Першае інтэрв”ю на новай пасадзе: прафесія – следчы





1 студзеня 2012 года стаў знамянальным для новай структуры – Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь. Пра першыя дні работы і не толькі – у інтэрв’ю з начальнікам раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці Мар’яна Мечыслававіча Сінкевіча.


— Мар’ян Мечыслававіч, следства і дазнанне аб’ядналіся і адправіліся ў “самастойнае плаванне”, выйшлі з-пад апекі міліцыі і іншых ведамстваў. Што абумовіла такі паварот падзей?
— Органы папярэдняга расследавання ва ўсе часы павінны былі выконваць сваю функцыю – усебакова, поўна, аб’ектыўна і аператыўна расследаваць злачынствы. Аднак на практыцы часам атрымлівалася так, што следчыя ці дазнавальнікі, з’яўляючыся супрацоўнікамі міліцыі, прыцягваліся для выканання неўласцівых ім задач – да прыкладу, аховы грамадскага парадку. Безумоўна, ад гэтага цярпела якасць расследавання. Да таго ж следчы апарат па азначэнні павінен быць незалежным, каб забяспечваць законнасць у ходзе дасудовай крымінальнай вытворчасці і выключыць верагоднасць неабгрунтаванага прыцягнення грамадзян да крымінальнай адказнасці.
— А ведамаснай неразбярыхі не ўзнікне?
— Адназначна – не. Ужо першыя дні работы паказалі, што ўтварэнне нашага органа не пацягнула за сабой ніякай неразбярыхі. Усе заявы і паведамленні грамадзян вырашаюцца належным чынам, праводзіцца сумесная работа ў рамках крымінальных спраў, што знаходзяцца ў вытворчасці.
Пасля таго, як стала вядома аб утварэнні Следчага камітэта, мы з начальнікам РАУС Аляксандрам Іванавічам Шастайлам правялі службовую нараду, на якой абмеркавалі пытанні арганізацыі ўзаемадзеяння. Канструктыўна будзем будаваць работу і з іншымі праваахоўнымі органамі. Задача ж у нас, па сутнасці, агульная, — забяспечыць верхавенства закона ў нашым раёне.
— Які парадак звяртання ў ваш аддзел?
— Пакуль што мы знаходзімся там жа, дзе і раней – у будынку раённага аддзела міліцыі. Пагэтаму ў любы час сутак можна набраць нумар дзяжурнай часці РАУС –102 — і перадаць сваю заяву.
Што тычыцца асабістага прыёму, то запісацца на яго можна па тэлефоне 23-3-86. Мае прыёмныя дні — кожны другі аўторак і чацвер месяца з 8 да 14 гадзін, а майго намесніка Сяргея Генадзьевіча Кумішчы – кожная другая серада і пятніца ў той жа час.
— Раней нязгодныя з працэсуальнымі рашэннямі грамадзяне ішлі шукаць справядлівасць у пракуратуру. А цяпер?
— Наглядныя функцыі пракуратуры засталіся ранейшымі. Яшчэ адной інстанцыяй пошуку справядлівасці застаецца суд. Права самога чалавека вызначаць, куды падаваць скаргу. Але мы зацікаўлены ў тым, каб такіх фактаў было як мага менш. Для гэтага пытанні, якія ўваходзяць у нашу кампетэнцыю, будуць вырашацца выключна з пазіцыі закона.
— Як вы плануеце будаваць свае адносіны са сродкамі масавай інфармацыі?
— Інфармацыя, якая маецца ў следства, у адпаведнасці з законам адносіцца да абмежаванага доступу. Аднак гэта не азначае, што мы будзем адмяжоўвацца ад супрацоўніцтва. У прафілактычных і прапагандысцкіх мэтах маем намер інфармаваць і аб узбуджэнні ў раёне крымінальных спраў, і аб тых, якія пройдуць праз суд. Людзі павінны ведаць не толькі аб тым, чым мы займаемся, колькі аб тым, якая крымінагенная абстаноўка ў нашым рэгіёне, якія праблемы хвалююць ахоўнікаў правапарадку.
Сумесна з прадстаўніком абласнога ўпраўлення Следчага камітэта Сяргеем Шаршаневічам, ужо вядомым чытачам нашай газеты сваімі актуальнымі публікацыямі на многія тэмы, які зараз адказвае за пытанні арганізацыі работы з грамадскасцю і сродкамі масавай інфармацыі, плануем зрабіць пастаянным выпуск навін, якія будуць расказваць пра ўсе абазначаныя моманты.
— Аб чым вы б хацелі сказаць чытачам, упершыню паўстаўшы перад імі ў новай іпастасі?
— Найперш – выказаць упэўненасць у тым, што мае словы не разыдуцца са справамі. Следчы камітэт створаны перш за ўсё для ўзмацнення абароны правоў і інтарэсаў людзей. У такім ключы мы і будзем працаваць.
— Дзякуй за інтэрв’ю.Удачы вам і вашым падначаленым на новым службовым полі дзейнасці!


Гутарыў Уладзімір Сіверын.