна-спартыўным клубе, пачалі адраджаць футбол: арганізоўваць таварыскія сустрэчы, раённыя турніры – усё ж аматараў гэтай гульні у Астраўцы, як і ва ўсім свеце, нямала. У 2007 годзе нават увайшлі ў лік прызёраў абласнога чэмпіянату, хоць, па праўдзе кажучы, не павінны былі. У гульні за трэцяе месца сустракаліся з моцнай камандай з Карэліч. Мяч увесь час трымаўся на нашай палавіне поля, гулялі, што называецца, на адбой. Калі да канца матча заставалася хвілін пяць, варатар Валодзя Ташчан моцным ударам ад варот паслаў мяч у цэнтр поля, я яго падхапіў, абвёў траіх ігракоў і варатара: гол! Тая перамога і «бронзавыя» медалі дапамаглі нам паверыць у свае сілы і ў тое, што, магчыма, калі-небудзь і ў нас нешта такое будзе. 

– А потым да нас прыйшоў прафесійны футбол… Фантастычная перамога астравецкай каманды ў другой лізе, выхад у першую… 
У 2019 годзе з’явіўся футбольны клуб «Астравец», дырэктарам якога вас нядаўна прызначылі. Практычна з пачатку гэтага сезона вы працавалі ў трэнерскім штабе. Словам, не з вуліцы прыйшлі. Як ацэньваеце гульню каманды? 

– Першы круг чэмпіянату закончылі не вельмі ўдала: былі 15-мі з 18 каманд. Нельга сказаць, што гулялі дрэнна, прайгралі толькі тройчы. Але не складвалася… 

У другім крузе фартуна, падобна, аддае нам даўгі. Цяпер знаходзімся на дзясятым месцы ў турнірнай табліцы (размова ішла да матча з ФК «Маладзечна» – Н.Р.)

Як завершыцца сезон, думаю, ніхто не возьмецца спрагназаваць. Але камандзе па сілах выканаць пастаўленую на пачатку сезона задачу: увайсці ў топ-6.

– Новая пасада, новая адказнасць... Якія доўгатэрміновыя планы? Што лічыце асноўным?

– Галоўнае – каб футбольны клуб «Астравец» быў такім не па назве, а па сутнасці. Так, вядома, у нас няма прафесійных футбалістаў, якія маглі б гуляць на тым узроўні, якога патрабуе ўдзел у першай лізе. Але добра ўжо тое, што футбалісты, якія выступаюць за Астравец, цяпер і жывуць у нашым горадзе – дзякуй настойлівасці Сяргея Тадэвушавіча Мядз­вецкаса, падтрымцы БелАЭС, ЦРКБ, іншым арганізацым, якія дапамаглі ажыццявіць гэтую няпростую справу. Цяпер футбалісты ў нашым горадзе свае сярод сваіх: іх пазнаюць, з імі вітаюцца, у іх з’яўляюцца сябры і знаёмыя. Гэта дапамагае і камандзе, і балельшчыкам, а ўвогуле – гульні.

Але галоўным я лічу развіццё дзіцячага футбола. Раней жа і дзіцячыя каманды, якія абавязкова павінны быць пры футбольным клубе і прымаць удзел у спаборніцтвах у сваёй узроставай групе, былі астравецкімі толькі фармальна, насамрэч у іх гулялі мінчане. Цяпер жа ў нашай дзіцяча-юнацкай школе ФК «Астравец», якую ўзначальвае Мікіта Лаўрэцкі, займаецца 130 дзяцей рознага ўзросту. Радасна бачыць на вуліцах горада хлапчукоў у форме і пазнаваць у іх колішняга сябе… Вядома, адзінкі з іх стануць прафесіяналамі, але з’явіцца галоўнае, што было страчана ў апошнія дзесяцігоддзі, – культура футбола.

– Ну што ж, жадаю ажыццяўлення ўсіх планаў і выканання задач. І поспехаў – вам і камандзе!

– Дзякуй! А яшчэ хачу падзякаваць балельшчыкам за падтрымку і запрасіць усіх на стадыён. Паверце, а яшчэ лепш праверце: футбол – гэта крута!

Текст: Нина Рыбик